Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумны юбілей. Хэльсынскія пагадненьні не перадухілілі вайну ў Эўропе


Хэльсынскія пагадненьні падпісваюць канцлер ФРГ Гэльмут Шміт, старшыня Дзяржаўнай Рады ГДР Эрых Гонэкэр, прэзыдэнт ЗША Джэральд Форд і аўстрыйскі канцлер Бруна Крайскі
Хэльсынскія пагадненьні падпісваюць канцлер ФРГ Гэльмут Шміт, старшыня Дзяржаўнай Рады ГДР Эрых Гонэкэр, прэзыдэнт ЗША Джэральд Форд і аўстрыйскі канцлер Бруна Крайскі

За 50 гадоў пасьля прыняцьця Хэльсынскіх пагадненьняў сьвет радыкальна памяняўся. АБСЭ сёньня выглядае як рудымэнт іншай гістарычнай эпохі, якая даўно адышла. Перад арганізацыяй стаіць цяжкая задача пошуку свайго месца ў міжнародным жыцьці, новай функцыі і палітычнай ідэнтычнасьці. Пакуль атрымліваецца дрэнна.

Сьцісла:

  • Хэльсынскія пагадненьні былі прынятыя ў пэрыяд існаваньня двухпалярнага сьвету, супрацьстаяньня двух вайскова-палітычных блёкаў на чале з СССР і ЗША. Цяпер сытуацыя моцна зьмянілася.
  • АБСЭ засяродзілася на гуманітарных пытаньнях. Бо для разьвязаньня праблемаў бясьпекі гэта арганізацыя дрэнна прыстасаваная.
  • Хэльсынскія пагадненьні не перадухілілі новую вайну ў Эўропе. АБСЭ не змагла спыніць напад Расеі на Ўкраіну.
  • Пэўны час таму Лукашэнка вылучыў ідэю перазапусьціць Хэльсынскі працэс і прапанаваў Менск на ролю Хэльсынкі-2. З гэтай ідэі нічога не атрымалася.

50 гадоў таму ў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі кіраўнікі 35 дзяржаваў падпісалі Заключны акт Нарады аб бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Дакумэнт увайшоў у гісторыю як Хэльсынскія пагадненьні. Той саміт 30 ліпеня — 1 жніўня 1975 году стаў гістарычнай падзеяй. Ён запачаткаваў стварэньне Нарады аб бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (НБСЭ).

Хэльсынскія пагадненьні былі прынятыя ў пэрыяд існаваньня двухпалярнага сьвету, супрацьстаяньня двух вайскова-палітычных блёкаў на чале з СССР і ЗША. Савецкі Саюз, акцэнтуючы ўвагу на пытаньнях бясьпекі ў эўрапейскім рэгіёне, імкнуўся з дапамогай Хэльсынскага працэсу замацаваць пасьляваенны лад, легітымізаваць сваё дамінаваньне ў Эўропе. У сваю чаргу Захад спрабаваў зьвязаць камуністычныя рэжымы абавязаньнямі ў сфэры правоў чалавека і такім чынам разьмякчыць, аслабіць іх знутры.

Генэральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў падпісвае дакумэнт ад імя СССР. Фінляндыя, Хэльсынкі, 1 жніўня 1975 году
Генэральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў падпісвае дакумэнт ад імя СССР. Фінляндыя, Хэльсынкі, 1 жніўня 1975 году

За час, які прайшоў з той падзеі, сьвет радыкальна памяняўся. Распаўся савецкі блёк. Гэтая арганізацыя цяпер выглядае як рудымэнт іншай гістарычнай эпохі, якая даўно адышла. Пасьля падпісаньня ў 1990 годзе парыскай Хартыі для новай Эўропы НБСЕ ператварылася ў Арганізацыю бясьпект і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ).

І перад ёю сёньня стаіць цяжкая задача пошуку свайго месца ў міжнародным жыцьці, новай функцыі і палітычнай ідэнтычнасьці. Пакуль атрымліваецца дрэнна.

АБСЭ — адзіная ў сьвеце міжнародная структура, якая прафэсійна займаецца назіраньнем за выбарчымі кампаніямі

АБСЭ засяродзілася на гуманітарных пытаньнях. Гэта адбылося натуральным, стыхійным шляхам, у працэсе пошуку шляхоў самавыжываньня. У выніку аказалася, што найважнейшым інстытутам гэтай арганізацыі стала БДІПЧ АБСЭ. Гэта адзіная ў сьвеце міжнародная структура, якая прафэсійна займаецца назіраньнем за выбарчымі кампаніямі. Паколькі менавіта постсавецкія дзяржавы мелі сур’ёзныя праблемы з дэмакратычнымі выбарамі, то непазьбежна ўзьнік канфлікт. У 2007 годзе Расея, Беларусь, Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан і Ўзбэкістан выступілі з ідэяй рэфармаваньня АБСЭ. Яна палягала ў тым, каб зрушыць акцэнт з праблемаў дэмакратыі і правоў чалавека на пытаньні бясьпекі, абмежаваць функцыі і працу Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Аднак для разьвязаньня праблемаў бясьпекі гэтая арганізацыя дрэнна прыстасаваная. Пра што, напрыклад, сьведчыць правал Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне, дакладней на Данбасе, да пачатку шырокамаштабнай вайны.

Калі глядзець шырэй, то можна канстатаваць, што Хэльсынскія пагадненьні не перадухілілі новую вайну ў Эўропе. АБСЭ не змагла спыніць напад Расеі на Ўкраіну. Таму юбілей атрымоўваецца сумны.

У 2017 годзе, у пэрыяд пацяпленьня адносін паміж Беларусьсю і Захадам, у Менску была праведзеная сэсія Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Выступаючы на ёй, Аляксандар Лукашэнка вылучыў ідэю перазапусьціць Хэльсынскі працэс, які паставіў бы тлустую кропку ў скончанай халоднай вайне і перадвызначыў мірнае ўрэгуляваньне канфліктаў на эўрапейскім кантынэнце. Ён прапанаваў у 2020 годзе правесьці нараду на пляцоўцы АБСЭ, а потым саміт. І ключавая тэза ягонага выступу, у якой і быў закладзены ўвесь сэнс гэтай ідэі, гучала так: мы гатовыя стаць стартавай пляцоўкай для пачатку гэтага працэсу. То бок Менск прэтэндаваў на ролю Хэльсынкі-2.

Менск прэтэндаваў на статус Хэльсынкі 2

Зразумела, што з гэтай ідэі нічога не атрымалася. І ня толькі таму, што ў 2020 годзе сьвет накрыў ковід, а потым у Беларусі здарылася «недарэвалюцыя». І ўвогуле Менск — ня самае ўдалае месца для перазапуску Хэльсынскага працэсу з розных прычынаў.

Галоўная праблема ў тым, што нельга двойчы ўвайсьці ў адну гістарычную раку. Сёньня АБСЭ, у якую цяпер уваходзяць 57 краін, — гэта пляцоўка для абмеркаваньняў. Прычым у асноўным для парлямэнтароў. Але такіх пляцовак у сьвеце сёньня шмат, недахопу ў іх няма. Гэта G7, G20, BRICS, ня кажучы ўжо пра ААН, Усясьветную гандлёвую арганізацыю, рэгіянальныя структуры тыпу ШАС, NATO і інш. На гэтым фоне АБСЭ выглядае занадта блякла. У яе няма мэханізмаў уплыву на ўсясьветныя працэсы. Рашэньні ў АБСЭ прымаюцца аднагалосна, карыстаючыся гэтым, Расея і яе саюзьнікі блякуюць многія пастановы і рэзалюцыі арганізацыі. У выніку ў АБСЭ няма новага бюджэту з 2021 году.

У зьвязку зь юбілеем Фінляндыя, якая ў 2025 годзе старшынюе ў АБСЭ, арганізуе ў Хэльсынкі міжнародную канфэрэнцыю. На падзею запрошаныя больш за тысячу ўдзельнікаў, якія пераважна прадстаўляюць грамадзкія арганізацыі. Шмат краінаў прадстаўленыя міністрамі.

Расейскі МЗС заявіў, што імпрэза для Расеі «варожая». Тым ня менш Расея ўдзельнічае ў канфэрэнцыі, яна накіравала туды двух прадстаўнікоў ураду.

Беларусь прадстаўленая на форуме трыма афіцыйнымі ўдзельнікамі ад ураду. Акрамя афіцыйнай дэлегацыі, у форуме ўдзельнічаюць і грамадзкія арганізацыі: Беларускі Хэльсынскі камітэт, праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG