Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў трохгадзіннае інтэрвію аднаму з самых папулярных амэрыканскіх блогераў Лексу Фрыдману, зрабіўшы падчас яго шэраг крытычных заяў на адрас заходніх краін, якія аказваюць дапамогу Ўкраіне ў адбіцьці расейскай агрэсіі.
У прыватнасьці, Зяленскі скрытыкаваў найбуйнейшыя сусьветныя дзяржавы — ЗША і Вялікую Брытанію, якія ў 1994 годзе падпісалі пры ўдзеле Расеі Будапэшцкі мэмарандум, выступіўшы гарантамі тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Літаральна ён абвінаваціў іх у тым, што Ўкраіна ім была «пох**ру (абыякава)».
«Гэта цяпер мы разумеем, што гэта ніякія не гарантыі бясьпекі, — сказаў Зяленскі. — Трэба было б знайсьці ўсіх гэтых людзей, хто гэта прыдумаў, і проста пасадзіць у турму. Пасьля таго як была акупаваная частка Данбасу і Крым, Украіна тройчы адпраўляла афіцыйныя лісты ўсім гарантам бясьпекі, усім чальцам Будапэшцкага мэмарандуму. Хтосьці адказаў на гэтыя лісты? Не».
Гаворачы пра сёньняшні дзень, Зяленскі заявіў, што цяпер Украіне для спыненьня вайны патрэбныя «гарантыі бясьпекі ня толькі на паперы», і палягаць яны павінны ў рэальным ваенным стрымліваньні Расеі.
Украінскі прэзыдэнт расказаў, што размаўляў пра Будапэшцкі мэмарандум зь нядаўна абраным кіраўніком ЗША Дональдам Трампам. «Мы яшчэ ня скончылі гэтую размову, мы яе працягнем», — запэўніў Зяленскі, дадаўшы, што, на яго думку, «Пуцін баіцца Трампа» і што мэта расійскага кіраўніцтва цяпер — пасварыць яго з амэрыканскім прэзыдэнтам, каб «скончыць акупацыю» ўкраінскай тэрыторыі.
Па словах Зяленскага, пасьля таго як Трамп заступіць на пасаду, ён гатовы адразу ж пачаць зь ім абмеркаваньне шляхоў дасягненьня міру.
«Я думаю, 25 студзеня ці ў іншы дзень мы сядаем перш за ўсё з Трампам. Мы дамаўляемся, як мы можам спыніць вайну і Пуціна», — сказаў Зяленскі, падкрэсьліўшы, што «калі Трамп прапануе моцныя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, то пасьля гэтага можа быць размова з расейцамі».
Зяленскі скрытыкаваў і адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які сыходзіць з пасады, заявіўшы, што на момант уварваньня расейскіх войскаў яна фактычна ня дала Ўкраіне неабходнай вайсковай дапамогі.
Украінскі лідэр сказаў літаральна наступнае:
«Мы не атрымлівалі дапамогі. Але калі мы будзем лічыць, што словы — гэта дапамога, то тады мы атрымлівалі яе вельмі шмат. Таму што слоў было занадта, нават больш чым занадта».
У прыватнасьці, Зяленскі лічыць, што санкцыі супраць Расеі павінны былі быць уведзеныя прэвэнтыўна, на фоне яе падрыхтоўкі да ўварваньня ва Ўкраіну, а ня ўжо пасьля яго.
- Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі складаецца з трох ідэнтычных палітычных пагадненьняў, падпісаных на канфэрэнцыі АБСЭ ў Будапэшце (Вугоршчына) 5 сьнежня 1994 году. Беларусь, Казахстан, Украіна далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. А Расея, ЗША і Вялікая Брытанія гарантавалі, што будуць устрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці гэтых краін, а таксама не прымяняць эканамічнага прымусу, паважаць іх незалежнасьць і сувэрэнітэт у існых межах. Яны абяцалі, што абавязваюцца ніколі не выкарыстоўваць зброі супраць гэтых краін, за выключэньнем выпадкаў самаабароны або іншых выпадкаў у адпаведнасьці са Статутам ААН.
- Усе тры адпаведныя пагадненьні падпісалі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Джон Мэйджар і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын (памёр у 2007 годзе). Ад кожнай з трох краінаў, якім даваліся гарантыі, пагадненьні падпісалі іх прэзыдэнты: ад Беларусі — Аляксандар Лукашэнка, ад Украіны — Леанід Краўчук (памёр у 2022 годзе), ад Казахстану — Нурсултан Назарбаеў.
- У 2013 годзе беларускі ўрад паскардзіўся, што амэрыканскія санкцыі супраць яго парушаюць артыкул 3 Будапэшцкага мэмарандуму. Амбасада ЗША адказала: «Нягледзячы на тое, што Мэмарандум не зьяўляецца юрыдычна абавязковым, мы сур’ёзна ставімся да гэтых палітычных абавязаньняў і ня лічым, што любыя санкцыі ЗША, уведзеныя з прычыны праблем з правамі чалавека або нераспаўсюджваньня, несумяшчальныя з нашымі абавязаньнямі перад Беларусьсю ў рамках Мэмарандуму або падрываюць іх».
Форум