Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамовіцца з дыктатарам. Якія аргумэнты здольныя ўтаймаваць Пуціна і Лукашэнку


Дональд Туск і Ўладзімір Пуцін на тле фота палітыкаў ХХ стагодзьдзя. Каляж
Дональд Туск і Ўладзімір Пуцін на тле фота палітыкаў ХХ стагодзьдзя. Каляж

Пра што варта памятаць, падпісваючы дамовы з дыктатарскімі рэжымамі? Галоўнае — ніколі нельга быць упэўненымі, што дыктатар зьбіраецца выконваць тое, пад чым ставіць свой подпіс.

Сьцісла:

  • Любая дамова з пуцінскай Расеяй мала што гарантуе. Добра дамаўляцца з прыстойнымі сумленнымі палітыкамі, якія не дапускаюць, што падпісаную дамову ў любы момант можна парушыць — у залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры і ўласных прыхамацяў.
  • У выпадку з дыктатарскімі рэжымамі любая дамова аб бясьпецы гарантавана дзейнічае толькі тады, калі яе выкананьне забясьпечана ўзброенымі дывізіямі.
  • У польскіх элітах сёньня адкрыта гавораць, што краіна жыве ў «перадваенны час» і што пачатак вайны з Расеяй зусім магчымы ў тры наступныя гады.
  • Вялізныя рэсурсы, якія можна было патраціць на сацыяльныя праграмы, пойдуць на падрыхтоўку да вайны. Жыцьцё людзей ад гэтага ня стане лепшым ні на адным, ні на другім беразе Буга. Але гэта ўсё ж лепш, чым тое, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне.

Учора Масква абавязвалася паважаць незалежнасьць суседняй дзяржавы, а сёньня цалкам ігнаруе гэту дамову і распачынае агрэсію. І да каго апэляваць? Пісьмовыя гарантыі дыктатара ў выглядзе пагадненьняў, абавязаньняў і дамоўленасьцяў мала чаго вартыя: гісторыя гэта ня раз засьведчыла. Цяпер, калі існуюць вялікія спадзяваньні на тое, што Пуцін вось-вось пагодзіцца спыніць вайну, сесьці за стол перамоваў, а ў пэрспэктыве падпіша мірную дамову і абавяжацца болей ні на кога не нападаць, гэта асабліва варта мець на ўвазе.

Час, калі ўсе падманвалі ўсіх

Уражвае падабенства сёньняшняй грамадзкай атмасфэры ў Эўропе з тымі настроямі, якія панавалі сярод эўрапейцаў 90 гадоў таму. Ваяваць у 1930-я гады ніхто не хацеў. Эўропа толькі-толькі акрыяла ад наступстваў Першай сусьветнай вайны, загаіла раны. Пакрысе рос жыцьцёвы ўзровень, наладжваўся побыт. Людзі імкнуліся да спакойнага камфортнага жыцьця, існавала вялікае грамадзкае запатрабаваньне на мір. Але найбольш дальнабачныя палітыкі ўжо на пачатку 30-х бачылі трывожныя сполахі новай магчымай вайны на даляглядзе: у Італіі, а пазьней у Нямеччыне ўбіраўся ў сілу фашызм. А на ўсходзе імкліва мілітарызаваўся і рыхтаваўся да новай вайны сталінскі СССР.

Лідэр італьянскіх фашыстаў Бэніта Мусаліні і канцлер нацыстоўскае Нямеччыны Адольф Гітлер, Мілян, 1934
Лідэр італьянскіх фашыстаў Бэніта Мусаліні і канцлер нацыстоўскае Нямеччыны Адольф Гітлер, Мілян, 1934

Краіны, якія патэнцыйна маглі стаць ахвярамі агрэсіі, у той час моцна разьлічвалі на тое, што з агрэсіўнымі суседзямі можна нейкім чынам дамовіцца: падпісаць адпаведныя пагадненьні, у якіх кожны з бакоў узяў бы на сябе абавязаньне ні пры якіх абставінах не распачынаць вайну.

Савецкі дыктатар Ёсіф Сталін і маршал Клімент Варашылаў. 1935
Савецкі дыктатар Ёсіф Сталін і маршал Клімент Варашылаў. 1935

Вельмі адметны ў гэтым сэнсе прыклад тагачаснай Польшчы. Краіна, якая толькі-толькі аднавіла незалежнасьць, апынулася заціснутай паміж двума таталітарнымі суседзямі, гістарычна зусім не дружалюбнымі. На пачатку 30-х гадоў Варшава паспрабавала дамовіцца і з Масквой, і з Бэрлінам пра мірнае суіснаваньне. І нібыта пасьпяхова. 25 ліпеня 1932 году ў Маскве была падпісана савецка-польская Дамова аб ненападзеньні. Бакі абавязаліся ўзаемна паважаць сувэрэнітэт, дзяржаўныя межы і тэрытарыяльную цэласнасьць. Дамова павінна была дзейнічаць да 31 сьнежня 1945 году.

Юзэф Пілсудзкі з паплечнікамі ў Варшаве падчас дзяржаўнага перавароту 1926 году
Юзэф Пілсудзкі з паплечнікамі ў Варшаве падчас дзяржаўнага перавароту 1926 году

Праз паўтара года, 26 студзеня 1934-га, падобная ж дамова — Дэклярацыя аб неўжываньні сілы — была падпісаная паміж Польшчай і Нямеччынай.

У Варшаве вельмі спадзяваліся на гэтыя дамовы, лічылі іх сваім дыпляматычным посьпехам, гарантыямі ўласнай бясьпекі. І імкнуліся сумленна выконваць іх. Калі на пачатку 1935 году Герман Герынг у Варшаве прапанаваў Юзэфу Пілсудзкаму ваенную супрацу супраць СССР, польскі маршал катэгарычна адмовіў. Як запісаў Герынг у сваіх нататках, Пілсудзкі сказаў:

«У Польшчы тысячакілямэтровая мяжа з Расеяй, і мы хочам міру».

З другога боку, Варшава не пагадзілася і на прапанову Масквы далучыцца да так званага Ўсходняга пакту, які прадугледжваў дапамогу Варшаве з боку СССР у выпадку нападу Нямеччыны. Сярод польскіх палітыкаў быў вялікі спадзеў на гэтыя двухбаковыя дамовы з двума дыктатарамі, на тое, што, сумленна выконваючы дамоўленасьці, можна застацца ў бясьпецы. Што адметна, на той момант у Варшавы ўжо былі дамовы аб вайсковай узаемадапамозе з Парыжам і Лёнданам. Але ніякай пэўнасьці ў тым, што француская ці брытанская арміі тут жа ўступяць у вайну ў выпадку нападу на Польшчу з усходу ці з захаду, у польскіх эліт не было ўжо ў сярэдзіне 30-х.

«Добра б мы выглядалі... калі б ня мелі цяпер польска-нямецкай дэклярацыі аб ненападзе. У лёнданскіх перамовах нас прадалі б за 2 фунты і 13 шылінгаў», — сказаў сваім супрацоўнікам міністар замежных спраў РП Бек у лютым 1935 году, пасьля чарговага франка-брытанскага абмеркаваньня палітыкі ў дачыненьні да Гітлера.

Сапраўдная цана гэтых ілюзій стала відавочнай у верасьні 1939-га. Ні Бэрлін, ні Масква ніякія дамовы ад ненападзеньні на Польшчу не зьбіраліся выконваць.

Вячаслаў Молатаў і Ёахім фон Рыбэнтроп у Маскве,
Вячаслаў Молатаў і Ёахім фон Рыбэнтроп у Маскве,

На той час паміж сабой яны ўжо падпісалі іншы Пакт аб ненападзе ад 23 жніўня 1939 году, у адпаведнасьці з сакрэтнымі пратаколамі да якога дамовіліся падзяліць паміж сабой Эўропу. Пад нож пайшлі і Польшча, і краіны Балтыі, і Румынія, і Фінляндыя... Зрэшты, і той пакт (Молатава — Рыбэнтропа), як выявілася 22 чэрвеня 1941 году, ніякага ненападу Сталіну не гарантаваў. Савецкая прапаганда пасьля гэтага ўсяляк наракала на «вераломства» Гітлера, хоць у рэальнасьці дыктатары былі вартыя адзін аднаго. З многімі іншымі краінамі на кантынэнце яны абыходзіліся дакладна гэтак жа — ігнаруючы і ранейшыя дамоўленасьці, і маральныя нормы. Для прыкладу, падобныя ж дамовы аб ненападзе сталінскі СССР падпісаў у 1932 годзе з Эстоніяй і Латвіяй. У 1939-м Рыга і Талін дамовіліся «аб ненападзе» з Бэрлінам. На практыцы гэта нічога ім не гарантавала і нічым не дапамагло.

Запаветы Аль Капонэ

Да 2014 году Ўкраіна нібыта была надзейна абароненая ад вонкавай агрэсіі мноствам міжнародных і двухбаковых дамоваў. Дзейнічала падпісаная з Расеяй дамова 1997 году аб дружбе і супрацоўніцтве, якая замацоўвала непарушнасьць межаў. Фармальныя гарантыі бясьпекі з боку буйных дзяржаў даваў Кіеву Будапэшцкі мэмарандум 1994 году, пад якім у свой час паставіў подпіс Барыс Ельцын. Працягвалі дзейнічаць Хэльсынскія пагадненьні 1975 году аб непарушнасьці пасьляваенных межаў... У рэальнасьці, аднак, выявілася, што любая дамова з пуцінскай Расеяй мала што гарантуе. Добра дамаўляцца з прыстойнымі сумленнымі палітыкамі, якія не дапускаюць, што падпісаную дамову ў любы момант можна парушыць — у залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры і ўласных прыхамацяў.

Марка, выпушчаная Укрпоштай у студзені 2025 года. Гэтаму папярэднічала інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, у якім ён зрабіў крытычную заяву аб Будапэшцкім мэмарандуме
Марка, выпушчаная Укрпоштай у студзені 2025 года. Гэтаму папярэднічала інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, у якім ён зрабіў крытычную заяву аб Будапэшцкім мэмарандуме

У выпадку з дыктатарскімі рэжымамі любая дамова аб бясьпецы гарантавана дзейнічае толькі тады, калі яе выкананьне забясьпечана ўзброенымі армейскімі дывізіямі. Як казаў у свой час славуты амэрыканскі гангстэр пачатку мінулага стагодзьдзя Аль Капонэ, «з дапамогай добрага слова і пісталета вы можаце дамагчыся значна больш, чым адным толькі добрым словам». У асяродзьдзі дыктатараў дзейнічаюць падобныя правілы. Добрай дамовай і магутнай арміяй можна дамагчыся куды больш, чым адной толькі добрай дамовай.

Трэцяя армія NATO

Яшчэ ня так даўно, 15-20 гадоў таму, сакрэтныя пляны Польшчы на выпадак расейскай агрэсіі прадугледжвалі, што польская армія на працягу першых 10-14 дзён уварваньня павінна ўтрымаць абарону на лініі Віслы. А там, маўляў, прыйдуць на дапамогу асноўныя сілы саюзьнікаў. Сёньня пра такія пляны і разьлікі на кагосьці іншага ніхто ў Польшчы ўсур’ёз не гаворыць. І прапускаць ворага на сваю тэрыторыю аж да Віслы палякі не зьбіраюцца.

Вайскоўцы 16-й дывізіі Ўзброеных сіл Польшчы, якая будзе ахоўваць мяжу зь Беларусьсю. 26 лютага 2025.
Вайскоўцы 16-й дывізіі Ўзброеных сіл Польшчы, якая будзе ахоўваць мяжу зь Беларусьсю. 26 лютага 2025.

Польшча ўзбройваецца. Яна стала лідэрам сярод краін NATO ў выдатках на абарону ў працэнтах ад ВУП (паказьнік дасягнуў 5% у той час, як у большасьці эўрапейскіх краін не дасягнуў і 2%). Колькасна польская армія налічвае цяпер 216 тысяч чалавек. Але ў найбліжэйшых плянах — давесьці яе да 300 тысяч зь мільённай рэзэрвай. Наколькі значная гэта лічба? Параўнальна невялікая, калі мець на ўвазе, што ўзброеныя сілы Ўкраіны — прыблізна 800 тысяч чалавек, а армія Расеі — каля 1,5 мільёна. Але варта мець на ўвазе: яна ўжо цяпер — трэцяя памерам армія ў NATO, пасьля ЗША і Турэччыны.

У Эўропе супастаўнымі з польскімі сіламі валодаюць Францыя (206 тысяч вайскоўцаў), Нямеччына (186 тысяч), Італія (171 тысяча) і Вялікая Брытанія (138 тысячы). У сьпіс краін, чые войскі налічваюць больш за 100 тысяч чалавек, таксама ўваходзяць Гішпанія (117 тысяч) і Грэцыя (110 тысяч). Усяго арміі 32 краін NATO налічваюць 3 мільёны 418 тысяч салдатаў, без уліку ЗША. Папраўдзе, сытуацыя зусім не такая драматычная, як у 30-я. Калі б эўрапейскія краіны стварылі адзіную аб’яднаную армію з агульным камандаваньнем, безь неабходнасьці ўзгадняць кожны крок з усімі трыма дзясяткамі сталіц, у дыктатараў не было б ніякіх шанцаў. Сукупна арміі краін NATO ўжо сёньня значна перасягаюць пуцінскую армію — і колькасна, і тым больш тэхнічна і тэхналягічна. Але як у рэальнасьці выглядалі б іх сумесныя дзеяньні, калі ўявіць, што Расея ўжо заўтра ўварвалася б у адну з краін Балтыі ці ў Польшчу — пытаньне цьмянае. Асабліва з улікам некаторых абставінаў апошняга часу.

Як вядома, Пуцін на працягу апошніх гадоў ня раз паўтараў, што «ня мае інтарэсаў ва Ўсходняй Эўропе» і што лічыць вар’яцтвам пляны ўварваньня ў якую-небудзь краіну NATO. Але ці верыць яму хто-небудзь?

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск перад самітам NATO ў Варшаве, Польшча, 8 ліпеня 2024
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск перад самітам NATO ў Варшаве, Польшча, 8 ліпеня 2024

Кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск адкрыта гавораць, што краіна жыве ў «самы крытычны момант з часу заканчэньня Другой сусьветнай вайны» і што пачатак вайны з Расеяй зусім магчымы на гарызонце трох наступных гадоў. Ніхто ў польскіх элітах не заклікае дамаўляцца з Пуціным ці прасіць у яго гарантый. Адзіны рэальны спосаб засьцерагчыся ад расейскай агрэсіі — стварыць такую армію, зь якой Пуцін пабаяўся б мець справу. Былы начальнік Генштаба польскай арміі Раймунд Анджэйчак так гаворыць пра настроі ў польскім генэралітэце:

«Я прыхільнік такога падыходу: мы будзем вас вельмі доўга і ветліва прасіць, каб вы нас не чапалі, мы будзем весьці ўсялякія перамовы, нават на адно калена апусьцімся, каб не дайшло да трагедыі. Але калі вы нас зачэпіце, мы спалім вас мінімум на 300 кілямэтраў углыб вашай тэрыторыі».

Польскія генэралы пільна прыглядаюцца да досьведу вайны ва Ўкраіне. У агульных рысах зроблена выснова, што найбольш значную ролю ў цяперашняй вайне выконваюць ракетныя войскі, артылерыя і баявыя дроны. Ставіцца задача: калі Расея наважыцца на агрэсію супраць Польшчы, артылерыйскі і ракетны ўдар у адказ павінен быць такім магутным, каб зьнішчыць усю расейскую і беларускую лягістыку ў Калінінградзкай вобласьці РФ і Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях Беларусі і такім чынам зрабіць немагчымым прасоўваньне бранятэхнікі. А наступ пяхоты павінны спыніць сотні тысяч баявых бесьпілётнікаў.

Вэтэраны «халоднай вайны»

Чым лепш падрыхтуесься да вайны, тым болей шанцаў, што яе ня будзе. Беларуская і расейская прапаганда, агучваючы страхі і раздражненьне сваіх гаспадароў, ужо цяпер енчыць: натаўскія танкі бразгаюць гусеніцамі пад Горадняй і Берасьцем; новыя польскія дывізіі разгортваюцца па ўсім пэрымэтры беларуска-польскай і расейска-польскай межаў; уся памежная паласа ператвараецца ў адзін умацаваны раён. Прапагандзе далёка не заўсёды варта верыць, але ў гэтым выпадку, па сутнасьці, усё так. І ўсё гэта ў блізкім часе будзе толькі нарастаць і пашырацца.

Самалёты F-35 ВПС ЗША і F-16 ВПС Польшчы ўдзельнічаюць у ваенным парадзе ў Варшаве ў Дзень Узброеных Сіл, які штогод адзначаецца 15 жніўня ў гонар перамогі Польшчы над Чырвонай Арміяй Савецкага Саюза ў 1920 годзе
Самалёты F-35 ВПС ЗША і F-16 ВПС Польшчы ўдзельнічаюць у ваенным парадзе ў Варшаве ў Дзень Узброеных Сіл, які штогод адзначаецца 15 жніўня ў гонар перамогі Польшчы над Чырвонай Арміяй Савецкага Саюза ў 1920 годзе

Натуральна, з другога боку мяжы будзе адбывацца нешта падобнае. Пачынаецца зацятае спаборніцтва: у каго болей рэсурсаў, лепшыя тэхналёгіі, мацнейшая палітычная воля. Вялізныя грошы, якія можна было патраціць на сацыяльныя праграмы, пойдуць на падрыхтоўку да вайны. Жыцьцё людзей ад гэтага ня стане лепшым ні на адным, ні на другім беразе Буга. Але гэта ўсё ж лепш, чым тое, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне. А чым скончыцца гэтая гонка, хто ў ёй выйдзе пераможцам, а хто надарвецца ад непасільнага цяжару вайсковых выдаткаў?.. Тыя, хто памятаюць позьні Савецкі Саюз, могуць паразважаць пра гэта зь веданьнем справы. Пуцін і Лукашэнка — якраз зь ліку такіх вэтэранаў «халоднай вайны». Але, здаецца, да гэтага часу вераць у тое, што яны спрытнейшыя і хітрэйшыя, чым іхныя савецкія папярэднікі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG