Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубіё: Трамп губляе цярпеньне ў дачыненьні да Пуціна


Дональд Трамп, Уладзімер Пуцін, каляж
Дональд Трамп, Уладзімер Пуцін, каляж

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп губляе цярпеньне ў адносінах да Расеі і лічыць, што Ўладзімер Пуцін наўмысна зацягвае перамовы аб міры ва Ўкраіне, — заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу Fox News у суботу, 26 ліпеня, перадае DW.

«Думаю, ён усё больш раздражняецца, што, нягледзячы на вельмі добрае ўзаемадзеяньне з Уладзімерам Пуціным і тэлефонныя званкі, гэта ніколі ні да чаго не прыводзіць. Таму прыйшоў час дзейнічаць, і, думаю, прэзыдэнт даў цалкам ясна зразумець: ён губляе цярпеньне. Ён губляе жаданьне далей чакаць, пакуль расейскі бок распачне якія-небудзь дзеяньні, каб пакласьці канец гэтай вайне», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Паводле яго слоў, Трамп лічыць, што Пуцін вёў зь ім перамовы толькі для зацягваньня часу:

«Большая частка гэтага ўзаемадзеяньня насамрэч была накіравана на тое, каб выйграць час і выкарыстаць тактыку зацягваньня часу».

Прэзыдэнт ЗША «не зьбіраецца трапляць у гэту пастку», — падкрэсьліў Рубіа.

«Перш за ўсё, усе павінны быць вельмі шчасьлівыя, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сканцэнтраваны на міры. Няма нічога, чаго ён жадаў бы так, як быць часткай мірных пагадненьняў, спыняць войны, прадухіляць войны. Гэта не яго вайна, ён не пачынаў гэту вайну, ён успадкаваў яе. І ён зрабіў усё магчымае, каб пакласьці ёй канец», — дадаў дзяржсакратар ЗША.

14 ліпеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ заявіў, што плянуе паставіць Украіне зброю на «мільярды даляраў», якую закупіць NATO. Сярод вайсковай тэхнікі, якую плянуецца паставіць Украіне, ён назваў сыстэмы СПА Patriot.

Адначасова Трамп адзначыў, што «незадаволены» палітыкай Расеі, якая апошнім часам узмацняе паветраныя напады на Ўкраіну. Ён заявіў, што ЗША плянуюць увесьці 100-працэнтныя другасныя тарыфы, калі мірнае пагадненьне ня будзе дасягнутае цягам 50 дзён.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG