«Гэтая арганізацыя стваралася як мадэль беларускай салідарнасьці ў дзейнасьці. У якой публічная асоба фонду рэпрэзэнтуе яе і кіруе ў складзе дырэктарата, але ж зьнікненьне гэтай асобы не зьнішчае структуру. Без мяне BYSOL жыве, працуе і спраўляецца з усімі выклікамі», — піша Андрэй Стрыжак.
Як падкрэсьліў Андрэй, «як абсалютна справядліва кажуць камэнтатары, не Стрыжак асабіста эвакуіруе людзей і робіць зборы. І гэта вельмі добра, што мая фігура ў гэтай структуры важная, але ж яе адхіленьне не крытычнае для структуры. Так было задумана ад пачатку і, на шчасьце, мы ўсёй камандай змаглі адбудаваць такую структуру».
Паводле Стрыжака, BYSOL — структура самадастатковая і кіруецца яе ўдзельнікамі і ўдзельніцамі, што самі вырашаюць як і што будуць рабіць далей, ува ўмовах рэпутацыйнага крызіса, зьвязанага зь ім.
«Гэта моцная і працаздольная каманда, што нясе на сябе вялізарны цяжар дапамогі людзям. Структура годна дае рады, а мая асабістая рэпутацыя ня роўная рэпутацыі BYSOL. Структура па-ранейшаму застаецца буйнейшай арганізацыяй падтрымкі рэпрэсаваных, з празрыстай фінансавай справаздачнасьцю, пасьпяхова праходзіць усе неабходныя праверкі, атрымлівае высокую адзнаку ад партнэраў і знаходзіць рэсурсы. У першую чаргу — рэсурс вашага даверу для агульнай справы», — напісаў Андрэй Стрыжак.
- Кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў (паводле вікіпэдыі дыкпік — гэта разнавіднасьць так званага сэкстынгу, фатаграфія мужчынскага члена, якую адпраўляюць файлам на мабільны тэлефон ці асабістым паведамленьнем у сацсетках).
Свабода атрымала пацьверджаньні ад дзьвюх жанчынаў, што яны таксама атрымлівалі дыкпікі ад кіраўніка фонду BySol. Стрыжак прызнаў, што інцыдэнты мелі месца ў сваім допісе ў Фэйсбуку.
23 ліпеня Андрэя Стрыжака часова адхілілі ад пасады кіраўніка фонду BySol. Фонд выступіў з заявай, у якой адзначыў, што 22 ліпеня пачаў унутранае расьсьледаваньне. Па выніках разьбіральніцтва ў фондзе вырашаць, ці мэтазгодна працягваць супрацу з Андрэем Стрыжаком. - 24 ліпеня Андрэй Стрыжак распавёў у сацсетках пра сваю праблему з сэксуальнай залежнасьцю і абяцаў зьвярнуцца да спэцыялістаў
Форум