Пра гэта ўсё гаворылі ў жывым эфіры «ПіКа Свабоды» з мэдыяэкспэрткай, дасьледчыцай прапаганды Ірынай Сідорскай. У нашым эфіры таксама прагучаць меркаваньні сябра асацыяцыі сваякоў палітвязьняў і Каардынацыйнай Рады Сьвятланы Мацкевіч, блогера і сябра Каардынацыйнай Рады Аляксандра Кныровіча, сузаснавальніцы ініцыятывы «Партызанка», юрысткі Ганны Маціеўскай і прадстаўніцы міжнароднай каманды офісу Ціханоўскай Стасі Глінік.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
«Мы зараз робім тое самае, супраць чаго так актыўна змагаліся ў 20-м годзе»
Ірына Сідорская: Гэта сумная сытуацыя, і яна не ідзе для карысьць нашага дэмакратычнага руху, нашых ідэй па пабудаваньню новай дэмакратычнай, вольнай ад гвалту Беларусі. Як бы адбываецца, што мы зараз робім тое самае, супраць чаго мы так актыўна змагаліся ў 20-м годзе. Менавіта супраць гвалту. Так, гэта іншы від гвалту, але гэта таксама гвалт. Гэта разнавіднасьць менавіта сэксуалізаванага гвалту. І калі мы, напрыклад, крытыкавалі таго ж самага Сяргея Гайдукевіча, які быў замешаны ў чымсьці падобным, то вось мы маем, на жаль, і сытуацыю з прадстаўніком дэмсілаў і з вельмі яркім прадстаўніком дэмсілаў, менавіта з праваабаронцам, з чалавекам, які займаецца такой важнай, грамадзка карыснай справай. Між іншым для шмат каго праца яго арганізацыі — гэта перш за ўсё праца самога спадара Стрыжака, і ён твар гэтай арганізацыі. І гэта не ідзе на карысьць наогул арганізацыі і дэмакратычнаму руху, гэта паказвае, што мы не свабодныя, ня вольныя ад тых самых мадэляў паводзінаў, тых самых звычак, тых самых стэрэатыпа, ў супраць якіх мы так рашуча выступілі ў 20 годзе.
«Падача ў адстаўку ў той жа дзень і спроба выратаваць рэпутацыю фонду як арганізацыі, аддзяліўшы яе ад сваёй асабістай рэпутацыі»
Аляксандар Кныровіч: Мы маем справу, як мінімум, з неэтычнымі паводзінамі, з эмацыйным гвалтам — тое, пра што гавораць дзяўчаты, якія атрымлівалі гэтыя паведамленьні, і што, безумоўна, патрабуе асуджэньня. І адзіны спосаб разабрацца з такімі кейсамі — гэта тое, што прадэманстраваў кіраўнік IT-кампаніі, які апынуўся ў значна больш лёгкай сытуацыі, калі яго зьнялі на канцэрце Coldplay з каханкай. Яго этычная рэакцыя: ён у той жа дзень падаў у адстаўку. І ў нашым выпадку можна было б чакаць ад кіраўніка фонду, ад кіраўніка такой вялікай арганізацыі, дзеля захаваньня іміджу фонду, дзеля захаваньня магчымасьці працягваць працу — такіх жа дзеяньняў. То бок — падача ў адстаўку ў той жа дзень і спроба выратаваць рэпутацыю самога фонду як арганізацыі, аддзяліўшы яе ад сваёй асабістай рэпутацыі. І тое, што мы не бачым такіх дзеяньняў, вельмі дрэнна гаворыць пра нас саміх. Калі я кажу «нас», я не аддзяляю сябе ад Андрэя Стрыжака і ўсіх іншых з пункту гледжання грамадзянскай супольнасьці. Бо, ведаеце, памыліўся ён, але беларусы, якія назіраюць за ўсім гэтым збоку, ня будуць адрозьніваць Стрыжака ад Кныровіча, Ціханоўскага, Ціханоўскай ці Вячоркі з Латушкам. Яны будуць глядзець на гэта як на цэласную карціну і казаць: «Глядзіце, што ў вас там робіцца». Таму мяне зьдзіўляе, што дагэтуль няма такой рэакцыі.
«Мы выказваем падтрымку ўсім ахвярам»
Стася Глінік: Я хацела б сказаць, што ўсе, хто працуе ў нашым руху, асабіста на лідэрскіх пазыцыях з уразьлівымі людзьмі, павінны разумець, што асабістыя межы, годнасьць, бясьпека іншых людзей — гэта недатыкальна, і такія праводзіны, пра якія ідзе гаворка, недапушчальныя і непрымальныя. І мы спадзяемся, што гэта проста ня будзе паўтарацца ў нашым асяродзьдзі. Хаця разумеем, што могуць быць і яшчэ нейкія сытуацыі і так далей. Мы выказваем падтрымку ўсім ахвярам, усім дзяўчынам, якія наважыліся расказаць пра гэта, і тым, хто не наважыўся, мы таксама выказваем шчырыя словы падтрымкі. Ці мусіць Андрэй Стрыжак пайсьці ў адстаўку? Тут, канешне, не нам судзіць, таму што Андрэй — кіраўнік сваёй арганізацыі, гэта незалежная арганізацыя. Я думаю, што мы яшчэ пабачым разьвіцьцё гэтых падзеяў. Я асабіста лічу, што, канешне, мусіць быць наступстваў такіх дзеяньняў.
«Цяжка сьцьвярджаць, што мы маем справу з крымінальным злачынствам»
Ганна Маціеўская: Калі мы гаворым пра наступствы ў юрыдычным полі, то яны павінны ацэньвацца згодна з месцам, дзе знаходзілася ахвяра. Напрыклад, калі дзяўчына знаходзілася ў Літве, то гэта падпадае пад літоўскае заканадаўства; калі ў Польшчы — то пад польскае. Калі гаварыць пра польскае права, дык на падставе тых матэрыялаў, якія даступныя, цяжка сьцьвярджаць, што мы маем справу з крымінальным злачынствам. Калі гаварыць пра мобінг, то неабходна, каб была даказаная залежнасьць. І гэтая залежнасьць, напрыклад, ня будзе прызнана, калі ідзе гаворка пра актывістаў з розных арганізацый — тут залежнасьць можа насіць толькі сымбалічны характар. Другое — распаўсюджваньне парнаграфіі. Гэта калі б фота былі выкладзеныя на асабістай старонцы або нават у закрытай, але калектыўнай групе людзей. Калі ж гаворка ідзе пра прыватную рассылку, то ў рамках права гэта не лічыцца распаўсюдам парнаграфіі. І трэці патэнцыйны аспэкт — сталкінг. Для прызнаньня сталкінгу неабходна, каб дзеяньні мелі паўтараючы характар. Таму з юрыдычнага пункту гледжаньня складана казаць пра нейкую крымінальную адказнасьць. Таму ў такой сытуацыі, як мне здаецца, найлепшае, што можа быць — гэта інстытут грамадзянскай рэпутацыі. І добра, што гэтая сытуацыя абмяркоўваецца.
«Асабістыя паводзіны Андрэя, на жаль, значна абясцэньваюць тое, што ён рабіў для палітвязьняў»
Сьвятлана Мацкевіч: Тут гаворка ня столькі пра фэмінізм, як спрабуюць цяпер гэта падаць некаторыя — маўляў, «гэта выдумкі фэміністак». Гэта зусім не так. Гэтыя дзеяньні, з маральна-этычнага і асабістага пункту гледжаньня, падлягаюць грамадзкаму асэнсаваньню, перш за ўсё таму, што Андрэй — грамадзкі дзеяч, які выконвае важную місію, зьвязаную з дапамогай палітвязьням. Яго падыход да працы з палітвязьнямі заўсёды аргумэнтаваўся таксама маральна-этычнымі прынцыпамі. Такім чынам ён таксама адціскаў сваіх канкурэнтаў, напрыклад, у вечным спрэчныя пытаньні пра «ціск ці перамовы». Ён выразна займаў бок ціску і абгрунтоўваў яго маральна. Пры гэтым асабліва не ўнікаючы ў тое, дзе рэабілітацыя, а дзе працэс вызваленьня. Ён хутчэй сыходзіў ад гэтых пытаньняў. Але менавіта яго настойлівая маральна-этычная пазыцыя прыводзіла да таго, што большая частка матэрыяльнай дапамогі палітвязьням ішла праз гэты фонд, які ён узначальваў і арганізаваў. Не зьмяншаючы яго посьпехаў у гэтым напрамку, трэба прызнаць, што цяпер сытуацыя зусім іншая. І яго асабістыя паводзіны, на жаль, значна абясцэньваюць тое, што ён рабіў для палітвязьняў. Трэба зыходзіць з таго, што гэта ўплывае на рэпутацыю ўсёй дзейнасьці фонду.
Найлепшым асабістым рашэньнем з яго боку быў бы выхад з фонду, каб цень ад амаральных дзеяньняў не клаўся на калектыўную працу арганізацыі.
Што адбылося
- Кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў (паводле вікіпэдыі дыкпік — гэта разнавіднасьць так званага сэкстынгу, фатаграфія мужчынскага члена, якую адпраўляюць файлам на мабільны тэлефон ці асабістым паведамленьнем у сацсетках).
- Пра рассылку Стрыжаком няпрошаных фатаграфій сваіх геніталій дзьве жанчыны на ўмовах ананімнасьці расказалі «Эўрарадыё», адна з іх паказала журналістам здымак, які прыйшоў ад Стрыжака. Як сьцьвярджаюць журналісты «Эўрарадыё», некалькі актывістак распавялі, што ведаюць як мінімум пра сем выпадкаў, калі Стрыжак дасылаў жанчынам фатаграфіі сваіх геніталій, хаця тыя яго пра гэта не прасілі.
- Свабода атрымала пацьверджаньні ад дзьвюх жанчынаў, што яны таксама атрымлівалі дыкпікі ад кіраўніка фонду BySol. Стрыжак прызнаў, што інцыдэнты мелі месца ў сваім допісе ў Фэйсбуку.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум