На 25 ліпеня 2025 году прынамсі 110 палітзьняволеных перавялі на турэмны рэжым і яшчэ 68 чалавек асудзілі паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу, падлічылі праваабаронцы «Вясны».
411-ы артыкул Крымінальнага кодэксу (КК) прадугледжвае адказнасьць за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», паводле яго могуць пазбавіць волі яшчэ да году, а ў пэўных выпадках і на даўжэйшы тэрмін.
Праваабаронцы адзначаюць, што ціск на палітвязьняў, якія трапляюць у калёніі, не спыняецца ані на дзень: за дробныя парушэньні іх пазбаўляюць званкоў, спатканьняў і перадачаў, за некалькі спагнаньняў зьмяшчаюць у штрафны ізалятар (ШЫЗА) або памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Паступова ў палітвязьня зьбіраецца дастаткова парушэньняў, каб у выніку перавесьці яго на турэмны рэжым або завесьці новую крымінальную справу паводле 411-га артыкулу КК. Гэта звычайная ў Беларусі практыка, адзначаюць праваабаронцы.
Як і супраць каго ўжываюць 411-ы артыкул КК
Да падзеяў 2020 году ў Беларусі паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу асудзілі толькі двух палітвязьняў: у 2012-м — Зьмітра Дашкевіча і ў 2015-м — Мікалая Дзядка. Цяпер паводле гэтага артыкулу асудзілі ўжо дзясяткі чалавек, некаторых — ня раз.
Так, на адзін год зьняволеньня асудзілі палітвязьняў Аляксандра Зайкоўскага, Аляксандра Лаўрэнцьева, Мікіту Літвіненку, Цімура Рызапура, Сяргея Дзяцука, Руслана Акостку, Івана Зянько, Паўла Пяскова, Алену Гнаўк, Вадзіма Гусева.
Палітзьняволеным Алене Лазарчык, Яўгену Прапольскаму, Паўлу Аўчарову, Вользе Маёравай, Алегу Рубцу, Сяргею Ціханоўскаму (датэрмінова выпушчаны і дэпартаваны), Руслану Волкаву, Віктару Сьнегуру, Тамазу Піпія прысудзілі яшчэ паўтара года ў калёніі.
На два гады калёніі асудзілі палітвязняў Андрэя Будая, Юрыя Зянковіча (датэрмінова выпушчаны), Дзяніса Дзікуна, Віктара Барушку, Дзьмітрыя Карнеева.
Палітвязьням Аляксандру Арановічу, Анатолю Латушку і Яўгену Зашчытаву дадалі шэсьць месяцаў калёніі, Ціхану Осіпаву — сем месяцаў зьняволеньня, Сяргею Ярашэвічу і Дзьмітрыю Рэзановічу — дзевяць месяцаў зьняволеньня, Ігару Карнею прызначылі яшчэ восем месяцаў пазбаўленьня волі (датэрмінова выпушчаны і дэпартаваны).
Палітвязьня Дзьмітрыя Сушчыка асудзілі яшчэ на адзін год і 15 дзён зьняволеньня, а Зьмітра Казлова — на адзін год і пяць дзён.
Праваабаронцам вядомыя яшчэ прынамсі 20 прозьвішчаў палітвязьняў, якіх судзілі паводле 411-га артыкулу, але вынікі працэсаў яшчэ высьвятляюцца.
Сумны рэкорд Вікторыі Кульшы
Паўторна асуджаных паводле 411 артыкулу КК палітвязьняў ня менш за 15. Сярод «рэкардсмэнаў» апынулася Вікторыя Кульша, якой 43 гады. Нядаўна жанчыну судзілі за «злоснае непадпарадкаваньне» чацьвёрты раз. Сярод «паўторнікаў»:
- Уладзімер Кніга (двойчы) — агулам дадалі два гады калёніі;
- Эдуард Бабарыка (двойчы) — агулам дадалі больш за два гады калёніі (дакладны тэрмін невядомы);
- Аляксандар Францкевіч (двойчы) — агулам дадалі больш за год калёніі (дакладны тэрмін невядомы);
- Сяргей Раманаў (тройчы) — агулам дадалі чатыры гады і пяць месяцаў калёніі;
- Мікіта Емяльянаў (двойчы) — агулам дадалі тры гады калёніі;
- Зьміцер Дашкевіч (двойчы) — агулам дадалі больш за год калёніі (дакладны тэрмін невядомы);
- Паліна Шарэнда-Панасюк (тройчы) — агулам дадалі тры гады і чатыры дні калёніі;
- Вікторыя Кульша (вынік чацьвёртага суду абскарджаны) — агулам дадалі чатыры гады і пяць дзён калёніі;
- Іван Вярбіцкі (двойчы) — агулам дадалі больш за два гады калёніі (дакладны тэрмін невядомы);
- Сяргей Яфімаў (двойчы) — агулам дадалі два гады калёніі;
- Андрэй Навіцкі (двойчы) — агулам дадалі два гады калёніі;
- Ян Папковіч (двойчы) — агулам дадалі адзін год калёніі;
- Алег Яфрэменка (тройчы) — агулам дадалі больш за два гады калёніі (дакладны тэрмін невядомы);
- Вячаслаў Маляйчук (тройчы) — агулам дадалі больш за тры гады калёніі (дакладны тэрмін невядомы);
- Уладзімер Цыгановіч (тройчы) — агулам дадалі больш за год калёніі (дакладны тэрмін невядомы).
Паказальны лёс Мікалая Дзядка
Сярод тых, каго маглі судзіць паводле 411-га артыкулу, — палітзьняволены Мікалай Дзядок. 25 красавіка 2025 году Мікалай меў выйсьці з турмы, адбыўшы тэрмін 5 гадоў, але стала вядома, што супраць яго завялі новую крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 411 КК. Таксама ў канцы сакавіка 2025 г. зьявілася інфармацыя, што Міколу перавялі ў Менскае СІЗА № 1 у Калядзічах праз новую крымінальную справу. Ніякіх падрабязнасьцяў пакуль няма, як і наконт ужо адкрытай на яго справы паводле 411-га артыкулу.
Праваабаронцы «Вясны» нагадваюць, што Мікалай Дзядок раней ужо зьведаў суд за 411-ы артыкул — гэта было яшчэ падчас мінулага зьняволеньня актывіста ў 2015 годзе. Тады яму за пяць дзён да вызваленьня падоўжылі тэрмін на адзін год калёніі. Пасьля гэтага ён перадаў з турмы на волю адкрыты ліст з думкамі наконт прысуду:
«У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчым кодэксах Беларусі дэкляруецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калёнію на год (або на два — паводле часткі другой гэтага артыкулу) за нашэньне ці не нашэньне прадмета адзеньня, за размову з суседам у камэры», — пісаў тады зь вязьніцы Мікалай Дзядок.
Праз 10 гадоў для Дзядка, як і для соцень іншых беларускіх палітвязьняў, сытуацыя з 411-м артыкулам не зьмянілася, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
Форум