І ўсе эканамічныя працэсы арыентаваныя на вырашэньне менавіта гэтай задачы.
Сьцісла:
- Лукашэнка асьцерагаецца рынкавых рэформаў, бо рынак стварае непадкантрольных дзяржаве суб’ектаў, эканамічна незалежных ад яе людзей. А гэта — пагроза для ўлады.
- Стварыўшы патэрналісцкую эканамічную мадэль, Лукашэнка забясьпечваў залежнасьць большасьці насельніцтва ад дзяржавы.
- Для Лукашэнкі ідэальным варыянтам была б эканамічная сыстэма індустрыяльнай эпохі з дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару, якім ён кіруе ў ручным рэжыме.
- У краіне няма гарантыяў уласнасьці, недатыкальнасьці асобы, няма праўнай дзяржавы, незалежнага суду. Усё гэта дрэнна ўплывае на інвэстыцыі, увогуле эканамічнае разьвіцьцё.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях здабычы вуглевадароднай сыравіны. Галоўная выснова, зробленая ў яе выніку, зводзіцца да немудрагелістага слогана: «Бурыць і бурыць!» То бок больш шукаць і больш здабываць нафты, і будзем шчасьлівыя. Уласна гэта можна лічыць своеасаблівай квінтэсэнцыяй эканамічных поглядаў і падыходаў да разьвіцьця эканомікі ўладара Беларусі.
Задачу стварэньня эфэктыўных гаспадарчых мэханізмаў Лукашэнка і ня ставіць. Галоўнае для яго — палітычная мэтазгоднасьць
Крытыкі Лукашэнкі ўвесь час адрасуюць яму дакоры, што многія яго рашэньні перашкаджаюць эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Але праблема ў тым, што задачу ствараць эфэктыўныя гаспадарчыя мэханізмы ён і ня ставіць. У кожным разе як галоўную. Эканамічная эфэктыўнасьць, стымулы для гаспадарчага разьвіцьця ў шкале прыярытэтаў Лукашэнкі далёка не на першым месцы. Галоўнае для яго — палітычная мэтазгоднасьць.
Дзяржаўная палітыка падпарадкаванач задачы выжываньня рэжыму. І ўсе эканамічныя працэсы арыентаваныя на вырашэньне менавіта гэтай задачы, іх ён разглядае з гледзішча палітычнага эфэкту.
З гэтага ж гледзішча Лукашэнка падыходзіць да пытаньня рынкавых рэформаў. Бо рынак стварае непадкантрольных дзяржаве суб’ектаў, эканамічна незалежных ад яе людзей. А гэта пагроза для рэжыму. Ён моцна баіцца зьяўленьня цэнтраў эканамічнай улады (алігархаў), а значыць, і палітычнага ўплыву. Таму ў Беларусі сур’ёзны бізнэс разьвіваецца толькі з дазволу ўладаў, пад «дахам» дзяржаўных структураў. Вызначальную ролю ў камэрцыйным посьпеху граюць не прадпрымальнасьць і працавітасьць, а доступ у высокія кабінэты.
Стварыўшы патэрналісцкую эканамічную мадэль, Лукашэнка забясьпечваў залежнасьць большасьці насельніцтва ад дзяржавы.
Варта зьвярнуць увагу, якія тэмы абмяркоўваюцца на нарадах у Лукашэнкі апошнім часам. Гэта здабыча вуглевадароднай сыравіны, уборачная кампанія, паездкі ў рэгіёны дзеля інспэкцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Гэта ўсё эканоміка індустрыяльнай эпохі. Яе галоўнае багацьце — сыравіна. Невыпадкова найважнейшымі экспартнымі таварамі Беларусі застаюцца калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты. Важным складнікамі існаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі сталі танныя расейскія энэргарэсурсы. Гэта своеасаблівая рэнтавая эканоміка, калі асноўны даход ідзе ад выкарыстаньня прыроднай рэнты — як сваёй, так і расейскай.
Лукашэнка некалькі разоў з таемнай надзеяй усклікаў: не можа быць, каб у нашых нетрах не было нафты і газу, маўляў, шукайце лепш. Той жа заклік прагучаў і падчас апошняй нарады.
Для Лукашэнкі ідэальны варыянт —эканамічная сыстэма з дамінаваньнем дзяржсэктара, якім ён кіруе ў ручным рэжыме
Парк высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) — хутчэй вынятак з правілаў. Лукашэнка нават шкадаваў, што даў дазвол на яго стварэньне, бо яго супрацоўнікі складалі прыкметную частку пратэстоўцаў 2020 году.
Для Лукашэнкі ідэальным варыянтам была б эканамічная сыстэма з дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару, якім ён кіруе ў ручным рэжыме. Прычым эканамічная эфэктыўнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў не такая і важная. Галоўнае, каб усе працавалі (таму актыўна прыцягваюць да працы «дармаедаў»), усе палі былі засеяны, усё круцілася. І патрэбен пастаянны ціск на дырэктарат зьверху, пастаяннае патрабаваньне «жалезнай дысцыпліны».
Абсалютная большасьць праектаў, рэалізаваных дзяржаваю, аказаліся нерэнтабэльнымі: дрэваапрацоўка, карпарацыя БНБК, цэмэнтавыя заводы, прадпрыемствы «Сукно» і «Камволь» і інш.
Акрамя таго, адміністрацыйная сыстэма з дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару дае магчымасьць рэалізоўваць эканамічныя праекты для палітычнага прэстыжу дзяржавы і яе кіраўніка. Гэта датычыцца касьмічных праектаў, атамнай электрастанцыі, размоваў пра самалётабудаваньне і інш.
Ручное кіраваньне, даведзенае да лягічнага канца, да своеасаблівай фэадальнай раздробленасьці ў эканамічным і прававым сэнсе
У сучасным сьвеце краіны канкуруюць не сыравінай, а тэхналёгіямі, а яшчэ якасьцю праўных сыстэмаў, ступеньню гарантыяў абароны ўласнасьці і інвэстыцыяў. А ў Беларусі акурат няма гарантыяў уласнасьці, недатыкальнасьці асобы, няма праўнай дзяржавы, незалежнага суду. У кожны момант ад ўласьніка могуць забраць бізнэс, арыштаваць яго, пасадзіць.
Да таго ж адна з важных праблемаў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі палягае ў тым, што няма адзіных нормаў функцыянаваньня ўсёй эканомікі. Для розных рэгіёнаў, сэктараў і нават асобных фірмаў існуюць свае эксклюзіўныя правілы. Ёсьць ПВТ, індустрыяльны парк «Вялікі Камень», вольныя эканамічныя зоны, і ў кожным выпадку мы маем іншы праўны рэжым. А ёсьць жа яшчэ льготы для вядучых дзяржаўных прадпрыемстваў, для сельскагаспадарчых арганізацыяў, для Аршанскага і Шклоўскага раёнаў і г.д. Гэта значыць — ручное кіраваньне даведзена да лягічнага канца, да своеасаблівай фэадальнай раздробленасьці ў эканамічным і праўным сэнсе.
У такіх неспрыяльных умовах пэрспэктывы разьвіцьця эканомікі нярадасныя. І нават вялікая расейская дапамога ня моцна ратуе. А насельніцтва ў пошуках лепшых заробкаў масава эмігруе.
Форум