Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады рэагуюць на праблемы і імкнуцца гасіць грамадзкае незадаволеньне. Аналіз Валера Карбалевіча


Лукашэнка наведвае Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласьці. 24 траўня 2025 году
Лукашэнка наведвае Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласьці. 24 траўня 2025 году

Сацыяльныя праблемы, якія пэрыядычна ўзьнікаюць, прадукуюцца самімі ўладамі. Яны зьяўляюцца непазьбежным вынікам неэфэктыўнай сацыяльнай мадэлі, пабочнымі наступствамі рэпрэсіўнай палітыкі, адсутнасьці зваротнай сувязі з грамадзтвам. Гэта вядзе да таго, што ўлады непазьбежна падстаўляюцца.

Сьцісла:

  • Суровая рэальнасьць зусім не супадае з прапагандысткай карцінкай пра «народнае адзінства», «маналітнае і адзінае» грамадзтва.
  • Незадаволеньне, насельніцтва выплюхваецца на паверхню праз сацыяльныя сеткі.
  • Беларуская мадэль вызначаецца тым, што тут існуе ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любой праблемы — гэта гвалт.
  • Апошнім часам улады сталі наўпрост крытыкаваць народ, выказваць незадаволеньне ягонымі паводзінамі.
  • Аднак акрамя рэпрэсій, запужваньняў і лаянкі ўлады вымушаныя ісьці на нейкія дзеяньні, каб зьмякчыць пэўнае напружаньне.

Улады самі ствараюць праблемы

Вонкава выглядае, што Аляксандар Лукашэнка пабудаваў ідэальную сацыяльную мадэль, у якой зьнятыя сур’ёзныя супярэчнасьці. Паводле афіцыйнай вэрсіі, калі ў краіне і зьяўляюцца праблемы, то іх хутка і эфэктыўна вырашае мудрая ўлада на чале «патрыярхам сусьветнай палітыкі». Дасягнутае поўнае «народнае адзінства» (нават адпаведнае сьвята прыдумалі), якое і не сьнілася суседнім дзяржавам.

«Наша грамадзтва ад малога да вялікага, як раней казалі, як ніколі сёньня маналітнае і адзінае», — канстатаваў Лукашэнка падчас выступу на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Перамогі. Народ падтрымлівае і давярае ўладзе, усе незадаволеныя альбо сядзяць у вязьніцы, альбо выціснутыя за мяжу. Застаецца толькі жыць і радавацца.

Праблемы — непазьбежны вынік неэфэктыўнай сацыяльнай мадэлі

Аднак суровая рэальнасьць зусім не супадае з той прапагандысткай карцінкай, якую малююць афіцыйныя мэдыі. Прычым, праблемы, якія пэрыядычна ўзьнікаюць, прадукуюцца самімі ўладамі. Яны зьяўляюцца непазьбежным вынікам неэфэктыўнай сацыяльнай мадэлі, пабочнымі наступствамі рэпрэсіўнай палітыкі, як напрыклад, дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Адсутнасьць зваротнай сувязі з грамадзтвам вядзе да таго, што ўлады непазьбежна падстаўляцца, робяць крокі, якія выклікаюць натуральнае незадаволеньне насельніцтва.

Імкненьне даказаць здольнасьць вырашыць праблему недахопу працоўных рэсурсаў за кошт прыцягненьня замежнікаў вылілася ў скандальную гісторыю з «150 тысячамі пакістанцаў», нэгатыўную рэакцыю ў сацыяльных сетках.

Папулісцкая ідэя змаганьня з ростам цэнах адміністратыўнымі мэтадамі выплюхнулася дэфіцытам бульбы (брэндавага прадукту для Беларусі). Рэпрэсіі супраць мэдыкаў, іх масавая эміграцыя час ад часу прыводзяць да трагічных вынікаў, як у сытуацыі з той дзяўчынкай 14 гадоў зь Ельскага раёну, якую не змаглі выратаваць.

Незадаволеньне людзей і рэакцыя ўладаў

Адчуваюцца наступствы міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Усё больш перашкодаў для выездаў у Эўропу. На чыгунцы цягнікі эўрапейскіх вытворцаў замяняюць тэхнікай савецкіх часоў. Замест эўрапейскіх «іншамарак» даводзіцца задавальняцца прадукцыяй кітайскага аўтапраму.

Улады забэтанавалі ўсе шчыліны, праз якія можа пратачыцца незадаволеньне, але яно выплюхваецца на паверхню

І хоць, здавалася б, улады затынкавалі, забэтанавалі ўсе шчыліны, праз якія можа пратачыцца незадаволеньне, тым ня менш, яно выплюхваецца на паверхню.

Тут мы маем фэномэн сацыяльных сетак, зь якімі рэжым нічога пакуль не можа зрабіць. Наш час адрозьніваецца ад эпохі клясычнага таталітарызму, калі ўладныя радыёэлектронныя мэдыі працавалі ў адзін бок, спажыўцы прапаганды не мелі магчымасьці выказаць свае думкі. Інфармацыйная эпоха, як бы тое не было, шмат што мяняе.

І вось тут цікава рэакцыя ўлады на праявы незадаволеньня. Брытанскі філёзаф Арнольд Тойнбі пісаў, што рэакцыя на выклікі найбольш дакладна характарызуе сыстэму. Беларуская мадэль вызначаецца тым, што тут існуе ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любой праблемы — гэта гвалт.

Некаторы час таму бізнэсоўцаў, якія не выконвалі загад не павышаць цэны, проста арыштоўвалі. Людзей, якія крытыкавалі пляны ўладаў завесьці сюды 150 тысяч пакістанцаў, прымушалі каяцца на відэа. Сьледчы камітэт запужвае тых, хто крытыкуе ўлады, мэдыкаў за сьмерць 14-гадовай дзяўчыны.

Сталі звыклымі наратывы, якія гучаць, найперш, з вуснаў Лукашэнкі, што добры і ўладалюбівы беларускі народ падбухторваюць ворагі, «зьбеглыя», якія атабарыліся ў замежжы. Аднак апошнім часам мы назіраем нешта новае. Улады сталі наўпрост крытыкаваць народ, выказваць незадаволеньне ягонымі паводзінамі.

Вінаваты народ

Вось Лукашэнка тлумачыць неабходнасьць прыцягненьня іншаземцаў тым, што беларусы лянівыя і ня хочуць працаваць, даводзіцца іх дысцыплінаваць з дапамогай узьбекаў, як у Рэчыцкім раёне.

А яшчэ беларусы вінаватыя ў тым, што яны эгаісты, ня хочуць нараджаць дзяцей, якія патрэбныя дзяржаве ў якасьці працоўных рук.

23 траўня падчас паездкі ў Любанскі раён Лукашэнка заявіў:

«Я думаў, жыльлё пабудуем, дык усе пабягуць нараджаць. Нічога падобнага. Не трэба жыльлё і ўсё гэта. Ну, не ўсе. Ёсьць і нармальныя жанчыны, якія нараджаюць. Ды і мужыкі ўжо… Ты бачыш, „стапталіся“ мужыкі. Пасьля нашага з табой пакаленьня мужыкоў няма. Там як зерне адшукваем».

Вось з такім «ненармальным» народам даводзіцца мець справу.

А быў час, калі Лукашэнка казаў пра народ зусім іншае. Напрыклад, у далёкім 2006 годзе ён патасна даводзіў:

«Мяне абраў беларускі народ, самы мудры народ на нашай плянэце… Такі народ варты пакланеньня і найвышэйшай павагі».

Аднак пасьля 2020 году той самы нард чамусьці стаў кепскім.

Асабліва незадаволены Лукашэнка моладзьдзю. Яна нейкая не такая, якой ён яе хацеў бы бачыць. Гэтае незадаволеньне Лукашэнка дэманструе рэгулярна. Вось толькі апошнія выпадкі. Падчас суботніка 12 красавіка ён казаў пра маладзёнаў:

«Яны сядзяць у гэтых гаджэтах. Іх што цікавіць сёньня? Кароткія загалоўкі з трох слоў, яшчэ што-небудзь… Чым больш мацюка, тым сьмяшней і зручней. А гісторыя — гэта рэч сур’ёзная: вывучаць трэба, глядзець. Новае пакаленьне ўсё менш і менш у гэта акунаецца».

6 траўня на на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Перамогі:

«Гэта не тая моладзь, якімі былі вы — выхаванымі і якія вырасьлі ў працы. Наша моладзь розная. Ёсьць выдатныя людзі, якія разумеюць, як жыць. А ёсьць, як я кажу часта, якія лічаць, што ў тэлефонах, айфонах растуць бананы і бульба».

Ну, а Рыгор Азаронак і Яўген Пуставы ня толькі абурыліся тым, што беларусы сьвяткавалі Дзень Перамогі без энтузіязму, але літаральна пачалі крычаць на людзей, маўляў, вам бы толькі «жэрці» бульбу…

Уладам даводзіцца апраўдвацца

Аднак акрамя рэпрэсій, затрыманьняў, запужваньняў і лаянкі ўлады вымушаныя ісьці на нейкія дзеяньні, каб зьмякчыць пэўнае напружаньне. Бо, па-першае, незадаволеньне выказваюць, но толькі праціўнікі рэжыму, але і ягоныя прыхільнікі, таксама нэўтральна настроеныя абывацелі.

Ва ўмовах жорстка структураванага рэжыму любая сацыяльная праблема непазьбежна становіцца палітычнай

Па-другое, тэма пра «150 тысяч пакістанцаў» ці зьнікненьне з крамаў бульбы закранула балючыя нэрвы грамадзкай сьвядомасьці. Маўляў, навошта было выганяць з краіны беларусаў, каб затым запрашаць пакістанцаў? Ці гэта як жа трэба было дажыцца, дакіравацца, каб бульба ў Беларусі стала дэфіцытам?

І ўлады пачалі апраўдвацца. Вось як яны спрабуюць «зьняць» тэму пакістанцаў. Паказальна дэпартавалі зь Беларусі двух мараканцаў, якія пабіліся з-за дзяўчыны. Лукашэнка выдае адпаведны ўказ, які прадугледжвае даволі жорсткія рамкі працаўладкаваньня іншаземцаў. Ажно да таго, што будуць кантраляваць выкананьне імі санітарных нормаў. Прыдумалі ўжо ўзгаданы вышэй экспэрымэнт у Рэчыцкім раёне з працаўладкаваньнем узьбекаў. І ўсё дзеля таго, каб супакоіць народ, маўляў, усё пад кантролем.

Такія крызісныя моманты ўвесь час будуць зьяўляцца. А ва ўмовах жорстка структураванага, герархічнага рэжыму, празьмернай ідэалягізаванасьці грамадзкага жыцьця любая лякальная, сацыяльная праблема непазьбежна становіцца палітычнай. З усімі непрыемнымі для ўладаў наступствамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG