Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 ліпеня: ІТ-спэцыяліста асудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў; масавыя суды ў Койданаве


Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

ІТ-спэцыяліста асудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў

Андрэя Бераставога пасьля вяртаньня з Грузіі затрымалі і асудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў, піша «Наша Ніва».

Бераставы паходзіць з Гомля, яму 44 гады. У 1999 годзе скончыў Гомельскі машынабудаўнічы каледж. З канца 2002 году працуе ў IT і займаецца дызайнам, з сакавіка 2023-га жыў у Грузіі і пэрыядычна езьдзіў у Беларусь.

Яго асудзілі ў 2025 годзе паводле чатырох артыкулаў: «заклікі да прычыненьня шкоды Беларусі» (частка 3, артыкул 361 Крымінальнага кодэксу), «паклёп на Лукашэнку» (частка 2, артыкул 367 КК), «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (часткі 1 і 2, артыкул 361-2, частка 1, артыкул 342 КК).

Мяркуецца, што падставай для затрыманьня беларуса маглі стаць камэнтары ў Тэлеграме. Яму пагражала да 12 гадоў калёніі, але зьмест абвінавачаньняў і прысуд невядомыя.

Праваабаронцам вядома толькі, што ён застаўся ў зьняволеньні, у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


У Койданаве судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 году

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што суд Дзяржынскага раёну працягвае разглядаць справы паводле арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Днямі прынамсі тром чалавекам прызначылі «хатнюю хімію».

Нагодай для перасьледу сталі «пратэставыя» фатаздымкі і відэа, па якіх ідэнтыфікуюць удзельнікаў акцыяў.

Праваабаронцы паведамлялі раней пра рэгулярныя хвалі ператрусаў і затрыманьняў у Койданаве (Дзяржынску) Менскай вобласьці за ўдзел у пратэстах 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG