Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца назваў цяперашні этап палітычнага перасьледу ў Беларусі «ціхімі рэпрэсіямі»


Суд над анархістамі. Менск, 15 лістапада 2021 году
Суд над анархістамі. Менск, 15 лістапада 2021 году

З ацэнкай таго, як рэжым у Беларусі зьмяніў дэманстратыўныя рэпрэсіі на нябачныя, выступіў праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.

Пасьля зачышчэньня мэдыяпрасторы, ліквідацыі соцень арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і палітычнага перасьледу дзясяткаў тысяч людзей, уладны рэжым у Беларусі перайшоў да новай фазы кантролю за грамадзтвам — «ціхіх» рэпрэсій.

Як адзначае праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка, замоўчваньне фактаў перасьледу стала часткаю дзяржаўнае палітыкі: людзей перасьледуюць бяз гучных прысудаў і паказальных справаў, але застаюцца ціск, запалохваньне і страх.


«Перасьлед нябачны, але ня менш жорсткі»

Паводле Паўла Сапелкі, зьніжэньне ўвагі мэдыя да тэматыкі палітычных рэпрэсіяў не азначае іх скарачэньня. Наадварот, улады сьвядома пераключыліся на «ціхі рэжым»:

«Мы маем справу са зьменай стратэгіі дзяржавы: яна імкнецца зрабіць перасьлед нябачным, менш шумным, але ад гэтага ён не становіцца менш жорсткім. Замест гучных палітычных справаў з паведамленьнямі на дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсах — нябачная для астатніх хваля пасадак. Замест гучных заяваў афіцыйных асобаў пра тысячы заведзеных новых „экстрэмісцкіх“ справаў — замоўчваньне новых вялікіх справаў, фігуранты якіх практычна без вынятку трапляюць у СІЗА», — кажа Павал Сапелка.

Паводле праваабаронцы, рэпрэсіі ў Беларусі засталіся штодзённай справай.

«Калі перасьлед перастае быць шокам, людзі пачынаюць прымаць яго як „новую норму“. На жаль, яго пачынаюць успрымаць як новую норму нават сярод грамадзкіх актывістаў. Але кожная ахвяра палітычнага тэрору — гэта чалавек, свабода якога неацэнная».

Павал Сапелка, архіўнае фота
Павал Сапелка, архіўнае фота

Паводле Паўла Сапелкі, праз замоўчваньне рэпрэсіяў рэжым спрабуе аднавіць вонкавы фасад «нармальнасьці», уражаньне стабільнасьці і гэтак дамагчыся зьняцьця ці хаця б паслабленьня санкцыяў. Юрыст «Вясны» лічыць знакавымі дзьве сёлетнія зьявы.

«Гэта меркаваны візыт у Беларусь Высокага камісара ў правах чалавека, запрашэньне якога публічна агучана ў канцы лютага. А таксама гэта палітычныя захады дыпляматыі ЗША. Цытую The New York Times ад 15 лютага, словы амэрыканскага дыплямата, які казаў, што «магчымая вялікая ўгода, у межах якой Лукашэнка вызваліць шэраг палітвязьняў, у тым ліку вядомых. Узамен ЗША зьмякчаць санкцыі супраць беларускіх банкаў і аслабяць экспарт калійных угнаеньняў, ключавога кампанэнта для вытворчасьці ўгнаеньняў, буйным вытворцам якіх ёсьць Беларусь». Паводле крыніцы, дыплямат «таксама паведаміў, што запытаў Лукашэнку, ці гатовы той зьмякчыць рэпрэсіі, і атрымаў сьцвярджальны адказ».

А ўжо з 5 сакавіка спынілася публічнае інфармаваньне пра судовыя пасяджэньні — найбольш поўная крыніца інфармацыі пра маштаб адміністрацыйных і крымінальных рэпрэсіяў, якія, аднак, ня сталі меншымі, адзначае праваабаронца.

«Сыгналы трывогі для патэнцыйных ахвяраў перасьледу»

Паводле назіраньняў праваабаронцаў «Вясны», на якія спасылаецца Павал Сапелка, у Беларусі ўзмацнілася запалохваньне людзей, каб яны не паведамлялі праваабаронцам і журналістам пра рэпрэсіі.

«Асноўныя мэтады рэжыму цяпер — гэта пагрозы крымінальнай расправай, псыхалягічны ціск, пазбаўленьне працы і права на прафэсію, прымус маўчаць пасьля выхаду на волю. Асобныя сілавыя структуры адкрыта заяўляюць, што кантроль за асуджанымі працягнецца пасьля адбыцьця пакараньня і нават пасьля выезду зь Беларусі».

Павел Сапелка мяркуе, што страх у беларускім грамадзтве стаў больш глыбінным і хранічным.

«Калі раней людзі баяліся перасьледу за публічную актыўнасьць, то зараз выклікаў нашмат больш. Кожная інфармацыя пра новыя затрыманьні, зьлівы зьвестак, а таксама памылкі тых ці іншых ініцыятываў вельмі кепска адбіваюцца на стане актывістаў і грамадзтва».

Паводле праваабаронцы, атмасфэра страху моцна ўскладняе працу грамадзкага кантролю.

«Людзі баяцца паведамляць пра факты перасьледу, не заўсёды гатовыя сьведчыць, часта просяць не публікаваць інфармацыю або перадаюць яе ананімна. Таму нашы зьвесткі часам выглядаюць вельмі асьцярожным. Мы кажам пра тое, што ведаем дакладна, але падкрэсьліваем, што нашыя зьвесткі пра ахвяраў перасьледу могуць быць няпоўныя, гэтых ахвяраў можа быць больш. Часам такія ацэнкі — сыгналы трывогі для патэнцыйных ахвяраў перасьледу».

У такой сытуацыі грамадзянская супольнасьць і незалежныя мэдыя могуць дапамагаць апавядаць гісторыі пацярпелых, абараняць іх і падтрымліваць, мяркуе Павел Сапелка. Таксама юрыст «Вясны» просіць падтрымаць праваабарончыя арганізацыі, якія дакумэнтуюць рэпрэсіі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG