Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне абвясьцілі вышук беларускага грамадзяніна, які ваюе за Расею ў Данецку. У Беларусі ён за гэта ўжо сядзеў


Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла вышук Вадзіма Шаўчэнкі 18 чэрвеня 2025 году. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групе.

Паводле часткі 1 артыкулу 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй або безь яе.

Адразу пасьля абвяшчэньня вышуку Шаўчэнкі суд ухваліў рашэньне яго арыштаваць. Судовае рашэньне выканаюць пасьля фактычнага затрыманьня падазраванага.

Грамадзянін Беларусі ўкраінскага паходжаньня

Вадзім Шаўчэнка нарадзіўся 24 чэрвеня 1975 году ў горадзе Берагава Закарпацкай вобласьці. Грамадзянства Беларусі, падобна, атрымаў, ажаніўшыся з грамадзянкай Беларусі зь Берасьця.

Грамадзянін Беларусі Вадзім Шаўчэнка, які ваюе ў так званай «ДНР» супраць Украіны
Грамадзянін Беларусі Вадзім Шаўчэнка, які ваюе ў так званай «ДНР» супраць Украіны

Паводле самога Шаўчэнкі, ён пазнаёміўся з будучай жонкай праз інтэрнэт, а калі прыехаў жаніцца, яго затрымалі і асудзілі паводле часткі 3 артыкулу 361 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу) на два гады пазбаўленьня волі за тое, што ён ваяваў у Данецку і Сырыі. У Беларусі жыве ягоная дачка Крысьціна.

Пасьля зьняволеньня ён вярнуўся ў Данецк, бо вырашыў, што «ў Беларусі больш рабіць няма чаго». Там ён ажаніўся другі і трэці раз.

Дэталі крымінальнай справы

У Данецк Шаўчэнка прыбыў зь Берасьця не пазьней за жнівень 2014 году.

«Не пазьней за травень 2015 году Вадзім Шаўчэнка заняў пасаду стральца ў незаконным узброеным фармаваньні тэрарыстычнай арганізацыі „ДНР“ — „4-я батальённа-тактычная група“», — адзначаецца ў тэксьце падазрэньня, якое сьледчыя выставілі грамадзяніну Беларусі.

Згодна з інфармацыяй сьледзтва, не пазьней за верасень 2015 году ён перайшоў спачатку ў мотастралецкі полк, а потым у 9-ы асобны полк марской пяхоты, у складзе якога ўдзельнічаў у баях дзеля захопу Шырокіна і Камінтэрнава Данецкай вобласьці, у выніку якіх загінулі ўкраінскія вайскоўцы.

Пасьля гэтага ён вярнуўся ў Беларусь, дзе яго асудзілі. А ўжо пасьля вызваленьня, не пазьней за лістапад 2021 году, ён вярнуўся на тэрыторыю так званай «ДНР» і зноў пайшоў ваяваць у 9-ы асобны полк марской пяхоты, які пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўключылі ў склад Сухапутных войскаў Узброеных сіл Расеі. Паводле сьледзтва, ён і цяпер удзельнічае ў баях супраць сіл абароны Ўкраіны.

Крымінальную справу супраць грамадзяніна Беларусі завялі 17 ліпеня 2024 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG