Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня (FIE) дапусьціла 40 нэўтральных фэхтавальнікаў з Расеі і Беларусі да першынства сьвету, што адбудзецца з 22 па 26 ліпеня ў грузінскім Тбілісі.
Асаблівую ўвагу ў сьпісе дапушчаных прыцягнулі Сафія Вялікая, якая мае званьне маёру арміі РФ, і лейтэнантка Яна Ягар’ян. Гэта супярэчыць рэкамэндацыям МАК, згодна зь якімі атлеты з вайсковымі званьнямі і датычнасьцю да сілавых структураў Расеі і Беларусі ня могуць лічыцца нэўтральнымі спартоўцамі.
Абедзьве згаданыя расейскія фэхтавальніцы знаходзяцца пад украінскімі санкцыямі за пашырэньне і падтрымку расейскай прапаганды.
Ад Беларусі ў сьпісе 12 чалавек.
- Шпага: Кацярына Пашарнёва, Аляксандра Цурская, Дзьмітры Рыкуноў, Марк Семаненка.
- Шабля: Кацярына Рагачэўская, Яна Собаль, Сяргей Кісель, Сьцяпан Коваль.
- Рапіра: Дар’я Уласава, Уладзімер Бутэнка, Уладзіслаў Нікалюк, Ягор Рабцоў.
FIE дазволіла ўдзел гэтых спартоўцаў таксама і ў камандных спаборніцтвах.
Фэдэрацыя фэхтаваньня Ўкраіны (ФФУ) ўжо адрэагавала на рашэньне FIE.
«Гэта — плявок ў твар ня толькі ўкраінскім спартоўцам, але і ўсёй сусьветнай спартовай грамадзкасьці. Мы з самага пачатку падкрэсьлівалі, што ўвесь гэты працэс праверкі расейскіх фэхтавальнікаў на прадмет нэўтральнасьці зьяўляецца фарсам. Цяпер, спадзяюся, гэта стала зразумела ўсім іншым замежным фэдэрацыям, якія рабілі выгляд, што адбор нармальны.
Такое дзёрзкае рашэньне стала магчымым, бо ўсе папярэднія скаргі Фэдэрацыі фэхтаваньня Ўкраіны заставаліся без рэакцыі, у тым ліку з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту», — заявіў прэзыдэнт ФФУ Міхаіл Ільяшаў.
Украінская фэдэрацыя зараз вызначае юрыдычныя крокі, каб проціставіцца гэтаму рашэньню, а таксама зьвяртаецца ў спэцслужбы краіны з заклікам прымяніць прадугледжаныя законам захады ў адносінах кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі фэхтаваньня.
Форум