Менскі офіс праваабарончай арганізацыі «Вясна» быў разгромлены ў сярэдзіне ліпеня 2021 году. Сілавікі прыходзілі ў «Вясну» і раней, аднак пасьля апошніх арыштаў кіраўніцтва і ператрусаў арганізацыя вымушана працуе з-за мяжы. Гэта накладвае адбітак на магчымасьці аказваць дапамогу рэпрэсаваным і назіраньне за сытуацыяй у галіне правоў чалавека, расказваюць у размове з Свабодай каардынатарка «гарачай лініі» «Вясны» Алена і Дзьмітры з Уладзімерам, якія працуюць у грамадзкай прымальні.
Усе яны пагаджаюцца размаўляць на ўмовах ананімнасьці, пад зьмененымі імёнамі. Супрацоўнікі «Вясны» цярпяць ад рэпрэсіяў і праз чатыры гады пасьля арышту кіраўніцтва, лічаныя супрацоўнікі выступаюць у мэдыя публічна.
1000 зваротаў у дзень
Знайсьці кантакты «гарачай лініі» «Вясны» можна на сайце арганізацыі (зь Беларусі дасяжны праз VPN. — РС). Акрамя агульнабеларускіх каналаў, ёсьць і рэгіянальныя — бабруйскі, барысаўскі, маладачанскі і іншыя.
«Гарачая лінія „Вясны“ існуе ўжо пяць гадоў, — расказвае Алена. — Яна пачалася 6 жніўня 2020 году. Спачатку гэта былі тэлефонныя званкі і звароты праз Тэлеграм. Зараз мы, вядома, больш зваротаў, амаль усе, прымаем у Тэлеграме»
У «Вясне» кажуць, што ідэя стварыць гарачую лінію зьявілася яшчэ раней, з пачаткам выбарчых пратэстаў. Праваабаронцы запусьцілі так званы «Вясна-бот», куды можна было пісаць пра затрыманьні. Працавалі мабільныя і стацыянарныя нумары.
«Гэта было ўсё вельмі запатрабавана, — расказвае Ўладзімер. — Адразу з 6 жніўня, як толькі мы пачалі прымаць звароты. Пасьля было 9 жніўня, 10, 11 і далей. 10 жніўня, праўда, быў момант, калі мы пабачылі, што ўсё сьціхла, зваротаў няма зусім. Выявілася, нам заблякавалі ўсе нумары — мабільныя і нават стацыянарныя. Нічога не працавала. Мы хутка ўсё выправілі, зьмянілі нумары, і ўсё гэта ўжо доўга працавала, прыкладна да чэрвеня 2021 году».
Як расказваюць праваабаронцы, у жніўні 2020 году колькасьць зваротаў на гарачую лінію «Вясны» зашкальвала. У той час некалькі чалавек працавалі пазьменна адразу на некалькіх тэлефонах. Асноўным каналам сувязі з праваабаронцамі ў тыя дні былі акурат тэлефоны, прабівацца праз VPN пры заблякаваным інтэрнэце ў першыя дні пасьлявыбарчых пратэстаў было складана.
«Звароты прымалі з 9 да 23 гадзінаў, — расказвае Ўладзімер. — Для апэратараў напісалі адпаведны скрыпт (альгарытм адказаў на самыя папулярныя пытаньні. — РС). На сьценах у офісе „Вясны“ разьвешвалі сьпісы з адказамі і патрэбнымі адрасамі й тэлефонамі. Каб было ясна, дзе, што і каго шукаць. Так мы сваю працу выбудоўвалі. Тады шмат валянтэраў да нас прыходзілі дапамагаць, быў вялікі ўздым. Так пачыналася нашая гарачая лінія».
Як узгадваюць «вясноўцы», у жніўні 2020-га на «гарачую лінію» прыходзіла да 1000 зваротаў у дзень. Напачатку іх нават складана было фіксаваць. Агулам, як расказваюць «вясноўцы», за ўвесь час існаваньня «гарачай лініі» праваабаронцы «Вясны» прынялі і апрацавалі каля 18 тысяч зваротаў.
«Зараз зьвяртаюцца менш, — кажа Алена. — Мы падлічвалі, што летась праз „гарачую лінію“ ў нас папрасілі дапамогі 1600 разоў. На людзей моцна ўплывае тое, што адбываецца ў Беларусі. Калі ёсьць хваля рэпрэсіяў, то мы адразу гэта адчуваем. Было шмат зваротаў, зьвязаных з выбарамі ў Беларусі. Мы таксама бачылі, што шмат людзей пісалі нам пасьля пачатку „справы Гаюна“».
«Лепш зьвяртацца, калі чалавек яшчэ на свабодзе»
Алена дадае, што найчасьцей на «гарачую лінію» беларусы зьвяртаюцца ўжо пасьля таго, як нехта зь іхных сяброў ці родных быў затрыманы. Пытаюцца, чым можна дапамагчы ў такой сытуацыі, што магчыма зрабіць, дзе знайсьці адваката, як лепш дзейнічаць.
«Мы намагаемся дапамагаць на кожным этапе адміністрацыйнай ці крымінальнай справы, — дадае Алена. — Кола тэмаў, на якія мы кансультуем, увесь час пашыраецца. Нам можна пісаць ня толькі тады, калі чалавек трапіў за краты, але і ў іншых выпадках, калі гэтага яшчэ не адбылося. Нават лепш гэта рабіць, калі чалавек яшчэ на свабодзе».
На думку праваабаронцаў, найбольш карыснымі могуць быць парады, як выдаляць усё «лішняе» з асабістых тэлефонаў і кампутараў, як паводзіць сябе падчас ператрусу і допыту, як дзейнічаць падчас непажаданых кантактаў зь сілавымі структурамі.
«Мы таксама можам падказаць, як лепш выехаць за межы Рэспублікі Беларусі, — гаворыць Дзьмітры. — Якія найпрасьцейшыя спосабы легалізацыі ў іншай краіне. Кансультуем таксама родных тых, хто трапіў пад рэпрэсіі. Родныя павінны мець інструкцыі на выпадак арышту чалавека. Да магчымага ператрусу дапамагаем падрыхтавацца. Шмат чаго ёсьць, кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна».
Ці бясьпечна пісаць на «гарачую лінію» праваабаронцам? У «Вясьне» кажуць, што пакуль не сутыкаліся з выпадкамі выцеку інфармацыі ад іх да сілавікоў.
«Ад нас пакуль не было ніводнага выцеку зьвестак людзей, якія да нас зьвяртаюцца, — кажа Алена. — Людзі могуць таксама зьвяртацца да нас праз сваякоў ці давераных асобаў, якія жывуць за мяжой. Мы ўсё адно пракансультуем. Пры патрэбе мы кансультуем і тады, калі чалавек не раскрывае свайго імя. З нашага боку ўсё канфідэнцыйна. Бяз згоды чалавека яго інфармацыя нікуды не перадаецца і не публікуецца».
«Мы можам не ўдакладняць, хто да нас зьвярнуўся»
У «Вясьне» кажуць, што апошнімі гадамі могуць дапамагаць беларусам унутры краіны збольшага кансультацыйна. Нават мінімальная супраца зь «Вясной» можа пагражаць людзям крымінальным перасьледам, некалькі валянтэраў арганізацыі, як і фактычна ўсё кіраўніцтва, знаходзяцца за кратамі.
«Калі нехта будзе з намі працаваць, ён ставіць сябе пад вялікую рызыку, — кажа Ўладзімер. — Але мы наладзілі добрую дыстанцыйную камунікацыю. Гэта яшчэ з часоў пандэміі каранавірусу пачалося. Дапамагаем дыстанцыйна. Маем бясьпечныя каналы сувязі, пратаколы бясьпекі, пастаянна робім абнаўленьні, зважаючы на рызыку».
Большасьць зваротаў па дапамогу ананімная, і праваабаронцам складана праверыць, ці насамрэч расказаная ім гісторыя праўдзівая і ці па іншы бок чату ў Тэлеграме не сядзіць супрацоўнік спэцслужбаў. Зрэшты, кажуць у «Вясьне», зьвесткі, якія яны даюць просьбітам, — ня нешта сакрэтнае. Яны проста дапамагаюць людзям знайсьці легальныя спосабы дапамогі арыштаваным або кансультуюць па юрыдычных пытаньнях. Таксама на падставе дзейнага беларускага заканадаўства.
«Нам усё адно, хто на тым баку, — кажа Ўладзімер. — Мы можам не ўдакладняць, хто да нас зьвярнуўся — хто, што і навошта. Калі спэцслужбы хочуць ведаць, аб чым мы апавядаем, то хай сабе ведаюць. Мы можам расказаць, які адвакат добры. Але ў КДБ ведаюць гэта. Ведаюць, хто мае ліцэнзію. А калі патрэбная больш сур’ёзная дапамога, то вэрыфікацыяй займаюцца іншыя людзі. Мы толькі накіроўваем, перадаем кантакты. У той жа BySol, калі трэба эвакуацыя. Або, калі нешта іншае, то нашыя юрысты прынамсі запытаюць копіі рэальных дакументаў».
«Шмат такіх, хто зусім ня ведае, што рабіць»
З словаў праваабаронцаў «Вясны», на «гарачую лінію» зараз зьвяртаецца невялікая частка беларусаў, якія трапляюць пад рэпрэсіі. Асноўная прычына гэтага — запалохваньне з боку ўладаў. Зварот у «Вясну» можа мець наступствы, і беларусы пра гэта ведаюць.
«Да нас зьвяртаюцца ў асноўным тады, калі ўжо зусім невядома, што далей рабіць, — кажа Дзьмітры. — У вельмі моцным стрэсавым стане. Калі чалавек вымушаны ўзважваць, што для яго больш небясьпечна — зьвярнуцца да нас або не зьвяртацца і дзейнічаць самастойна. Людзі пішуць нам у адчаі, на жаль. Таксама шмат такіх, хто зусім ня ведае, што рабіць, бо сутыкнуўся з рэпрэсіямі ўпершыню і ніхто зь яго атачэньня раней таксама ня меў такога досьведу».
З словаў Дзьмітрыя, усяго некалькі адсоткаў беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, у выніку зьвяртаюцца па дапамогу на «гарачую лінію» «Вясны». Праваабаронцы хацелі б дапамагчы большай колькасьці людзей, але гэта цяжка зрабіць праз атмасфэру страху, створаную ў краіне.
«Мяняецца таксама і структура зваротаў, — дадае Ўладзімер. — Калі ў траўні 2023 году траціна зь іх была зьвязаная з затрыманьнямі і арыштамі, то цяпер такіх толькі 19%. у Зваротаў аб крымінальных справах раней было 27%, цяпер 12%. Людзі менш гатовыя зьвяртацца па дапамогу да нас. Яны ўзважваюць рызыку ад звароту ў „экстрэмісцкае фармаваньне“. Цяпер большасьць зваротаў — гэта просьба аб дапамозе. Людзі пішуць, калі ўжо ня маюць іншага выйсьця».
З словаў Уладзімера, за апошні тыдзень на «гарачую лінію» «Вясны» прыйшло 28 зваротаў. І гэта былі збольшага звароты па дапамогу.
«Нашая задача разьвянчаць той міт, на які працуе прапаганда, — кажа праваабаронца. — Аб тым, што ананімнасьці не існуе. Што спэцслужбам усё вядома, што інфармацыю аб камунікацыі з намі яны ўрэшце атрымаюць. Што яны дабяруцца да ўсіх. Людзі часта думаюць, што гэта сапраўды так, і баяцца зьвяртацца па дапамогу. Гэтая праблема ня толькі ў нас. Але ж выцекі не такія вялікія. Ніхто ня кінуты, мы можам дапамагаць людзям у Беларусі».
Форум