Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2024 годзе 5683 беларусы сталі грамадзянамі Польшчы на падставе працэдуры прызнаньня


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве

У 2024 годзе 5.683 беларусы сталі грамадзянамі Польшчы на падставе працэдуры прызнаньня, сьведчаць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных на польскім партале адкрытых зьвестак.

Прызнаньне грамадзянінам Польшчы (uznanie za obywatela polskiego) — адміністрацыйны акт прыняцьця ваяводам у грамадзянства замежніка, які мае шчыльныя сувязі з краінай (працяглае пражываньне, дазвол на жыхарства, наяўнасьць польскіх каранёў і іншыя прадугледжаныя законам падставы).

Варта адрозьніваць ад працэдуры наданьня грамадзянства (nadanie obywatelstwa polskiego), калі адпаведнае рашэньне прымае прэзыдэнт.

Паводле афіцыйных даных, кіраўнік Мазавецкага ваяводзтва (на гэтай тэрыторыі знаходзіцца Варшава) прызнаў грамадзянамі Польшчы 2.248 беларусаў, Паморскага — 726, Падляскага — 663, Вялікапольскага — 432, Малапольскага — 431, Ніжнесілезскага — 291, Лодзінскага — 230, Заходнепаморскага — 146, Люблінскага — 132, Сілезскага — 110, Куяўска-Паморскага — 78, Варміньска-Мазурскага — 66, Любушскага — 41, Свентакшыскага — 29, Апольскага — 27, Падкарпацкага — 27; міністр унутраных спраў і адміністрацыі як орган другой інстанцыі — 27.

Агулам гэтыя органы прынялі 10.925 рашэньняў аб прызнаньні грамадзянінам Польшчы ў дачыненьні да 14.828 замежнікаў. Сярод іх беларусы займаюць 38,34%, саступаючы толькі ўкраінцам (7.451; 50,27%).

Летась рашэньне адмовіць у прызнаньні грамадзянінам Польшчы было прынятае ў дачыненьні да 506 замежнікаў, сярод якіх 148 беларусаў (29,25%) і 216 украінцаў (42,69%).

Паводле дадзеных Упраўленьня па справах замежнікаў, у Польшчы сёлета на канец лютага пражывала 143,1 тыс. грамадзян Беларусі з дакумэнтамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх знаходжаньне ў краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG