Ва Ўкраіне выкрытая арганізаваная злачынная група, у склад якой уваходзілі дзейныя народныя дэпутаты Украіны. Пра гэта паведаміла Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ).
Паводле сьледзтва, «удзельнікі групы на сыстэматычнай аснове атрымлівалі неправамерную выгаду за галасаваньне ў Вярхоўнай Радзе Украіны».
Дэталі паабяцалі абнародаваць з часам.
Раней дэтэктывы НАБУ і САП (спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура) правялі маштабную апэрацыю па выкрыцьці карупцыі ў сфэры энэргетыкі. Паводле сьледзтва, удзельнікі злачыннай арганізацыі высокага ўзроўню выбудавалі маштабную карупцыйную схему ўплыву на стратэгічныя прадпрыемствы дзяржаўнага сэктару, у прыватнасьці, АТ «Энэргаатам». Асноўным напрамкам працы арганізацыі было «сыстэматычнае атрыманьне неправамернай выгады ад контарагентаў „Энергаатама“ у памеры ад 10% да 15% ад кошту кантрактаў».
У рамках справы былі абнародаваныя запісы аб карупцыі ў энэргетыцы. На іх людзі, якія абмяркоўваюць карупцыйныя справы, пазначаныя мянушкамі: «Карлсан» — бізнэсовец, сузаснавальнік студыі «Квартал-95» Цімур Міндзіч, «Прафэсар» — былы міністар юстыцыі Герман Галушчанка, «Тэнар» — выканаўчы дырэктар па бясьпецы АТ «Энэргаатам» Дзьмітро Басаў.
Цімур Міндзіч заявіў «Украінскай праўдзе», што мэдыйна зь яго зрабілі крайняга і вінаватага, хаця факты іншыя. У інтэрвію бізнэсовец, які выехаў у Ізраіль, адмовіўся камэнтаваць сутнасьць высунутых яму ва Ўкраіне афіцыйных абвінавачаньняў, падкрэсьліўшы, што справу вядуць яго адвакаты.
Дырэктар НАБУ Сямён Крыванос у размове з Радыё Свабода 18 лістапада паведаміў, што бюро працуе над запускам працэдуры экстрадыцыі Цімура Міндзіча.
Форум