Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «нядбайных бацькоў» да «здраднікаў радзімы». Трапіць пад каток рэпрэсій у Беларусі стала яшчэ прасьцей


Каб атрымаць ярлык «сям’і, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы», можа хапіць нават «лайку» ў сацсетках
Каб атрымаць ярлык «сям’і, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы», можа хапіць нават «лайку» ў сацсетках

Улады Беларусі пашыраюць межы магчымасьцяў рэпрэсіўнай машыны: ад пастаноўкі сям’і на ўлік сацыяльна небясьпечнай да крымінальнага перасьледу за «здраду радзіме». Гэта вынікае з дакладу Беларускага Хэльсынскага камітэту. 

Сёмыя прэзыдэнцкія выбары не прынесьлі аслабленьня рэпрэсій. Наадварот, праваабаронцы адзначаюць пагаршэньні ў розных сфэрах чалавечага жыцьця ў Беларусі. І называюць сытуацыю з правамі чалавека стабільна цяжкай.

У Беларусі цяпер актыўна ідзе перагляд заканадаўства. Таму ў 2025—2026 годзе можна чакаць пашырэньня фармалізацыі падставаў для перасьледу ў сфэрах:

  • адміністрацыйнай адказнасьці,
  • працоўных адносінаў,
  • аховы здароўя,
  • адукацыі,
  • культуры.

Праваабаронцы прагназуюць павышэньне рэпрэсіўнага ціску на работнікаў прыватнага сэктару эканомікі.

З студзеня павялічылася колькасьць адміністрацыйных парушэньняў, за якія бацькоў могуць дадаткова пакараць пастаноўкай сям’і на ўлік «сацыяльна небясьпечнага становішча». Сярод гэтых парушэньняў ёсьць і тыя, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу:

  • уцягненьне непаўналетніх ва ўдзел у несанкцыянаванай акцыі,
  • выкарыстаньне забароненай сымболікі,
  • захоўваньне ці распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, а пад гэта можа трапіць нават лайк ці перапост.

З эканамічных пагаршэньняў праваабаронцы адзначылі пазбаўленьне права на дапамогу для тых беспрацоўных, хто ня мае 5 гадоў стажу.

А ў адукацыі зьвярнулі ўвагу на новыя абмежаваньні для рэпэтытараў, якім сярод іншага загадалі вучыць так, як прапісана ў дзяржаўных праграмах. Мэта гэтых абмежаваньняў — ва ўвядзеньні ідэалягічнага кантролю і за нефармальным навучаньнем, пішуць праваабаронцы.

Усё шырэй прымяняецца артыкул «здрада дзяржаве». Прычым здрадай у вачах рэпрэсіўнай машыны становяцца нават сацыялягічныя апытаньні. У 2022 асуджаных паводле гэтага артыкулу было 12, у лютым 2024 — 55, у лістападзе 2024 — 88.

У 2025 годзе ўлады закрылі публічны доступ да электроннага раскладу судовых рашэньняў. У выніку праваабаронцы страцілі практычна ўсе афіцыйныя крыніцы інфармацыі для маніторынгу палітычнага перасьледу ў краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG