Пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі ў Пэкіне з старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам паведаміла дзяржаўнае агенцтва КНР «Сіньхуа».
Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну «за дружалюбнасьць», перадае дзяржаўнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня»:
«Яно падкрэсьлена тым, што вы запрасілі мяне ў свой дом... Вы вельмі правільна адзначылі асноўную асаблівасьць цяперашняга часу — беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду на нас, перш за ўсё на Кітай. І сёньня погляды многіх дзяржаваў, як і Беларусі, зьвернуты да вас, у Пэкін».
«Кітай не дазволіць парушыць сусьветны парадак, — дадаў Лукашэнка. — У гэтым перакананыя многія, многія краіны».
Як піша Reuters, Сі Цзіньпін у адказ заявіў, што абедзьве краіны павінны сумесна выступаць супраць «гегемоніі і цкаваньня» і абараняць міжнародную справядлівасьць.
Паводле інфармацыі дзяржаўнай кітайскай тэлекампаніі CCTV, Сі сказаў Лукашэнку, што Кітай «заўсёды разглядаў і разьвіваў свае адносіны зь Беларусьсю з гледзішча стратэгічнай і доўгатэрміновай пэрспэктывы».
Сі дадаў, што Кітай «гатовы супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў мэтах спрыяньня стабільным і шырокамаштабным двухбаковым адносінам і ўзаемавыгаднай супрацы», паведамляе CCTV, якую цытуе агенцтва AFP.
Кіраўнік КНР згадаў цесныя кантакты дзьвюх краін і каардынацыю ў міжнародных справах, у тым ліку ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) і ААН.
Сі Цзіньпін запрасіў Аляксандра Лукашэнку на саміт ШАС і парад у Пэкіне да 80-годзьдзя перамогі ў Другой усясьветнай вайне, якія пройдуць у канцы жніўня — пачатку верасьня 2025 году, перадае БЕЛТА.
Пасьля сустрэчы зь Сі Лукашэнка завяршыў свой трохдзённы візыт у КНР.
Беларусь мае дэфіцыт у гандлі з КНР
Паводле кітайскай мытні, прафіцыт гандлю КНР зь Беларусьсю ў 2024 годзе вырас да 4,77 мільярда даляраў, або на 47,6% у параўнаньні з папярэднім годам, прычым экспарт аўтамабіляў, лічбавых тэлевізараў і пральных машын з КНР значна перавысіў кітайскія закупкі беларускіх тавараў, у тым ліку сельскагаспадарчых угнаеньняў, піша Reuters.
- Беларусь апошнім часам актыўна разьвівае палітычныя і эканамічныя адносіны з камуністычным Кітаем, удзельнічае ў сумесных праектах, пад Менскам дзейнічае кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень».
- Кітай падтрымлівае ўлады Беларусі ў структурах ААН, у тым ліку ў Радзе правоў чалавека, дзе галасуе супраць рэзалюцыяў у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
- Паводле МЗС Беларусі, актыўна разьвіваецца партнэрства з КНР у сфэры бясьпекі, вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У вайсковай сфэры адбываюцца рэгулярныя візыты, сумесныя манэўры.
- У 2021 годзе ўлады Беларусі прынялі дырэктыву «Аб разьвіцьці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».
Форум