Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні з удзелам Зяленскага праходзіць саміт дзяржаваў усходняга і паўночнага флянгаў NATO


Саміт лідэраў дзяржаваў усходняга і паўночнага флянгаў NATO. Вільня, 2 чэрвеня 2025 году
Саміт лідэраў дзяржаваў усходняга і паўночнага флянгаў NATO. Вільня, 2 чэрвеня 2025 году

У Вільню прыбылі прадстаўнікі так званай Бухарэсцкай дзявяткі сябраў NATO, краінаў Паўночнай Эўропы і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

У прэсавай службе прэзыдэнта Літвы паведамілі, што на саміт у Вільні запрасілі лідэраў дзяржаваў усходняга і паўночнага флянгаў NATO.

У Вільню прыбываюць прадстаўнікі так званай Бухарэсцкай дзявяткі (Баўгарыі, Вугоршчыны, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Чэхіі, Эстоніі), краінаў Паўночнай Эўропы (Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Швэцыі) і Ўкраіны. У саміце таксама бярэ ўдзел генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.

На сустрэчы гавораць пра ўзмацненьне бясьпекі і абароны ўсходняга флянгу альянсу, а таксама рыхтаваньне да саміту NATO, які адбудзецца 24–25 чэрвеня ў Гаазе. З прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім плянуюць абмеркаваць далейшую падтрымку Ўкраіны.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ ў Вільні заявіў, што ўсе саюзьнікі дамовіліся аб сяброўстве Ўкраіны і што гэта не павінна абмяркоўвацца на мірных перамовах.

Кіраўнік альянсу сказаў гэта, бо адна з умоваў міру, якія выстаўляе Расея на перамовах у Стамбуле, — абавязаньне NATO не пашыраць вайсковы блёк далей на Ўсход.

«Што да Ўкраіны, то ў Вашынгтоне ўсе 32 саюзьнікі выразна заявілі, што шлях Украіны ў NATO незваротны. Для гэтага няма канчатковай даты, мы не ўспрымаем гэта як частку мірнага пагадненьня, але мы ясна бачым, што гэта доўгатэрміновае абавязаньне 32 саюзьнікаў», — сказаў у Вялікакняскім палацы журналістам Рутэ, якога цытуе BNS.

«І менавіта цяпер мы наводзім гэты мост», — дадаў ён.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыбыў у Вільню, дзе возьме ўдзел у саміце краінаў Бухарэсцкай дзявяткі і Паўночных краінаў.

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар кіраўніка ўкраінскай дзяржавы Сяргей Нікіфараў.

«На палях саміту таксама заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы з удзельнікамі саміту», — дадаў Нікіфараў.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа вітае на саміце ў Вільні прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага, 2 чэрвеня 2025 году
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа вітае на саміце ў Вільні прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага, 2 чэрвеня 2025 году

Наўседа: «Расея не чакае»

Літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа заклікаў NATO паскорыць выкананьне сваіх будучых абавязаньняў у выдатках на абарону, паведамляе BNS.

Паколькі Злучаныя Штаты ціснуць на саюзьнікаў, патрабуючы траціць 5% іхнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП) на абарону, альянс спрабуе дамовіцца аб падзеленым на дзьве часткі абавязаньні на саміце ў Гаазе ў канцы чэрвеня.

Уласна выдаткі на абарону прапануецца павялічыць да 3,5% ВУП, а яшчэ 1,5% ВУП вылучыць на патрэбы, зьвязаныя з абаронай, прыкладам, разьвіцьцё інфраструктуры падвойнага прызначэньня.

Наўседа адзначыў, што «Расея не чакае» і мае намер рэфармаваць свае ўзброеныя сілы неадкладна.

«У нас вельмі мала часу, каб зрабіць тое самае. Я думаю, нам трэба гаварыць пра тры-пяць гадоў», — заявіў прэзыдэнт Літвы журналістам.

21 траўня краіны Эўрапейскага Зьвязу дасягнулі згоды што да стварэньня абароннага фонду Security Action for Europe (SAFE) на 150 мільярдаў эўра. 27 траўня Рада ЭЗ ухваліла першую маштабную праграму інвэстыцыяў у абарону на ўзроўні ЭЗ коштам 150 мільярдаў эўра.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG