Пра сэнсацыйнае адкрыцьцё напісаў навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Дзярновіч.
«Усё ж, пад заваламі разбуранай вежы, мы знайшлі яго! Заходні кут Трэцяй (Сьвідрыгайлавай) вежы», — напісаў навуковец у фэйсбуку.
Падмурак вежы знайшлі яшчэ ў ліпені 2023 году. Кіраўнік цяперашніх раскопак Алег Дзярновіч тады пісаў:
«Праўдападобна, што менавіта ў гэтым месцы войскі князя Сьвідрыгайлы ў 1433 годзе прарваліся на замак. Вежа была пашкоджана і больш не аднаўлялася. Гэтае адкрыцьцё перакрэсьлівае меркаваньне, якое панавала дзесяцігодзьдзямі: што Крэўскі замак быў дастаткова прымітыўны, трапецыя зь дзьвюма вежамі. Высьвятляецца, што структура замку была больш складаная і больш разгалінаваная».
Да гэтага было вядома толькі пра дзьве вежы Крэўскага замку: Княскую і вежу Вітаўта. Яны стаялі ў кутах замка і былі пабудаваныя на мяжы XIV і XV стагодзьдзяў. Першыя, яшчэ павярхоўныя знаходкі паказваюць, што ўяўленьні пра замак былі зусім не такімі, якім ён быў насамрэч.
Новае адкрыцьцё дадае дасьледнікам яшчэ больш пытаньняў, заўважае ў тэлеграме Беларускі інстытут публічнай гісторыі. Напрыклад, хто будаваў сутарэньні? У тыя часы іх мелі толькі важныя будынкі, у касьцёлах, напрыклад, яны пачалі зьяўляцца пазьней — на мяжы XV–XVI стагодзьдзяў. Адкуль былі майстры, якія пабудавалі сутарэньні ў XIV стагоддзі? Да таго на беларускіх землях былі вядомыя бізантыйскія майстры, а тут — відавочна гатычны стыль.
Навуковец выказаў думку, што гэта былі ганзейскія майстры з Паўночнай Нямеччыны, якія перабраліся ў Рыгу і Каралявец (па-расейску сёньня Калининград). Магчыма, яны ўзьвялі такі будынак, як Крэўскі данжон са скляпамі.
Адметна, успамінае канал, што беларускі мастак Яўген Кулік (1937-2002) на малюнку-рэканструкцыі з 1980-х гадоў прадставіў Крэўскі замак якраз з трыма вежамі.
Форум