Кніга «На „Старт“ і ў „Тэмпе“» выйшла ў лёнданскім выдавецтве «Скарына Прэс». Першая прэзэнтацыя адбылася 22 траўня ў Варшаве, другая пройдзе 1 чэрвеня ў Вільні. Аўтар і выдавецтва плянуюць і наступныя сустрэчы з чытачамі.
Арцём Сізінцаў раказаў Свабодзе, што друк кнігі і праца карэктараў ды ілюстратара сталі магчымымі дзякуючы пасьпяховаму збору грошай талакою, які прайшоў увосень 2024 году на плятформе «Гронка». Тады ўдалося сабраць нават больш, чым чакалася, — 109% ад заплянаванай сумы.
Як зьбіраўся матэрыял для кінгі? Арцём Сізінцаў сказаў, што з маленства хадзіў на гульні футбольнага клюбу «Ворша», а пазьней зацікавіўся гісторыяй каманды.
«Сьпярша гэта было проста жаданьне ўзяць глыбей, даведацца пра ранейшыя посьпехі, хто стаў найбольш знакамітым гульцом і трэнэрам, каму належаць розныя рэкорды і якія яны. Гэтак я ўведаў, што гістарычная назва маёй роднай каманды „Старт“, і я хачу, каб яна вярнулася. У архівах і старых газэтных падшыўках я знайшоў зьвесткі пра першыя строі нашай дружыны — блакітныя кашулі і чорныя майткі. Адначасна зьбіраў зьвесткі пра іншыя каманды, што ў розныя пэрыяды існавалі на Аршаншчыне», — гаворыць аўтар выданьня.
Пачаўшы пісаць кнігу ў 2011 годзе, Сізінцаў шмат часу правёў у архівах, бібліятэках. Сустракаўся з гульцамі і трэнэрамі мінулых часоў. Кніга закранае гісторыю беларускага футболу ў цэлым, зь яе статыстычных і ілюстрацыйных разьдзелаў можна даведацца і пра іншыя клюбы з розных рэгіёнаў краіны.
Адной зь цікавостак кнігі стала выкарыстаньне адметнай беларускай спартовай лексыкі. Некаторых зьдзівіла выкарыстаньне як уласна беларускага адпаведніка англіцызму «футбол» словазлучэньня «ножны шпурляк». Сізінцаў патлумачыў, адкуль яно ўзялося:
«Спорт і ў прыватнасьці футбол у Беларусі разьвіваліся ў такое ліхалецьце, што беларусы ніяк не маглі „ўзьбіцца“, як кажуць на Аршаншчыне, на стварэньне ўласнай спартовай лексыкі. Калі глядзець на лексыку, што часам выкарыстоўваюць рэдкія журналісты, якія яшчэ працуюць па-беларуску, і словы, надрукаваныя ў некаторых слоўніках савецкай пары, дык яна часта нагадвае расейскія словы, прамоўленыя зь беларускай артыкуляцыяй, або ангельскія, прапушчаныя празь фільтар расейскай мовы. Напрыклад, слова „нападаючы“, якое яўна не выглядае назоўнікам і граматычна супярэчыць беларускай мове. Відавочна, гульца на гэтай пазыцыі мы павінны называць „нападнікам“. Ёсьць процьма іншых словаў, якія могуць сапраўды гучаць па-беларуску, а не калькавацца зь іншых моваў.
А называць футбол ножным шпурляком прапанаваў славуты беларускі моўны пурыст прафэсар Янка Станкевіч. Словы „шпуляк“, „шпурляк“ існавалі ў народных гульнях вельмі даўно. Так называлі мяч. Пра „гульню ў шпурляка“ пісаў у перакладзе раману Генрыка Сянкевіча Quo Vadis сьвятар Пётра Татарыновіч. У паваенную пару гэтыя людзі ўжо былі ў эміграцыі, а ў савецкай Беларусі ўсё больш прасторы здабывала расейская мова. Быў неспрыяльны час для ўвядзеньня нэалягізмаў ці адраджэньня старой лексыкі. Натуральна, у мінулыя дзесяцігодзьдзі шанцаў замацаваць той жа „ножны шпурляк“ у нашай мове было няшмат — вы паглядзіце, як некаторыя супраціўляюцца нават словам „брамнік“ і „заўзятар“, якія даўно й пасьпяхова выкарыстоўваюцца».
Сізінцаў перакананы, што ня толькі «ножны шпурляк», але й многія іншыя тэрміны замацуюцца ў беларускай мове. Ён падкрэсьлівае, што не выступае супраць запазычаных словаў, пагатоў яны нярэдка паказваюць на дух гульні, вынікаюць зь яе арыгінальных правілаў.
Але як ад выразу «ножны шпурляк» стварыць прыметнік ці назву гульца? Аўтар кнігі зазначае розьніцу ў адценьнях тэрмінаў: называе «футболам» грамадзка-сацыяльныя чыньнікі, што атачаюць гэты від спорту, а «ножным шпурляком» канкрэтна саму гульню і яе тактычныя прапановы. Ён кажа, што прыметнік можа гучаць як «шпурляковы». Гульца прапануе называць словам «шпурляр», што цалкам натуральна для беларускай, дзе ёсьць словы «вясьляр», «змагар» і іншыя з гэтым суфіксам.
Тэрміналёгія ня ўзятая з галавы, кажа аўтар, — розную лексыку ў сваіх работах прапаноўвалі вядомыя беларускія мовазнаўцы Янка Станкевіч, Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка і шэраг іншых. Ня ўсе яны мэтанакіравана займаліся спартовай тэматыкай, але іхны даробак прыдаецца ў асэнсаваньні спартовай лексыкалёгіі, кажа аўтар, які абараніў магістарскую дысэртацыю ў спартовай беларускай лексыцы ў Варшаўскім унівэрсытэце.
У замацаваньне ўласнабеларускіх тэрмінаў Сізінцаў верыць і з тае прычыны, што падобны шлях праходзілі іншыя народы, напрыклад, італійцы, харваты, чэхі, палякі. Спачатку яны таксама карысталіся запазычанай лексыкай, але потым пачалі ствараць уласную — дзесьці бралі тэрміналёгію з народных гульняў і адаптоўвалі пад новы від спорту, дзесьці проста перакладалі з ангельскай, дзесьці прыдумлялі нэалягізмы.
Пры гэтым дасьледнік настойвае: засяроджвацца з нагоды выхаду кнігі трэба на іншым, а менавіта на гісторыі спорту. Лексыка ў напісаньні кнігі «На „Старт“ і ў „Тэмпе“» мела толькі інструмэнтальную ролю. Кніга ж не пра тэрміналёгію, а пра гісторыю ножнага шпурляку на малой радзіме аўтара — Аршаншчыне. Тут летапіс мясцовых камандаў, інфармацыя пра адметных гульцоў.
Кнігу ўжо можна купіць на сайце выдавецтва, а таксама на прэзэнтацыях.
Форум