Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе пачынаецца год». Беларускі гурт зь Сіетлу прэзэнтуе новы альбом


Гурт VOLYA
Гурт VOLYA

Беларуская рэжысэрка, сьпявачка, зьбіральніца фальклёру і нацыянальных строяў Вольга Дземка, якая даўно жыве ў ЗША, 20 траўня прэзэнтавала новы музычны альбом «Дзе пачынаецца год».

23 траўня музычны альбом «Дзе пачынаецца год» будзе прэзэнтаваны на прэстыжным Northwest Folklife Festival, які сёлета пройдзе ў амэрыканскім Сіетле 55-ы раз. Будзе трансьляцыя ў жывым тэлеэфіры.

Вольга Дземка стварыла ў ЗША міжнародны фальклёрны гурт VOLYA, дзе дзяўчаты сьпяваюць па-беларуску, 15 гадоў таму. Вольга — укладальніца вялікай калекцыі беларускіх нацыянальных строяў і аўтарка каталёгаў «Традыцыйныя народныя строі». У 2020 годзе яна зьняла дакумэнтальную стужку «Песьні старой Эўропы» пра беларускія народныя сьпевы.

23 траўня ў Сіетле адкрыецца Northwest Folklife Festival Гэта адзін з найбуйнейшых фальклёрных фэстываляў у Амэрыцы, кажа Вольга Дземка.

«У даковідныя часы на фэстываль прыходзілі каля 300 тысяч слухачоў і гледачоў. Там толькі выканаўцаў — 2,5 тысячы. Арганізатары фэсту прымаюць адну чвэрць заявак ад колькасьці ахвочых там удзельнічаць. Таму выступаць на гэтым фэстывалі вельмі прэстыжна. Мы радыя, што нас туды запрасілі. 23 траўня мы выступаем пад другім нумарам і пакажам усю праграму нашага новага альбому», — з гонарам апавядае Вольга.

На рэпэтыцыі
На рэпэтыцыі

«Сучаснаму чалавеку слухаць гэта даволі цяжка»

У альбоме «Дзе пачынаецца год» гурту VOLYA — 27 асноўных і два бонусныя трэкі, кажа сьпявачка.

«Што да бонусных песень, яны вельмі прыгожыя, але гэта не клясычны канон і ня дзікі „супэр-мэга-ф’южн“, які гурту таксама падабаецца. Мы вельмі хацелі, каб людзі пачулі іх паасобку. Я беларускія песьні проста абагаўляю, але разумею, што сучаснаму чалавеку слухаць іх даволі цяжка. У іх, скажам так, жыцьцё ня б’е фантанам, хаця яны вельмі жыцьцёвыя, пра турботы. І знайсьці песьні, якія былі б ня жаласьлівыя, не тужлівыя, а зь лягчэйшымі і тэкстам, і музыкай ня вельмі проста.

Таму я з усіх сваіх экспэдыцыяў і матэрыялаў, якія назапасіла, адабрала толькі тыя песьні, якія ўспрынялі б больш пазытыўна ўсе нашыя слухачы, а ня толькі тыя, хто сьпявае такі ж фальклёр, альбо прафэсары, якія фальклёр вывучаюць», — тлумачыць Вольга.

Вольга Дземка ў нацыянальным строі
Вольга Дземка ў нацыянальным строі

У беларусаў нейкі час уяўленьні пра фальклёр часта складаліся зь перадачы Беларускай тэлевізіі «Запрашаем на вячоркі», дзе сапраўды збольшага песьні былі тужлівыя, сумныя. Няўжо гэта так? — пытаемся ў Вольгі, якая, ужо жывучы ў ЗША, часта выпраўлялася ў фальклёрныя экспэдыцыі па Беларусі. Яна ня лічыць, што беларускі фальклёр нудны і сумны.

«Рэч хутчэй у тым, што, паводле этнографаў, беларускія песьні найстарэйшыя ў Эўропе, дайшлі да нас у нязьмененай форме. І нават песьні не пра тугу выконваюцца ў іншых ладах, і яны незнаёмыя сучаснаму слухачу. Да прыкладу, эстрадная музыка існуе паводле сваіх канонаў, у яе свае ўлюбленыя лады, свая структура.

А беларускія песьні — яны сапраўды архаічныя, старажытныя, там ёсьць іншыя лады. У нашым альбоме вельмі шмат песень — сапраўдных прыкладаў тэтратонікі й пэнтатонікі. То бок уся песьня ўкладзеная з чатырох ці пяці нотаў. Я іх нуднымі ну ніяк не адчуваю! Але для таго, хто не прывык да даўнейшай пабудовы песень, выслухаць усю песьню без усялякіх фаэрвэркаў і размаляванства, да якога мы ўсе ўжо прызвычаіліся, амаль немагчыма. Таму я не сказала б, што зусім нудота, хаця ёсьць і нудныя песні. І я паставіла задачу — знайсьці тыя, якія ўсё ж такі ўспрымаліся б лягчэй», — тлумачыць укладальніца альбому.

Беларускі, армянка, баўгарка, расейкі

Гурт VOLYA існуе ўжо шмат гадоў. Калектыў інтэрнацыянальны. У Беларусі Воля сьпявала ў гурце «Гуда», а пасьля пераезду ў Штаты пачала сьпяваць у расейскім калектыве, дзе пазнаёмілася спачатку зь беларускай Вольгай Сухавер і баўгаркай Дарынкай Шапавалавай, якая вырасла ў расейскім Барнауле, але ў Санкт-Пецярбургу скончыла магістратуру ў этнаграфіі. Яе навуковы кіраўнік займаўся беларускімі песьнямі, і Дарынка сьпявала і вывучала там менавіта беларускі фальклёр, апавядае пра сваіх дзяўчат Воля Дземка.

«Скрыпачка Рая — армянка. Таксама арганізоўвала гурт Вольга Сухавер — яна этнічная беларуска, але яе бацькі пераехалі ў Маскву, дзе працягвалі размаўляць па-беларуску. Вольга апавядала, як яе мама вельмі пяшчотна называла бацьку „Сярожанька“. Таму для яе Беларусь і беларускія песьні засталіся роднымі. Карацей, я і Воля Сухавер — беларуска, Дарынка Шапавалава — баўгарка, Рая Асрыянц — армянка. Да нас далучыліся Галіна Калюжына з Кыргызстану і дзьве расейкі — Каця Бадаева і Іра Каваленка. Атрымаўся вось такі „кампот“, — жартуе Воля.

Рая Асрыянц на рэпетыцыі з удзелам Сяржука Доўгушава
Рая Асрыянц на рэпетыцыі з удзелам Сяржука Доўгушава

У дзейнасьці гурту быў вельмі доўгі творчы перапынак, бо сама Воля Дземка мела сур’ёзныя праблемы са здароўем, не магла выступаць на канцэртах.

„У нас у гурце быў толькі адзін голас сапрана — гэта я. А калі сапрана вылятае — канцэрту няма. Летась на Каляды да нас меў прыехаць Сяржук Доўгушаў са сьвяточнай праграмай, але ў яго нешта ня склалася, і мне патэлефанавала кіраўніца нашай беларускай суполкі ў Сіетле: „Воля, што рабіць? Мы ўжо пачалі прадаваць квіткі на канцэрт Сержука“.

Я кажу: „Спакойна“. Пайшла да дзяўчат, зь якімі яшчэ ў 2010 годзе сьпявала ў расейскім гурце, і спыталася, ці дапамогуць яны мне з каляднымі песьнямі. Яны пагадзіліся», — узгадвае Вольга.

Яна выбрала некалькі самых простых з моўнага гледзішча песень. Дзяўчаты развучылі некалькі калядных песенек і выратавалі сытуацыю, адыгралі калядны канцэрт у Сіетле.

Нацыянальныя строі важны элемент творчасьці для музыкаў
Нацыянальныя строі важны элемент творчасьці для музыкаў

«Пасьля яны запыталіся, ці не хацела б я зрабіць зь імі асобную праграму. Так у мяне зьявіліся тры вельмі харошыя галасы сапрана. І калі нешта са мной ня так, нам ня трэба скасоўваць канцэрты. Паколькі ў нас рэпэртуару не было, я пачала зьбіраць тое, што мне падабалася. І праз год у нас ужо быў цэлы дыск. Мы тады запісалі альбом — 45 хвілін», — узгадвае Вольга.

«Нашыя строі з кірункам на камфорт»

Гурт VOLYA вызначаецца вельмі прыгожымі строямі. Вольга Дземка прызнаецца, што да нейкага часу касьцюмы былі цалкам аўтэнтычнымі, але каб не «цягаць музэйныя экспанаты на сцэну», паспупова пачалі замаўляць саматканку ў народнай майстрыхі Натальлі Ярмалінскай ці нейкія рэчы ў Насты Глушко.

«Таму зараз ў нашых строях ёсьць аўтэнтычныя элемэнты, на якія я яшчэ не зрабіла „рэплікі“ (дакладнай копіі. — РС). Але напалову нашы строі — рэплікі, зробленыя з саматканых матэрыялаў, і кожная дэталь ці то дакладна скапіяваная з арыгіналу, ці то вельмі карпатліва вывучаная зь нейкіх крыніц. Нашы касьцюмы — частка этнічнай калекцыі гурту VOLYA, якія я назьбірала за ўсе гады яго існаваньня. Так што ўсё пачыналася ня з мэты проста зьбіраць строі — мне вельмі хацелася, каб на сцэне мы выглядалі аўтэнтычна і прыгожа», — тлумачыць яна.

Вольга ўзгадвае, што неяк на маркетплэйсе еBay ёй трапілася на вочы кашуля, якая вельмі ўразіла. Яе падпісалі на сайце як «русское платье».

«Веткаўскія ці неглюбскія кашулі ты ні з чым не пераблытаеш. Я зьвязалася з прадаўцом і кажу, што гэта ня вельмі падобна да „рускага“. Чалавек кажа, што ў яго бабуля была зь Веткаўскага раёну і гэтую кашулю рабіла сама, сваімі рукамі. Я пабачыла на здымках, што там дзіцячы ложак стаіць, напэўна, вельмі патрэбныя былі грошы. І ён пачаў распрадаваць бабулін пасаг, бабуліна багацьце. Такім чынам у нас зьявілася першая аўтэнтычная кашуля», — суразмоўца расказала, як пачала зьбіраць сваю каштоўную калекцыю.

Далей Вольга шукала на прасторах інтэрнэту, што яшчэ цікавага можна набыць. Паціху назьбіралася спачатку аўтэнтычных рэчаў на адзін альбом, потым на яшчэ адзін. А пазьней зьявіліся яшчэ і ўкраінскія строі.

«Але нашы, беларускія строі — з кірункам на камфорт, каб у іх можна было сесьці на траву. Аднак ўсе мае дзяўчаты ведаюць, што калі на табе спадніца ХІХ стагодзьдзя і ты села на траву, да заўтра не дажывеш… Таму каб яны пачуваліся спакойна, вольна і каб можна было есьці ў перапынках піражкі (бо калі я пабачу ежу ў руках, то і піражок не дажыве, і ніхто не дажыве), я раблю рэплікі.

У Дарынкі строй цалкам адноўлены, ён рэпліка, але так добра выглядае, што зь яе гэты строй намагаліся ўжо некалькі разоў зьняць, маўляў: „А чаго гэта ты ў музэйных строях ходзіш? Так нельга! Псуеш каштоўныя рэчы!“ Так што за строі гонар бярэ: мы добра зрабілі, выглядае ўсё сапраўдна і прыстойна!» — кажа Вольга.

Як амэрыканцы рэагуюць на беларускі фальклёрны гурт, на прыгожыя беларускія народныя строі?

«У Сіетле публіка, якая прыходзіць на фэстываль — амэрыканцы абазнаныя, адукаваныя, якія цікавяцца рознымі культурамі. Тут вельмі папулярныя, да прыкладу, балканскія танцы і сьпевы, і беларускія таксама на гэтай хвалі туды залятаюць. Але што да іншых амэрыканцаў… Як беларусам да Бэлізу няма ніякай справы, ніхто не ўзгадае, дзе той Бэліз на мапе сьвету, так і зь Беларусьсю. Для бальшыні амэрыканцаў гэта нейкая краіна, якая далёка. Але тым, хто любіць нешта фальклёрна-этнаграфічнае, мы вельмі даспадобы», — кажа Вольга Дземка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG