Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабіць рэпрэсіі бачнымі для сьвету». Мастачка параўнала ў альбоме пратэсты ў Беларусі і ў Ганконгу


Альбом "Descent into the Marsh"
Альбом "Descent into the Marsh"

Беларуская мастачка Леся Пчолка выдала кнігу «Descent into the Marsh», дзе параўнала пратэсты ў Беларусі і ў Ганконгу. У альбоме зьмешчаныя яе фатаздымкі, зробленыя ў 2020 годзе ў Менску, а таксама фатаздымкі з пратэстаў у Ганконгу.

Паводле Лесі Пчолкі, рэпрэсіі ў Беларусі ня бачныя ў сьвеце на фоне войнаў, і таму трэба шукаць новыя формы, як паведаміць сьвету пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пры гэтым мастачка зрабіла ўсё дзеля таго, каб улады не змаглі ідэнтыфікаваць людзей на фатаздымках. Свабода пагаварыла зь Лесяй Пчолкай пра дакумэнтацыю і асэнсаваньне мірнай рэвалюцыі і пра тое, якім чынам найбольш эфэктыўна даносіць сьвету інфармацыю пра мірную рэвалюцыі 2020 году і масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.

«Цяпер нельга гаварыць толькі пра Беларусь»

Назва альбома, «Descent into the Marsh», перакладаецца як «Спуск у балота». Усе фота мастачка зрабіла ў 2020 годзе ў Беларусі.

— Я шукала новую форму прэзэнтацыі беларускага пратэсту. За апошнія чатыры гады зразумела, што нельга заставацца нібы ў закрытым кантэксьце, гаварыць толькі пра Беларусь. Гэтыя падзеі для многіх не зьяўляюцца чымсьці больш важным, чым вайна... Складана расказваць пра Беларусь на фоне таго, што сёньня адбываецца ў сьвеце. Але для нас гэта вельмі важны працэс, які застаўся не пражытым, не прагавораным да канца. У нас быў вельмі кароткі час, каб мы маглі яго пераасэнсаваць. І, канечне, нічога ня скончылася, таму складана рабіць нейкія высновы.

Леся Пчолка
Леся Пчолка

Мастачка Леся Пчолка з 2021 году на вымушанай эміграцыі. Жыве, як сама кажа, паміж Бэрлінам і Бельскам. І ўсе гэтыя гады яна часта размаўляла пра беларускія пратэсты 2020 году зь людзьмі ў Нямеччыне, Польшчы ды іншых краінах.

— Кожны раз, калі расказваеш пра тое, што адбывалася ў Беларусі, у людзей ёсьць жаданьне параўноўваць гэта зь нейкімі вядомымі ім кейсамі — ці з украінскім Майданам 2014-га, ці з «Салідарнасьцю» ў Польшчы, двума вядомымі кейсамі, калі людзі ладзілі супраціў. Для мяне гэта пратэсты мінулага, нешта зусім не рэлевантнае, што не адпавядае той хвалі салідарнасьці, натхненьня і адчуваньня сябе адной супольнасьцю, што я бачыла і адчувала ў Беларусі.

У 2023 годзе, у рэзыдэнцыі ў Швэцыі, мастачка пазнаёмілася з мастаком з Ганконгу.

(У 2019 годзе ў Ганконгу ўспыхнулі маштабныя пратэсты супраць Пэкіну, паліцыя затрымала больш за дзесяць тысяч чалавек. У 2020 годзе кітайскія ўлады прынялі закон «Аб ахове нацыянальнай бясьпекі ў Спэцыяльным адміністрацыйным раёне Ганконг». У выніку дзейнасьць апазыцыі была фактычна забароненая. За парушэньне гэтага акта арыштавалі тысячы чалавек. Многія актывісты вымушаныя былі ўцячы за мяжу. — РС).

— Мы вельмі доўга размаўлялі пра тое, што адбывалася ў Ганконгу ў 2019–2020 гадах, і пра тое, што адбывалася ў Беларусі. Сумна, што ён больш ведаў пра беларускія пратэсты, чым я пра ганконгскія. Я зразумела, што гэта першы чалавек падчас маёй эміграцыі, які дасканала разумеў усё, пра што я кажу... Я не лічу, што нашы пратэсты пацярпелі паразу. Гэта ўжо незваротныя падзеі, і гэта быў крок наперад. На жаль, мы не свабодныя, але гэты крок мы прайшлі. У Ганконгу адбылося тое ж самае.

Нягледзячы на небясьпеку, мастачка зьезьдзіла ў Ганконг.

— Для мяне было важна ўбачыць на свае вочы, што і як там адбываецца. Гэта было ня вельмі бясьпечна, тым ня менш у 2024 годзе падчас працы над кнігай я паехала ў Ганконг. Канечне, іх сытуацыя адрозьніваецца ад нашай. Там ёсьць капіталізм. У самім Кітаі сытуацыя са свабодамі горшая, чым у Ганконгу. Ганконг мае свой асобны дзяржаўны апарат. Там трохі больш лібэралізацыі, каб не перакрываць гандлёвыя каналы. Але залежнасьць ад Кітаю стала большай, пасьля таго як пратэсты не дасягнулі чаканага выніку. Як і ў нас, там адбываюцца рэпрэсіі. Можна быць арыштаваным, напрыклад, за чорную вопратку ці за пратэст на вуліцы.

Яшчэ адна беларуская паралель. Мастак з Ганконгу дзеля бясьпекі папрасіў не пазначаць ягонага імя ў кнізе. Ён пазначаны як EDITOR: Black Seeds in Hong Kong.

«Спадзяюся, што з часам можна будзе выдаць кніжку, дзе ўсе твары будуць адкрытыя»

Леся Пчолка канстатуе, што ўзровень гвалту ў Беларусі застаецца нябачны для Эўропы і сьвету. Сама яна параўноўвае гэтыя рэпрэсіі са сталінскімі.

— І асноўная мэта гэтага альбома — зрабіць рэпрэсіі бачнымі для сьвету. У сваёй мастацкай практыцы я працую з архівамі, з захаваньнем дадзеных. І мне было важна ў першую чаргу зрабіць гэты альбом дакумэнтам часу, да якога можна потым вярнуцца праз пэўную колькасьць гадоў. Кніга вялікая, вокладка мае ўкладкі са стыкерамі з QR-кодамі на артыкулы ў розных мэдыя. Кніга падзеленая на сем частак, і ў кожнай частцы ёсьць месца для стыкераў, каб пры жаданьні можна было глыбей атрымаць інфармацыю па тэме.

Леся Пчолка працавала над кнігай каля году. Яны выдала альбом як самвыдат, набыўшы ISBN-нумар у Нямеччыне. А друкавалася кніга ў пазнанскай друкарні. Тэкст — па-ангельску. Мастачка кажа, што для яе было важна «закрыць наш умоўны электаральны цыкль, таму я кнігу выдала пры канцы 2024 году». Пчолка кажа пра важнасьць захаваньня інфармацыі і пра пратэсты.

— Некаторыя мэдыя страцілі свае архівы, людзі выдаляюць свае старонкі ў сацыяльных сетках. Таму вельмі важна ствараць дакумэнты, да якіх потым можна вярнуцца. Пры гэтым захоўваючы бясьпеку людзей, якія былі на здымках. Я схавала твары людзей на здымках, усе твары ананімізаваныя. Ёсьць агульныя фатаздымкі, па якіх улады ня змогуць вызначыць твары і знайсьці гэтых людзей.

Я зрабіла шмат фотапартрэтаў, але цяпер не магу гэтыя фатаздымкі выкарыстоўваць. Спадзяюся, што з часам можна будзе выдаць кніжку, дзе ўсе твары будуць адкрытыя і мы зможам заяўляць пра сябе ўголас. А цяпер усё, калі працуеш з тэмай пратэстаў 2020 году, трэба ў першую чаргу думаць пра людзей, пра ўдзельнікаў, пра бясьпеку. Але трэба не маўчаць. Я лічу, што трэба працягваць размаўляць, прыцягваць увагу, прасоўваць нашу тэму, гаварыць пра сябе, таму што ніхто іншы пра нас гаварыць ня будзе, акрамя нас саміх.

Альбом можна купіць у нямецкіх і швэдзкіх крамах , а таксама замовіць тут і тут.

Леся Пчолка называе сябе візуальнай мастачкай.

— Безумоўна, я выкарыстоўваю фатаграфіі. Я раблю інсталяцыі, малюю, выкарыстоўваю розныя тэхнікі. Мне важна данесьці нейкую думку і стварыць вобраз. З 2016 году я працавала з фотаархівамі, са старымі фотаархівамі беларусаў, а ў 2020 годзе падчас пратэстаў зноў вярнулася да фатаграфіі і пачала рабіць фотадакумэнтацыю, таму што адчувала, што гэта гістарычны момант і трэба яго захаваць. На шчасьце, атрымалася так, што я змагла захаваць усе гэтыя фатаздымкі. І я з радасьцю перадала б іх нейкаму архіву, каб ня даць рэжыму зрабіць пратэсты нябачнымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG