Такія высновы робіць Беларускі ПЭН у маніторынгу парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячоў культуры ў Беларусі за першы квартал 2025 году.
Усяго праваабаронцы налічылі 319 такіх парушэньняў правоў. Сярод 1208 палітзьняволеных, пра якіх было вядома на канец сакавіка, ня менш за 97 дзеячоў культуры.
Агулам жа ў калёніях, турмах, сьледчых ізалятарах, на «хіміі» і «хатняй хіміі» пакараньне паводле палітычных матываў адбываюць ня менш за 165 прадстаўнікоў сфэры культуры.
За квартал асудзілі ня менш за 12 культурных дзеячоў. Амаль для паловы гэта быў другі або трэці прысуд пасьля 2020 году.
Улады таксама назвалі «экстрэмісцкімі» 115 матэрыялаў на тэму культуры або сацыяльных сетак дзеячоў культуры. Сярод табуяваных тэмаў — вайна ва Ўкраіне, паўстаньне Каліноўскага і постаць самога Кастуся Каліноўскага.
Таксама праваабаронцы зафіксавалі 49 выпадкаў цэнзуры і 36 парушэньняў права на сумленны суд у дачыненьні да дзеячоў або арганізацый сфэры культуры.
У сьпіс выданьняў, якія нібыта «нясуць пагрозу нацыянальным інтарэсам», улады дадалі 30 кніг розных жанраў. Сярод іх, напрыклад,
- раман Чака Паланіка «Калыханка», напісаны ў жанры сюррэалістычнага трылера з элемэнтамі містыкі і сацыяльнай сатыры,
- кніга Эн Эплбаўм «ГУЛАГ», заснаваная на архіўных дакумэнтах, якая ў 2004 годзе атрымала Пулітцэраўскую прэмію,
- раман-бэстсэлер «Маленькае жыцьцё» Ханьі Янагіхары, прысьвечаны траўматычнаму досьведу і псыхічным наступствам гвалту.
У лік непажаданых трапілі фальклёрныя і міталягічныя тэмы, якія пасьля падзеяў 2020 году лічыліся дазволенымі і ўмоўна бясьпечнымі для творчай дзейнасьці.
- У Менску пасьля скаргаў праўладных актывістаў датэрмінова закрылася выстава «Беларускі бэстыярый».
- Дазвол на штогадовае «Сьвята Сонца» ў Дудутках скасавалі пасьля крытыкі праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, артыкул пра фэстываль было вымушана выдаліць і дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
Ня менш за 115 матэрыялаў на тэму культуры ці сацыяльных сетак дзеячоў культуры занесьлі ў «экстрэмісцкія» сьпісы ў першым квартале 2025 году. Сярод іх:
- «Тайны белорусской истории» Вадзіма Дзеружынскага,
- альбом «БНР-100: Сьвяткаванне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы»,
- «НКВД забіваў у Курапатах...» Марата Гаравога,
- «Чарвяк» Зьмітра Дашкевіча,
- «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці» Сяргея Навумчыка,
- «Кроў i попел Дражна: Гісторыі партызанскага злачынства» Віктара Хурсіка,
- «Партизаны СССР: от мифов к реальности» Сяргея Захарэвіча,
- «Советские партизаны: Мифы и реальность» Міхаіла Пінчука,
- «Случайный президент (политический портрет)» Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай,
- часопіс Беларускай асацыяцыі журналістаў «Абажур» № 3 (124).
Зафіксаваны выпадкі ціску на палітзьняволеных і «перавучваньне» іх зь беларускай мовы на расейскую, забароны размаўляць па-беларуску на спатканьнях з палітзьняволенымі.
За першы квартал 2025 году прымусовым чынам зьліквідавалі чатыры грамадзкія аб’яднаньні, сярод іх адну арганізацыю з сфэры культуры. Гэта можа сьведчыць пра заканчэньне ліквідацыі незалежных арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.
Форум