Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэлюдыя фашыстоўскага перавароту». 30 гадоў таму дэпутаты апазыцыі галадоўкай спрабавалі спыніць аўтарытарызм Лукашэнкі


Галадаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. 11 красавіка 1995 году
Галадаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. 11 красавіка 1995 году

30 гадоў таму, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, сілавікі Аляксандра Лукашэнкі пабілі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту проста ў залі паседжаньняў. Напярэдадні дэпутаты абвясьцілі галадоўку супраць ініцыятывы Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум аб зьмене сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Свабода прыгадвае падзеі, якія перадвызначылі хаду беларускай найноўшай гісторыі.

Лукашэнка абвяшчае рэфэрэндум

На пачатку 1995 году Аляксандар Лукашэнка, незадоўга да таго абраны прэзыдэнтам Беларусі, агучыў ідэю рэфэрэндуму, вынікі якога паўплывалі на ўвесь далейшы ход беларускай гісторыі.

Відэаапэратар Сяргей Чырык зафіксаваў супрацьстаяньне, якое імкліва нарастала паміж прэзыдэнтам і ягонымі апанэнтамі. Кадры вясны 1995 году дэманструюць: пытаньні, вынесеныя Лукашэнкам на рэфэрэндум, дэмакратычная супольнасьць успрыняла як курс на адмову ад нацыянальных каштоўнасьцяў і ўзурпацыю ўлады.

Сустрэча з выбарцамі. 9 красавіка 1995
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:28 0:00

9 красавіка на прыступках будынку Вярхоўнага Савету, тагачаснага парлямэнту, на вуліцы Карла Маркса, 38 у Менску, куды потым пераехала адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты з Апазыцыі БНФ правялі сустрэчу з выбарнікамі. Выступоўцы заявілі, што прэзыдэнцкая ініцыятыва парушае Канстытуцыю і непазьбежна прывядзе да расколу ў грамадзтве. Наступнымі днямі людзі выходзілі на плошчу Незалежнасьці, патрабуючы адмовіцца ад рэфэрэндуму.

Сваёй кульмінацыі напружанасьць дасягнула 11 красавіка, калі Лукашэнка выступіў у Вярхоўным Савеце з прапановай рэфэрэндуму аб чатырох пытаньнях:

  • Аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай
  • Аб замене герба Пагоня і бел-чырвона-белага сьцяга новай сымболікай
  • Аб надзяленьні прэзыдэнта правам распускаць парлямэнт
  • Аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Нягледзячы на супраціў апазыцыйных парлямэнтароў, на супярэчнасьць задумы Канстытуцыі і законам, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэфэрэндум будзе праведзены ў кожным разе — захочуць таго дэпутаты ці не.

Пратэст дэпутатаў БНФ у Авальнай залі Дому ўраду. 11 красавіка 1995 году
Пратэст дэпутатаў БНФ у Авальнай залі Дому ўраду. 11 красавіка 1995 году

Дэпутаты БНФ ідуць на галадоўку

У адказ на гэта 19 апазыцыйных дэпутатаў (з больш чым 300 у Вярхоўным Савеце) абвясьцілі галадоўку пратэсту.

«Выступіў Зянон Пазьняк, сказаў, што вычарпаныя ўсе магчымасьці змаганьня, таму мы абвяшчаем галадоўку тут і цяпер, — прыгадваў адзін з удзельнікаў галадоўкі Мікалай Крыжаноўскі. — Селі на прыступках каля трыбуны і праседзелі да канца паседжаньня. Ня ведаю, што падзейнічала на камуністычную большасьць у Вярхоўным Савеце — ці захапленьне ўчынкам, ці спачуваньне, што мы рызыкуем. Але яны не падтрымалі ніводнага з прапанаваных Лукашэнкам пунктаў рэфэрэндуму. Завалілі яму ўсю справу».

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня абвесьцілі галадоўку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:45 0:00

«Хоць канчатковае рашэньне пра пачатак галадоўкі было прынятае ў апошнюю хвіліну, мы ставіліся да гэтай акцыі сур’ёзна і не зьбіраліся яе спыняць, пакуль ня будуць выкананыя нашыя патрабаваньні, — апавядаў у кнізе „Дзевяноста пяты“ адзін з удзельнікаў тых падзеяў, а пасьля журналіст Радыё Свабода Сяргей Навумчык. — Актывісты БНФ перадалі нам спальнікі, з буфэту прынесьлі некалькі пачкаў мінэральнай вады. Голад пакуль асабліва не адчуваўся, хаця стан быў нэрвовы — да нас паступала інфармацыя, што будзе ўжытая сіла. Пазьняк папярэдзіў пра гэта старшыню Вярхоўнага Савету Мечаслава Грыба; сьпікер паабяцаў, што будзе трымаць сытуацыю пад кантролем».

Дэпутаты прымяраюць спальнікі: Сяргей Навумчык, Алег Трусаў, Віталь Малашка і Лявон Баршчэўскі. Здымак з газэты «Свабода»
Дэпутаты прымяраюць спальнікі: Сяргей Навумчык, Алег Трусаў, Віталь Малашка і Лявон Баршчэўскі. Здымак з газэты «Свабода»

Калі сэсія скончылася, дэпутаты разышліся, засталіся толькі галадоўнікі. Увечары заявіліся начальнік упраўленьня прэзыдэнцкай аховы Міхаіл Цесавец і начальнік службы аховы Вячаслаў Каралёў, якія заявілі: паступіў званок, што будынак замінаваны, усім тэрмінова пакінуць залю.

«Замінаваньне» будынку Вярхоўнага Савету
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:24 0:00

Дэпутаты адказалі, што застаюцца пад уласную адказнасьць, гатовыя даць расьпіскі. Прыйшлі сапэры, нічога не знайшлі. Калі ідэя з замінаваньнем не спрацавала, ахоўнікі зноў вярнуліся. Пачалі застрашваць, маўляў у непрацоўны час у Авальнай залі знаходзіцца нельга. Карэспандэнтку Свабоды Алену Радкевіч, якая адзіная з журналістаў засталася з дэпутатамі, вывелі з залі і затрымалі. Сьледам пачалі цягнуць дэпутата Барыса Гюнтэра, але калегі яго адбілі. Сілавікі нібыта супакоіліся і сышлі.

Сілавая спэцапэрацыя супраць дэпутатаў-галадоўнікаў

Аднак пасьля поўначы пачуўся крык дэпутата Валянціна Голубева «Пад’ём!», які пасьпеў папярэдзіць, што да іх рушаць вайскоўцы.

Вось як гэтыя падзеі апісваў удзельнік галадоўкі, дэпутат і галоўны рэдактар газэты «Свабода» Ігар Гермянчук (цытата паводле кнігі Сяргея Навумчыка):

«У залю ўвайшлі Цесавец, Каралёў і зь імі невядомы чалавек у паўвайсковым адзеньні (пазьней я апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра „Альфы“, потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі. — С. Н.). „Вам даецца пяць хвілін, каб пакінуць памяшканьне. Не марнуйце часу“, — заявіў Цесавец. Ад нас яны пачулі ранейшы адказ. Цесавец нахабна кінуў: „У вас засталося тры хвіліны“. Пасьля гэтага яны разьвярнуліся і пайшлі на выхад. Цесавец даў каманду, і ў момант расчыніліся ўсе дзьверы, у залю ўварваліся прыкладна 200 чалавек: першымі да нас беглі грамілы ў чорных масках і цёмных камбінэзонах, за імі — спэцназаўцы ў шаломах, рэсьпіратарах і з дубінкамі, а на пэрымэтры залі стаялі аўтаматнікі».

Дэпутаты селі ў прэзыдыюме, сашчапіліся рукамі.

Невядомыя асобы, якія прыйшлі ў Авальную залю ў 23 гадзіны 11 красавіка 1995 г. На першым пляне — Лявонці Зданевіч і Лявон Баршчэўскі. Фота Лявона Дзейкі
Невядомыя асобы, якія прыйшлі ў Авальную залю ў 23 гадзіны 11 красавіка 1995 г. На першым пляне — Лявонці Зданевіч і Лявон Баршчэўскі. Фота Лявона Дзейкі

Нехта з камандзіраў даў каманду, падначаленыя кінуліся выконваць загад.

«Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазьняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы», — прыгадваў Ігар Гермянчук.

Сяргей Навумчык, які сядзеў за Пазьняком, апавядаў пра пабіцьцё лідэра БНФ з «з асаблівай жорсткасьцю»:

«Адзін „гарыла“ ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазьняка білі аб сьцяну. Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджаньняў рознай цяжкасьці».

Як успамінаў Мікалай Крыжаноўскі, кожнага з дэпутатаў-галадоўнікаў «апрацоўвалі» прынамсі па трое ўзброеных байцоў.

«Рукі заломвалі так, што калі мы зафіксавалі траўмы, у мяне пухліна на лапатках была сантымэтра на паўтара. Я ішоў, ледзь ня тварам чапляючы зямлю. І нас правялі праз унутраны дворык па прыступках, дзе стаялі міліцыянты, пасьпеў яшчэ сказаць: „Няўжо вам ня сорамна бачыць, як расьпінаюць Беларусь?“».

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Ноч у парлямэнце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:13 0:00

Унізе ўжо стаялі «варанкі». Закідвалі па 5–6 чалавек на жалезную падлогу, сядзеньняў не было. Міліцэйскі «бобік» спыніўся каля Палацу мастацтва, дэпутатаў выкінулі проста на вуліцу. Была 3-я гадзіна ночы.

Раніцай пацярпелыя пайшлі з заявай на супрацьпраўныя дзеяньні ў пракуратуру, адтуль — у паліклініку засьведчыць пабіцьцё. Большая палова з 19 чалавек мелі яўныя пашкоджаньні: пухліны, сінякі, пісягі па ўсім целе. Найбольш дасталося Зянону Пазьняку, якога білі нагамі ў твар і жывот, выціскалі вочы.

Ігар Гермянчук сарваў з аднаго нападніка маску. Той адразу закрыўся рукамі і ўпаў на падлогу, бо апэратыўнікі ўсё здымалі на відэакамэры. Тое ж удалося і Зянону Пазьняку. Потым тыя запісы загадкавым чынам зьніклі.

Начальнік упраўленьня аховы Цесавец і начальнік прэзыдэнцкай аховы Каралёў спрабуюць выцягнуць з крэсла дэпутата Барыса Гюнтэра. Фота Лявона Дзейкі
Начальнік упраўленьня аховы Цесавец і начальнік прэзыдэнцкай аховы Каралёў спрабуюць выцягнуць з крэсла дэпутата Барыса Гюнтэра. Фота Лявона Дзейкі

Пазьней Генэральная пракуратура Беларусі выявіла ўдзел у сілавой апэрацыі некалькіх сотняў узброеных людзей, але хто канкрэтна за гэтым стаяў, высьветліць ня здолела: служба аховы прэзыдэнта ігнаравала афіцыйныя запыты і адмовілася падаць відэазапіс падзеяў.

«Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта»

Назаўтра, 12 красавіка, на хвалях Радыё Свабоды прагучаў камэнтар народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава:

«Вельмі хацелася б памыліцца, згледзець усё як эпізод у няпростых калізіях палітычнага змаганьня на Беларусі, але, здаецца, памыліцца тут немагчыма. Тое, што адбылося ў апошнія дні, ёсьць ня што іншае, як прэлюдыя фашыстоўскага перавароту, калі група асобаў учыняе крывавую лазьню ў сьценах парлямэнту і захоплівае ўсю паўнату ўлады ў краіне».

«Але самае на ўвесь сьвет ганебнае ён [Аляксандар Лукашэнка] учыніў у парлямэнце, калі прымяніў сілу да жменькі непакорнай апазыцыі. Нават кішэнны па сутнасьці, паслухмяны і пракамуністычны Вярхоўны Савет стаў для яго перашкодай. Але перашкодай на шляху — куды? Ведама ж, для ўстанаўленьня асабістай дыктатуры, каб „усур’ёз і надоўга“. Сёньня ён перамог рукамі „гарылаў“ у чорных масках. Ужо пэўна, што на Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы. Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта, а як кіруе хунта — мы добра ведаем зь нядаўняга вопыту. Беларусь падае яшчэ глыбей у прорву палітыка-эканамічнага крызісу, на выйсьце зь якога страчваюцца апошнія спадзяваньні», — прароча сфармуляваў Васіль Быкаў.

Першая старонка газэты «Свабода». 15 красавіка 1995 года
Першая старонка газэты «Свабода». 15 красавіка 1995 года

Вынікам травеньскага рэфэрэндуму стала ня толькі паніжэньне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай ды адмова ад бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» як дзяржаўнай сымболікі. У 1996-м Аляксандар Лукашэнка правёў новы рэфэрэндум, распусьціў Вярхоўны Савет і стварыў двухпалатны Нацыянальны сход, дзе ўжо не было апазыцыйных фракцыяў. Пасьля 1995 году ў Беларусі не было выбараў, якія б міжнародная супольнасьць прызнавала вольнымі і дэмакратычнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG