Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлеткаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты на фоне салюту ў Магілёве, знайшлі і прымусілі выбачыцца


Салют. Ілюстрацыйнае фота
Салют. Ілюстрацыйнае фота

Дзяцей прымусілі папрасіць прабачэньня, запісаўшы гэта на відэа, ім пагражае прафіляктычны ўлік.

Відэазапіс з выбачэньнямі падлеткаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты на фоне салюту 9 траўня ў Магілёве, апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, зьвязаных зь сілавікамі, піша «Позірк».

На запісе паказаныя тры дзяўчынкі — карцінка знарок размытая, каб не было відаць твараў, галасы зьмененыя. Адна дзяўчынка плача.

Сытуацыя ўзнікла з-за апублікаванага ў «ТыкТоку» кароткага відэароліка, на якім група дзяцей сустракае сьвяточны салют з узьнятымі ўгору сярэднімі пальцамі.

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, які разьмясьціў відэазапіс з выбачэньнямі падлеткаў, заявіў, што магілёўская міліцыя «імгненна адрэагавала і апэратыўна ўстанавіла ўсіх удзельнікаў інцыдэнту». Адзначаецца, што «ў кадры — шэсьць дзяўчат ад 13 да 15 гадоў з розных школ горада і раёна». Таксама, папаводле сілавікоў рэсурсу, «устаноўлены і 13-гадовы хлопец, які здымаў прыяцеляк».

«Цяпер усе непаўналетнія будуць пастаўленыя на прафіляктычны ўлік, а тыя, што дасягнулі 14 гадоў,— яшчэ і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за дробнае хуліганства. Іх бацькі таксама не ўцякуць ад адказнасьці: ім пагражае штраф за невыкананьне абавязкаў па выхаваньню дзяцей і абавязкаў па суправаджэньні непаўналетняга ўзросту»,— гаворыцца ў паведамленьні.

11 траўня ў тэлеграм-канале абласной дзяржаўнай газэты «Магілёўскія ведамасьці» апублікавалі відэа, на якім паведамляецца, што для ўдзельнікаў інцыдэнту (шасьці дзяўчат і аднаго хлопца) правялі «ўрок памяці» — каля мэмарыяла жыхарам спаленых вёсак у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна.

Падчас экскурсіі дзеці па чарзе ўслых зачытваюць надпісы на ім, затым — ускладаюць кветкі. Таксама яны запальваюць сьвечкі ў царкве, іх бласлаўляе праваслаўны сьвятар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG