Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра валасы, дзяцей і сукенку. Гутарка зь беларускай, якая захварэла на рак у эміграцыі


Людміла Паўлоўская
Людміла Паўлоўская

Беларуска Людміла Паўлоўская ў эміграцыі захварэла на рак маткі. Яна расказала Свабодзе, якія мары ажыцьцявіла пасьля атрыманьня дыягназу, як перажывала выпадзеньне валасоў і як ёй цяпер гаварыць пра дзяцей.

Людміла Паўлоўская — беларуская дзяўчына, як яна кажа сама пра сябе. Ёй 39 гадоў, паходзіць з Маладачанскага раёну. Жыла ў Менску, атрымала адукацыю як фэльчар-акушэр, але працавала асыстэнткай стаматоляга. Шмат падарожнічала па Беларусі і за мяжой. Хадзіла ў горныя паходы ў Марока, Грузіі, Нарвэгіі, Ісьляндыі.

У 2020-м Людміла ўдзельнічала ў пратэстах, яе некалькі разоў затрымлівалі. Правяла на «сутках» каля двух месяцаў. Адзін раз дзяўчыну затрымалі неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Расказвае, што сядзела з кебабам у руках на плошчы Перамогі каля Вечнага агню, задумалася. Да яе падышлі сілавікі, праверылі дакумэнты і ў выніку пасадзілі на «суткі».

Рукавіцы Людмілы
Рукавіцы Людмілы

Улетку 2023 году Людміла праз палітычны перасьлед уцякла ў Варшаву. Спачатку працавала ў клінінгу, пасьля памочніцай на кухні ў дзіцячым садку. Цяпер працуе асыстэнткай стаматоляга.

Крывацёк у вандроўцы

Летась у жніўні Людміла паехала ў вандроўку ў Бэрлін. Калі гуляла па горадзе, у яе раптам пачаўся моцны матачны крывацёк. Выклікалі «хуткую». Як успамінае суразмоўца, мэдыкаў трэба было праз тэлефон пераканаць, што стан небясьпечны. Яе забралі ў шпіталь. Каб спыніць крывацёк, спатрэбілася працэдура пад агульным наркозам. Узялі на аналізы тканкі.

У чаканьні на прыём у польскай лякарні
У чаканьні на прыём у польскай лякарні

Аплата за лячэньне пакуль засталася пад пытаньнем. Людміла зазначае, што варта загадзя рабіць страхавую мэдыцынскую картку для выезду ў іншыя эўрапейскія краіны (EKUZ), бо гэта першае, пра што пытаюцца мэдыкі, калі прымаюць пацыента. У яе такой карткі на момант вандроўкі не было.

«Яны казалі, што ноч у шпіталі каштуе 800 эўра, выклік „хуткай“ 300 эўра, апэрацыя, мабыць, некалькі тысяч», — успамінае яна.

Праз два тыдні, калі Людміла вярнулася ў Польшчу, ёй прыйшлі вынікі аналізаў — у тканках ёсьць ракавыя клеткі.

«Першы месяц у мяне быў на адрэналіне. Спачатку я не паверыла. Я запісалася ў анкацэнтар у Варшаве. Яны кажуць: „Ну што, прызначаем апэрацыю?“ А я: „Дык вы што, верыце гэтым паперам? Яны ж зробленыя ў іншай краіне. А можа, яны пераблыталі шкло? А можа, пераблыталі аналізы?“ А яны: „У нас няма прычын ня верыць“», — успамінае Людміла.

Падчас хваробы Людміла працягвае актыўнае культурнае жыцьцё, вучыцца маляваць
Падчас хваробы Людміла працягвае актыўнае культурнае жыцьцё, вучыцца маляваць

Мэдыкі патлумачылі Людміле, што ў яе небясьпечная пухліна, якая хутка расьце. Таму, калі яны будуць паўторна рабіць тыя ж аналізы, што нямецкія калегі, то страцяць месяц. У выніку ёй зрабілі апэрацыю: выдалілі матку з прыдаткамі.

Сукенка з Алісай і белыя калготкі

Празь месяц пасьля вырашэньня мэдычных пытаньняў, расказвае Людміла, зьявіўся час паразважаць пра тое, што адбылося. Думала пра сьмерць. Хадзіла ў групавую тэрапію, каб паслухаць, што скажуць іншыя. Размаўляла пра гэта ў касьцёле.

«Гэтую тэму я так і не дагаварыла ні з кім. Адчуваньне, што сьмерць блізка, ня толькі ў маім выпадку, а ў выпадку кожнага чалавека. Трэба жыць тут і цяпер. Не адкладаць прыемныя рэчы, мары. Каб пасьля ты, паміраючы, ня думаў: „У мяне яшчэ цэлы сьпіс плянаў і мараў ляжыць у тэлефоне!“», — кажа суразмоўца.

Сукенка з матывамі казкі «Аліса ў краіне цудаў»
Сукенка з матывамі казкі «Аліса ў краіне цудаў»

Так Людміла пачала ажыцьцяўляць свае мары. Яна купіла сукенку беларускай дызайнэркі Томы Пракоф’евай з матывамі казкі «Аліса ў краіне цудаў», якую хацела купіць шмат гадоў, але не магла сабе дазволіць праз высокую цану.

«Як чалавек, які пачуў, што можа памерці, я маю права купіць сукенку, пра якую я мару», — усьміхаецца Людміла.

Яна быццам апраўдваецца, што і іншыя мары нейкія дробныя. Купіла сабе белыя калготкі.

«Гэта ж сьмешна. Я саромелася іх раней насіць, бо я ж чалавек дарослы. А зараз, наадварот, мне захацелася», — сьмяецца суразмоўца.

«Хачу кахаць і каб мяне кахалі»
«Хачу кахаць і каб мяне кахалі»

Людміла заўважае, што анкалёгія дадала ёй сьмеласьці. На свой дзень нараджэньня, які супадае з Днём сьвятога Валянціна, яна напісала ў сацыяльных сетках, што хоча каханьня, але няма каханага. Кажа, што раней бы пасаромелася пра гэта напісаць.

«Я хачу кахаць і хачу, каб мяне кахалі. Зараз той момант, калі я гэта ўсьведамляю, хачу і магу пра гэта гаварыць. Гэта не стаіць птушачкай у маіх марах — хачу каханага», — адзначае яна.

Сорам

Празь месяц пасьля дыягназу, перад апэрацыяй Людміла напісала ў сацыяльных сетках, што ў яе рак маткі.

«Мне было складана адной гэтую тэму перажываць у галаве. Мне хацелася гаварыць пра гэта, дзяліцца. Мне хацелася падтрымкі», — тлумачыць яна.

Да гэтага Людмілу таксама падтрымлівалі сяброўкі, хадзілі разам зь ёй у шпіталь. Пасьля таго, як яна агучыла публічна свой дыягназ, прыватна сталі пісаць жанчыны, якія перажылі падобнае раней.

Падчас працэдураў
Падчас працэдураў

«Я супакойвалася, што гэта людзі рэальныя. У гэтых людзей таксама такое было, яны зараз цудоўна жывуць. Мне вельмі падабаліся камэнтары, калі хтосьці пісаў не „трымайся“, а кшталту „Мы яшчэ пойдзем з табой у кавярню“, „У цябе такія завушніцы файныя“. Я вельмі не люблю, калі мне пішуць „Валасы ня зубы, адрастуць“, „А ў гэнага яшчэ горш, жыве ж“. А мне ад таго, што ў кагосьці горш, лепш не становіцца», — усьміхаецца яна.

Людміла мяркуе, што пра рак многім сорамна казаць уголас. Ведае, што некаторыя хаваюць хваробу нават ад сваіх бацькоў або на працы.

«Калі гэта тычыцца анкалёгіі жаночых органаў, гэта ўспрымаецца як нешта сараматное. Можа быць, таму, што гэтая тэма ўвогуле на постсавецкай прасторы падымаецца цяжка. Можа быць, гэта тычыцца сэксуальнага выхаваньня, калі бацькі ніколі пра гэта зь дзецьмі не гавораць, саромеюцца, не тлумачаць, як зьяўляюцца дзеці. Можа быць, адсюль зьяўляецца сорам. Дзяцей прыносіць бусел», — разважае яна.

Людміла Паўлоўская
Людміла Паўлоўская

Людміла мяркуе, што некаторыя ўспрымаюць анкалёгію рэпрадукцыйнай сыстэмы як нешта менш важнае.

«Можа быць, людзі лічаць, што калі ў цябе анкалёгія галаўнога мозгу ці лёгкіх, то гэта органы жыцьцёва важныя. А калі ў цябе анкалёгія рэпрадукцыйнай сыстэмы, то гэта неабавязковыя органы. Адрэжуць — і будзеш жыць», — дапускае яна.

Людміла кажа, што яна цяпер ніколі ня зможа зацяжарыць і нарадзіць дзіця. Адзначае, што гэтую тэму, у адрозьненьне ад тэмы сьмерці, яшчэ не прадумала.

«Мне здаецца, што гэта дробязь, не настолькі важна. Галоўнае жыць. Але калі пра гэта пачынаюць гаварыць, мне чамусьці моцна баліць. Можа, жанчына проста так арганізаваная. Можа, жанчыне заўсёды хочацца прымаць, што яна можа быць маці, нават калі яна ведае, што ніколі ёй ня будзе. Любому чалавеку хочацца быць маладым, прыдатным да жыцьця і прыдатным да стварэньня другога жыцьця», — мяркуе суразмоўца.

Яна кажа, што думае пра сваю сям’ю, але што да дзяцей, прыкладам усынаўленьня, нічога не плянуе.

«У жыцьці столькі варыянтаў, што плянаваць штосьці ў гэтай тэме часам абсурдна. Я бачу столькі прыкладаў, калі ўсё не паводле пляну. Хутчэй, як складаецца, так складаецца», — адзначае яна.

Валасы на падушцы

Сваю фрызуру Людміла называе «вожык». Кажа з усьмешкай, што даўно хацела зрабіць экспэрымэнт і каротка пастрыгчыся. Але не чакала, што будзе ажно так.

Валасы пачалі выпадаць не адразу. Пасьля апэрацыі яна два месяцы амаль штодня хадзіла на радыятэрапію. Потым ёй прызначылі шэсьць працэдур хіміятэрапіі. Нядаўна, пасьля трэцяй зь іх, валасы пасыпаліся. Суразмоўца тлумачыць, што ў кагосьці выпадаюць таксама бровы і вейкі. Яна маральна рыхтавалася да гэтага моманту.

Людміле давялося пагаліць галаву, бо валасы сталі моцна выпадаць
Людміле давялося пагаліць галаву, бо валасы сталі моцна выпадаць

«Я прачнулася — у мяне на падушцы валасы пасмамі. Пайшла мыць галаву — і яны пачалі проста вымацца. Я не магла іх намыліць. Я зразумела: „Пачалося“ — і запісалася да цырульніцы. За чатыры дні амаль палова валасоў выпала. У талерцы валасы. Ты ж ня будзеш хадзіць з паловай валасоў, проста таму, што ты хочаш зь імі хадзіць. Я пабегла, купіла сабе шапачку», — расказвае яна.

Людміла прызнаецца, што калі сталі выпадаць валасы, ёй стала страшна. Хаця яна і расказвае пра гэта крыху жартаўліва.

Людміла выбірае сабе парык
Людміла выбірае сабе парык

«Я вельмі хвалявалася. У нейкі час мае перажываньні пра саму хваробу адышлі. Я думала толькі пра валасы. З псыхатэрапэўтам мы пра гэта размаўлялі і практыкаваньне рабілі: „Уяві, што гэта ты сядзіш. Паглядзі на сябе. Ты сабе не падабаесься? Ты выклікаеш у сябе непрыемныя адчуваньні? Не. А чаму ты думаеш, што ў іншых гэта будзе?“. Мне было страшна. Плюс „А можа, чэрап неідэальны? А можа, ня будзе пасаваць?“», — дзеліцца Людміла.

Дапамога

Суразмоўца мяркуе, што яна магла захварэць ад стрэсу, які адчувае апошнія гады. Думае, што перажывае анкалёгію лягчэй, чым некаторыя іншыя людзі. Бываюць праблемы з апэтытам, ванітуе, тыдзень не магла есьці. Пэрыядычна баляць ногі, рукі сьпіна, сківіца, вочы — так, што балюча міргаць. Бывае моцная слабасьць, нават нікуды ня можа выйсьці.

Праз частыя працэдуры ў лякарні або кепскае самаадчуваньне Людміла ня можа хадзіць на працу штодня, хоць і не кідае працаваць. Яна ня можа хадзіць на падпрацоўкі, як раней, ёй нельга падымаць цяжары пасьля апэрацыі.

Людміла наведвае беларускае душпастырства ў Варшаве
Людміла наведвае беларускае душпастырства ў Варшаве

фота 15. Людміла наведвае беларускае душпастырства ў Варшаве

Людміла каталічка. Наведвае беларускае душпастырства ў Варшаве. Знаёмыя прапаноўвалі ёй прыватную дапамогу, а потым арганізавалі зь ейнага дазволу збор. За 10 дзён беларусцы сабралі 3,5 тысячы даляраў.

«Я была трохі шакаваная», — кажа яна пра дапамогу.

Людміла кажа, што вельмі ўдзячная, што яе падтрымліваюць беларусы і палякі. Гэтай сумы ёй хопіць на некалькі месяцаў арэнды жытла і лекі.

«У мяне ідуць пэўныя сродкі на лекі, бо, хоць хіміятэрапія бясплатная, але мне ўвесь час трэба купляць штосьці, каб вырашаць праблемы з „пабочкамі“», — тлумачыць суразмоўца.

Калі яна не магла нічога есьці, то купляла прабіётык у бутэльках, каб падтрымліваць арганізм. Адна бутэлечка на дзень каштуе каля 7 эўра. Таксама яна купляла ўколы, каб не ванітавала, абязбольвальнае. Увогуле Людміла мяркуе, што ў Польшчы добрая сыстэма дапамогі анкахворым, хаця ў іншых выпадках трапіць да лекараў складана і доўга.

Цяпер Людміла чакае, калі скончыцца заплянаванае лячэньне і што скажуць у выніку лекары. Ёй засталося дзьве хіміятэрапіі. Пасьля яна хоча паехаць у падарожжа, бо за апошнія паўгода амаль нікуды з Варшавы не выяжджала. Пасьля выпадку ў Бэрліне застаўся страх выезду.

«Думаю паехаць у Нямеччыну. Даўно марыла паехаць у Аўстралію, у Індыю хацела, у Паўднёвую Амэрыку... Нядаўна ішла і думала, што я хачу жыць вельмі моцна, я хачу столькі ўсяго яшчэ зрабіць... Хачу, каб гэта ўсё (хвароба. — РС) скончылася і закрылася ў тэчку „жыцьцёвы досьвед“, каб гэтага далей не было», — дзеліцца яна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG