Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольскага я ўломваў паўтара года». Гутарка з маладым мастаком, які намаляваў больш за сто партрэтаў вядомых беларусаў


Мікіта Мелказёраў і Яраслаў Кірвель. Архіўнае фота
Мікіта Мелказёраў і Яраслаў Кірвель. Архіўнае фота

Яраслаў Кірвель паходзіць са шматдзетнай сям’і, сам вучыўся маляваць і граць музыку.

Яраслаў Кірвель нарадзіўся ў Горадні ў шматдзетнай сям’і. Ён найстарэйшы з чатырох братоў. Кажа, што творчым чалавекам стаў толькі ён. Хаця і маці, і бабуля спрабавалі паступіць на мастацкі кірунак. Але бабуля стала бухгальтаркай, а маці швачкай.

Яраслаў успамінае, што ён шмат часу праводзіў на гуртках, яго амаль увесь час не было дома. Таму ролю «старэйшага брата», які прыглядаў за малодшымі, узяў на сябе другі сын у сям’і. Хлопец кажа, што зь дзяцінства быў «сам па сабе» і «лятаў у аблоках». Маляваў заўжды, колькі сябе памятае, нават раней, чым пачаў гаварыць.

Вучыўся Яраслаў у горадзенскай «польскай» школе. Пасьля ўрокаў хадзіў на лепку, маляваньне, мадэляваньне, іграў на флейце і клярнэце. Потым дадалася мастацкая школа. Любоў да маляваньня пераважыла ўрокі музыкі. Прызнаецца, на музыку ледзьве дахадзіў. Сярэдні бал у школе быў большы за «7». За маляваньне — дзясяткі. Апрача маляваньня, любіў урокі працы, геаграфіі і біялёгіі.

«У мяне трэслася нага, і я ня ведаў, як яе спыніць»

Грамадзкім жыцьцём хлопец зацікавіўся, калі вучыўся ў каледжы мастацтваў у Горадні на кірунку дызайну. Яму тады было 15 гадоў. Адна з выкладчыц была «арыентаваная ў той бок», тлумачыць Яраслаў. Яшчэ адзін з навучэнцаў насіў «Пагоню».

Ён падказаў Яраславу краму «Адметнасьць», дзе можна было купіць бел-чырвона-белы сьцяг і тавары з нацыянальнай сымболікай. Побач месьціўся Цэнтар гарадзкога жыцьця, дзе праходзілі беларусацэнтрычныя імпрэзы, а таксама рэдакцыя парталу Hrodna.Life. У гэтым асяродзьдзі хлопец праводзіў шмат часу пасьля вучобы. Рабіў там хатнія заданьні, хадзіў на курсы «Мовы нанова».

«Мяне гэта ўсё зацягнула», — прызнаецца суразмоўца.

У выбарчую кампанію 2020 году Яраславу было 17 гадоў. Ён яшчэ ня меў права галасаваць. Але вырашыў, што трэба ўдзельнічаць у кампаніі, «бо так правільна». Упершыню пайшоў на палітычную акцыю 29 траўня 2020 году. Тады Сяргей Ціханоўскі з камандай прыехалі ў Горадню, каб зьбіраць подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.

«Я апрануўся тады, як певень: чырвоная кепка, акуляры стымпанкаўскія, бел-чырвона-белы сьцяг, майка «Дзецюкоў», — успамінае Яраслаў.

Кажа, што ісьці не баяўся, бо пікет быў дазволены. Калі пачаўся канфлікт з жанчынай у ружовай кепцы і міліцыянтам, сталі затрымліваць людзей. Сярод іх апынуўся і Яраслаў.

Суразмоўца кажа, што затрыманьне адбылося «за пстрычку», але ў ягоным успрыманьні расьцягнулася ў дзясятак разоў. Міліцыянты ўзялі яго пад рукі і завялі ў аўтобус. Усё было нечакана, але ня жорстка, адзначае хлопец. Разам зь ім ехаў яшчэ адзін затрыманы, якога адпусьцілі праз тыдзень. У РАУС Яраслаў бачыў Сяргея Ціханоўскага. Супрацоўнікі ва ўсіх пыталіся імя і прозьвішча.

«Вы прадстаўцеся, і я прадстаўлюся», — адказаў на пытаньне Яраслаў.

Дадае, што ад яго тады «адчапіліся».

«У мяне трэслася нага, і я ня ведаў, як яе спыніць. Я стараўся трымаць сябе ў руках, але нага трэслася за мяне», — успамінае ён.

Хлопца вадзілі па кабінэтах. Яму загадалі разьдзецца і прысесьці тры разы. Супрацоўнік, які зь ім гаварыў, падкрэсьліваў, што «гэта ня допыт». Шматкроць пытаўся, навошта падлетак пайшоў на пікет.

«Ён задаў мне гэтае пытаньне за ноч разоў дзесяць», — успамінае суразмоўца.

У той момант Яраслаў дапускаў, што яго могуць яшчэ доўга ня выпусьціць. Думаў, як адтуль выбрацца. Уночы прыехаў адвакат. Кірвелю прапанавалі падпісаць паперы, быццам ён шкадуе і абяцае выправіцца. Пасьля гэтага яго адпусьцілі без пратаколу а чацьвёртай гадзіне ночы. Больш яго сілавікі не чапалі.

Варшаўская акадэмія мастацтваў

Яраслаў выехаў зь Беларусі ў Польшчу 26 лютага 2022 году. Яму заставалася толькі здаць дзяржаўныя іспыты ў каледжы мастацтваў. Але ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня асьцерагаўся мабілізацыі ў войска і ня скончыў навучаньня. Думае, што ў Беларусі адмовіўся б ваяваць і яго б пасадзілі. За некалькі дзён да выезду зь Беларусі Яраслаў перайшоў на беларускую мову. Тады яму было 18 гадоў.

Кірвель сем месяцаў пражыў у польскім мястэчку Аўгустоў каля мяжы зь Беларусьсю. Здаў там у школе выпускныя іспыты. Паступіў у Акадэмію мастацтваў у Варшаве на кірунак «мастацтва». Ужо скончыў другі курс.

Вучыцца яму падабаецца. Кажа, што вельмі дапамагла мастацкая база, якую далі ў Горадні. Мяркуе, што ў беларускім каледжы паміж настаўнікамі і навучэнцамі былі вэртыкальныя адносіны, цяпер жа ў варшаўскай акадэміі яны гарызантальныя.

«Я перайшоў у экспрэсію», — так хлопец акрэсьлівае кірунак, у якім цяпер малюе. Дадае, што навучаньне ў Польшчы моцна на яго паўплывала.

«Памідорава маляваў на шашлыках»

Яраслаў задумаў зрабіць сэрыю партрэтаў беларускіх культурных дзеячоў. Першым у калекцыі стаў паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў, другім — музыка Зьміцер Вайцюшкевіч, трэцім — музыка Ігар Банцэр. Цяпер партрэтаў больш за сто. Ня ўсе героі адразу пагаджаліся пазаваць маладому малавядомаму хлопцу.

«Я Вольскага паўтара года ўломваў», — успамінае суразмоўца.

Лявон Вольскі і Яраслаў Кірвель
Лявон Вольскі і Яраслаў Кірвель

У выніку і Яраслаў намаляваў Лявона, і Вольскі намаляваў партрэт мастака.

«Памідорава я маляваў на шашлыках. Мы зь ім тры месяцы дамаўляліся», — прыводзіць ён яшчэ адзін прыклад.

Яраслаў тады яшчэ жыў у Аўгустове, але прыехаў ненадоўга ў Варшаву. Аляксандар Памідораў паклікаў яго на пікнік.

Аляксандар Памідораў і Яраслаў Кірвель
Аляксандар Памідораў і Яраслаў Кірвель

Хлопец дадае, што адкрытых адмоваў амаль не было. Часьцей людзі спасылаліся на занятасьць. Мастак лічыць гэтыя партрэты працягам сваёй пратэставай дзейнасьці. Партрэт Зянона Пазьняка Кірвель намаляваў падчас публічнай сустрэчы зь ім у Варшаве. Сьвятлану Ціханоўскую — на прэс-канфэрэнцыі ў варшаўскім Моладзевым хабе.

«Я там расклаў фарбы і адразу пачаў маляваць, бо было паўгадзіны ці гадзіна на партрэт. Ціханоўская заходзіць з Кабінэтам і кажа: «У мяне адно толькі пытаньне: „Што вы там малюеце?“. Я сваім басістым голасам адказаў: „Вас“ — і працягваў маляваць», — успамінае суразмоўца.

Кажа, што цяпер Ціханоўская яго пазнае.

«Гэта ж наш мастак!», — сказала яна пры наступнай сустрэчы.

«Прыдуркаватасьць і адвага»

Пазьней хлопец прыдумаў запісваць гутарку з героямі сваіх карцін падчас таго, як малюе партрэт. Кажа, што і так звычайна размаўляе падчас працы, дык вырашыў зрабіць такія гутаркі публічнымі. Падкаст назваў «Калякі-малякі».

Блогер Мікіта Мелказёраў быў чалавекам, якога Яраслаў хацеў намаляваць. Але Мікіта прызнаўся, што ня хоча, каб яго малявалі. Тады юнак запрасіў журналіста да сябе на падкаст, падчас якога ўсё адно намаляваў ягоны партрэт. Гэта пакуль самы папулярны выпуск падкасту — яго паглядзелі тысячу разоў.

Алесь Дзянісаў і Яраслаў Кірвель
Алесь Дзянісаў і Яраслаў Кірвель

«Прыдуркаватасьць і адвага», — так мастак тлумачыць сакрэт свайго посьпеху, чаму вядомыя людзі пагаджаюцца пазаваць для ягоных твораў. Ён не выключае, што бярэ настойлівасьцю.

Яраслаў адзначае, што з многімі героямі сваіх карцін ён сустрэўся на фэстывалі Tutaka, які прайшоў у Польшчы ў ліпені. Сьцьвярджае, што ўсе былі рады яго бачыць. А палітык Павал Латушка памахаў яму з вакна свайго аўтамабіля. На фэстывалі Кірвель на просьбу арганізатараў замаляваў мурал, якому было больш за 30 гадоў (яго стварылі ўдзельнікі былога фэстывалю «Басовішча»). Замест яго намаляваў карціну па матывах узору посьцілкі сваёй бабулі.

Піт Паўлаў з працай Яраслава Кірвеля
Піт Паўлаў з працай Яраслава Кірвеля

«Я сам ня ведаю, чаго яны да мяне ідуць. Я ім прапаноўваю, а яны пагаджаюцца. Андрусь Такінданг сказаў, што я непасрэдны, што я не знарок такі, а такі ад прыроды. Чахоўскі сказаў, што я інтэлігентна-нахабны: „Можаш нагу ў дзьверы паставіць, але перад гэтым капялюш здымеш“», — пераказвае ён словы іншых людзей пра сябе.

Яраслаў бянтэжыцца, калі яго называюць «славутасьцю». Аднак прызнаецца, што ідзе да гэтага і хоча стаць вядомым.

«Ёсьць жа прыклады і ў нашай гісторыі, Марк Шагал. Чаму б і не?» — акрэсьлівае ён, да чаго імкнецца.

Але зазначае, што ён ня ставіць сабе нейкіх канкрэтных планак. «Я проста раблю, і ўсё». На пытаньне, чым ён найбольш ганарыцца, кажа, што сваімі сябрамі і знаёмымі. Частку партрэтаў Яраслаў падарыў людзям, але большасьць застаецца ў яго. Ён хоча хоча зрабіць зь іх выставу.

Андрэй Хадановіч і Яраслаў Кірвель
Андрэй Хадановіч і Яраслаў Кірвель

Сузразмоўца хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, калі скончыць вучобу ў Варшаве. Хацеў бы жыць на дзьве краіны з цэнтрам жыцьця ў Горадні. Але дапускае, што давядзецца пажыць у Варшаве даўжэй.

«Я бачу сябе мастаком. Я займаўся мастацтвам, займаюся мастацтвам, буду займацца мастацтвам. Я атрымліваю ад гэтага асалоду. Гэта мой сэнс жыцьця», — падзяліўся ён бачаньнем будучыні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG