Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўская паліцыя паведаміла, што Анжаліка Мельнікава разглядаецца ў якасьці пацярпелай у справе аб зьнікненьні


Анжаліка Мельнікава
Анжаліка Мельнікава

Гэта вынікае з адказаў, якія атрымаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.

Польскія праваахоўныя органы адказалі на пытаньні адносна сытуацыі, зьвязанай са зьнікненьнем Анжалікі Мельнікавай.

Камэндант паліцыі Варшавы ў адказ на зварот праінфармаваў, што справа Мельнікавай, у якой яна праходзіць як пацярпелая асоба, перададзена ў пракуратуру, адпаведная структура якой можа прадаставіць інфармацыю аб ходзе сьледзтва.

Як сьцьвярджае Павал Латушка, супрацоўнікам НАУ могуць пагражаць прадстаўнікі спэцслужбаў рэжыму Лукашэнкі, і матэрыялы, па інфармацыі камэнданта паліцыі, перададзеныя спэцслужбам.

У сваю чаргу, Люблінскі аддзел Дэпартамэнту барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы праінфармаваў адмысловым лістом аб тым, што 16 красавіка пракуратура выдала пастанову, якой распачала сьледзтва ў справе пазбаўленьня свабоды ў дачыненьні Анжалікі Мельнікавай.


Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай

Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). З словаў Паўла Латушкі, апошні кантакт зь ёю адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў Зуме дэлегаты КР бачылі яе 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна выходзіла ў сувязь. Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёю ў Варшаве.

27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальна інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.

Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.

НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.

4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальнае крымінальнае агенцтва Вялікай Брытаніі. У прэс-службе лёнданскай паліцыі 8 красавіка паведамілі выданьню ВВС, што не расьсьледуюць зьнікненьня Мельнікавай.

Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што ня ведае, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава.


Хто такая Анжаліка Мельнікава

Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.

Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай генэральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Белоруссія», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, сям’я выехала зь Беларусі.

З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня на чале з Паўлам Латушкам.

Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG