Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кірую, скідаю, зьнішчаю». Як працуюць ўкраінскія апэратары бесьпілётнікаў


Оптавалаконны бесьпілётнік у руках украінскага вайскоўца, Данецкая вобласьць, Украіна
Оптавалаконны бесьпілётнік у руках украінскага вайскоўца, Данецкая вобласьць, Украіна

На фронце ўвесь час пашыраецца сфэра выкарыстаньня паветраных дронаў. Бесьпілётнікі не толькі праводзяць выведку, дыстанцыйнае мінаваньне, карэктуюць агонь, паражаюць цэлі, але і перахопліваюць БПЛА суперніка ў паветры, ладзячы сапраўдныя двубоі ў небе.

Аб працы ўкраінскіх апэратараў дронаў апавядае праект Украінскай службы Радыё Свабода «Данбас Рэаліі».


«Параненага спрабуюць штурхнуць пад украінскі дрон, каб выйграць час для ўцёкаў»

Украінскі ўдарны дрон перасякае ўкраінска-расейскую мяжу ў пошуках пазыцыі расейскіх пілётаў БПЛА.

«Вось такія замежныя падарожжы», — жартуюць байцы.

Пілёт з пазыўным «Турыст» тлумачыць: выведка высачыла расейскі экіпаж, які схаваўся ў доме. Для яго зьнішчэньня да дрона прычапілі фугасны боепрыпас вагой 2,5 кг.

Частка дому ўзьлятае ў паветра. Расейскія пілёты, якія выжылі, уцякаюць у суседнюю хату.

«Ёсьць! — задаволена выдыхае „Турыст“, калі другі дом, у які пацэліў ягоны FPV, узьлятае ў паветра. — Зрабілі „мінус“ экіпажу п***рскіх „мавікістаў“ (расейскія пілёты, якія кіруюць дронамі тыпу Mavic. — РС). Калі пасьля дадатковай выведкі ніхто ня выйдзе з склепу таго дому, якога ўжо няма, то яны або параненыя, або забітыя. І яшчэ ж зьнішчана іх абсталяваньне».

Дрон-перахопнік
Дрон-перахопнік

Цягам некалькіх тыдняў на гэтым кірунку, кажуць байцы, войскі РФ спрабавалі штурмаваць актыўна, з удзелам бранятэхнікі. А звычайна яны выкарыстоўваюць тактыку малых пяхотных групаў.

«Апошні штурм выглядаў так: заходзіла тры-чатыры БТРы, вельмі шмат машын і пяхоты. А ўрэшце за некалькі дзён мы зьнішчылі шэсьць БТРаў і адзін танк. Яны спрабавалі ціснуць людзьмі, але за тры дні страцілі 800 чалавек. Нават на міны ішлі: бачылі і ўсё роўна наяжджалі БТРам, — узгадвае „Турыст“. — А цяпер спрабуюць па тры-чатыры чалавекі перасоўвацца цераз поле. Але ім гэта не ўдаецца: проста бяз пляну ідуць на сьмерць».

Баец таксама адзначае, што яны тут сутыкаліся з антыдронавай «навацыяй» ад вайскоўцаў РФ: параненага спрабуюць штурхнуць пад украінскі дрон, каб выйграць сабе час для ўцёкаў.

Умовы надвор’я ўплываюць на тактыку экіпажу. Нават калі мароз дасягае –14 градусаў, абаграваць бліндаж нельга, тлумачаць вайскоўцы, — расейскія выведныя «крылы» заўважаць пазыцыю ў цеплавізары. Таму, каб хоць сымбалічна пагрэцца, у пустой бляшанцы з-пад кансэрваў запальваюць спэцыяльны гель, які перадалі валянтэры. Плюс хімічныя вусьцілкі ў абутку крыху грэюць.

«Турыст» у бліндажы паказвае шпулю з оптавалаконным кабэлем
«Турыст» у бліндажы паказвае шпулю з оптавалаконным кабэлем

«Турыст» паказвае сродкі паразы. Гэта дзесяці- і сяміцалёвыя FPV-дроны з аскепкавымі і фугаснымі зарадамі. Таксама, на ўсялякі выпадак, пад рукой экіпаж трымае дроны, абсталяваныя кумулятыўнымі боепрыпасамі, і дроны на оптавалакне для паражэньня панцырнай тэхнікі, гарматаў, самаходных артылерыйскіх установак.

У цывільным жыцьці «Турыст» працаваў зубным тэхнікам — вырабляў каронкі і пратэзы. У войска, у падразьдзел БПЛА, прыйшоў добраахвотна.

«П***ры прыйшлі ў нашу краіну, таму трэба ісьці іх выбіваць. Калі ня мы — то хто?» — разважае баец.


Дрон дронам выбіваюць

Перахоп дронаў дронамі, кажуць у экіпажы, — тэма цікавая і новая, таму пасьля навучаньня асноўны досьвед набываецца ў баі. Праца адказная зь некалькіх прычын: расейскія выведныя «крылы» вышукваюць цэлі і карэктуюць агонь сваіх войскаў; зьнішчэньне такіх БПЛА наносіць матэрыяльную шкоду.

«З адкрытых крыніц ведаем, што цана аднаго выведнага бесьпілётніка Supercam — каля 400 тысяч даляраў. А наш дрон-перахопнік, залежна ад мадыфікацыі, каштуе няхай сабе адну тысячу даляраў. Вось і лічыце, наколькі гэта эфэктыўна і як ім балюча», — тлумачыць вайсковец 154-й асобнай мэханізаванай брыгады «Рэймонд».

Да вайны ён працаваў бармэнам. А цяпер сядзіць у бліндажы і ўважліва назірае за мапай, дзе можа зьявіцца расейскае «крыло».

Расейскі дрон-перахопнік Supercam за некалькі сэкундаў да перахопу ўкраінскім бесьпілётнікам
Расейскі дрон-перахопнік Supercam за некалькі сэкундаў да перахопу ўкраінскім бесьпілётнікам

У ягонага пабраціма пазыўны «Цукарок» — да поўнамаштабнай вайны ён працаваў на кандытарскай фабрыцы апэратарам лініі вырабу зэфіру. А цяпер рыхтуе дроны-перахопнікі. Кажа, што ў 26-гадовым узросьце такая праца цікавая й займальная.

«Гэта 10-цалёвы дрон. На ім замацаваная РГА (ручная супрацьпяхотная граната абарончая. — РС). Яе паражэньня цалкам хапае, бо нашыя пілёты спрабуюць падлятаць максымальна блізка. І дроны проста разрывае на шматкі», — тлумачыць баец.

Гэты экіпаж працуе настолькі «ювэлірна», што зьбітыя расейскія бесьпілётнікі часам удаецца захапіць зь непашкоджанай электронікай.


«Ня будзе пілётаў — ня будзе „вачэй“»

Да пазыцыяў расейскіх войскаў некалькі кілямэтраў. Раніцай у склепе экіпаж 148-й артылерыйскай брыгады дэсантна-штурмавых войскаў разгортвае, зьбірае, усталёўвае і тэстуе абсталяваньне, якое павялічвае далёкасьць ужываньня дронаў і падвышае супраціў расейскім сродкам радыёэлектроннай барацьбы. Змагаюцца байцы «мавікамі»: праводзяць выведку, карэктуюць агонь, скідаюць выбухоўку на асабовы склад, на разнастайную тэхніку і ўкрыцьці арміі РФ.

Галоўны ў экіпажы баец з пазыўным «Калаш». З сваіх 24 гадоў пяць ён ваюе.

«Кірую, скідаю, зьнішчаю», — так ён апісвае сваю штодзённую баявую працу.

Паводле яго, расейскія вайскоўцы заходзяць малымі пяхотнымі групамі, выкарыстоўваюць матацыклы, зрэдку панцырныя машыны.

«Даводзіцца перачэкваць, прыстасоўвацца да іхных рухаў. Бо расейцы імкнуцца дзейнічаць непрадказальна, каб выявіць пазыцыі пілётаў. Калі ня будзе пілётаў — ня будзе „вачэй“. Таму спрабуюць здушыць працу экіпажаў», — аналізуе тактыку войскаў РФ украінскі баец.

Дрон DJI Mavic 3
Дрон DJI Mavic 3

«Калаш» кажа, што часта перашкаджаюць працаваць і расейскія, і ўкраінскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).

«Яны вельмі часта ўжываюць сродкі РЭБ. Або ідзе штурмавая група, або едзе на штурм бранявік, нашпігаваны РЭБамі. Калі тэхніку спынілі, то на ёй працуе РЭБ. Так яны і ваююць: альбо завозяць групу пад прыкрыцьцём РЭБу, альбо наперадзе групы пускаюць пустую „маталыгу“ (лёгкапанцырны цягач), каб яна „ціснула“ нашыя „мавікі“ РЭБам. І ты або ня можаш туды даляцець з FPV, або спрабуеш пацэліць у тую панцырную машыну», — дзеліцца клопатам пілот FPV-дрона.

Другі нумар у экіпажы — баец з пазыўным «Кіпіш». Ваюе больш за год. Да войска працаваў будаўніком.

Ён рыхтуе дрон, а таксама абсталёўвае яго выбухоўкай; дапамагае пілёту зарыентавацца.

«Праца вельмі рызыкоўная, бо працуем з выбухоўкай, — апавядае ён. — Таму імкнемся спакойна працаваць, не сьпяшаючыся. Дый мне падабаецца гэты страх! (Сьмяецца. — РС) У мяне падвышаецца адрэналін: я разумею, што зараз прычаплю гэтыя аскепкавыя гранаты, мы паляцім, мы гэтую ка***скую морду „задвухсоцім“. Гэта кайфова!»


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG