У тлумачальнай частцы дакумэнту, зь якім азнаёмілася «Сыстэма», расьсьледвальны праект Радыё Свабода і тэлеканалу «Настоящее время», прадстаўнікі ЭЗ спасылаюцца на даклады Арганізацыі за забарону хімічнай зброі (АЗХЗ), апублікаваныя на просьбу ўкраінскага боку ў лістападзе 2024 і лютым 2025 году.
У гэтых справаздачах расьследуюцца выпадкі ўжываньня газу каля вёсак Мар’еўка і Ільлінка ў Днепрапятроўскай вобласьці ў 2024 годзе. Экспэрты прыводзяць доказы наяўнасьці сьлядоў газу CS пасьля расейскіх нападаў: аналізы глебы і вады, інтэрвію з вайскоўцамі, а таксама фота карпусоў ручных гранат РГ-Во («ручная граната — рэчыва атрутнае»). Гэта гранаты расейскай вытворчасьці; у 2024 годзе расейскі прапагандысцкі канал RT паказаў, як вайскоўцы РФ выкарыстоўваюць такія гранаты.
У абгрунтаваньні санкцыяў ЭЗ сказана:
«З улікам сурʼёзнасьці сытуацыі, пры браку дакладнага тлумачэньня ад Расеі ў сувязі зшырока задакумэнтаваным ужываньнем ёю сродкаў сьлезацечнага дзеяньня, а таксама для ўмацаваньня глябальнай забароны на выкарыстаньне хімічнай зброі, Эўрапейскі Зьвяз заклікае АЗХЗ да своечасовай атрыбуцыі пацьверджанага выкарыстаньня такіх рэчываў».
У санкцыйны сьпіс Эўразьвязу ўвойдуць: войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Міністэрства абароны Расеі, 27-й і 33-й навуковыя цэнтры, зьвязаныя з распрацоўкай і выкарыстаньнем хімічных агентаў.
CS — сьлезацечны газ, таксама вядомы як «Бэз». Ён выклікае моцнае раздражненьне вачэй, скуры і дыхальных шляхоў: чалавек задыхаецца і траціць арыентацыю. Фармальна CS лічыцца несьмяротным сродкам спыненьня беспарадкаў і стаіць на ўзбраеньні паліцыі ў многіх краінах. Выкарыстаньне такіх рэчываў як зброі забараняе артыкул 1 Канвэнцыі аб забароне хімічнай зброі, адзначаюць службоўцы Эўразьвязу.
Паводле зьвестак украінскага Міністэрства абароны, капсулы з такім газам знаходзяць ня толькі ў гранатах, але і ўнутры дронаў «Шахед».
Раней санкцыі за ўжываньне Расеяй хімічнай зброі ў вайне з Украінай уводзілі ЗША: тады яны былі зьвязаны з выкарыстаньнем больш таксычнай формы сьлезацечнага газу — хлёрпікрыну. Эўразьвяз у 2025 годзе накладваў абмежаваньні на выкарыстаньне Расеяй тавараў падвойнага прызначэньня, якія магчыма скарыстаць для вырабу гэтага рэчыва.
Гэта адзін з трох пакетаў абмежавальных мераў, якія ЭЗ мерыцца зацьвердзіць у найбліжэйшыя дні. Яшчэ два пакеты закрануць расейскія кібэратакі і кампаніі дэстабілізацыі ў Эўропе. Усьлед за імі плянуецца яшчэ адзін (17-ы зь лютага 2022 году) пакет санкцыяў за вайну Расеі ва Ўкраіне.
Форум