Кардыналы ўжо зьехаліся на канкляў з усяго сьвету ў рэкорднай колькасьці. Канкляў паводле традыцыі будзе праходзіць у Сыкстынскай капліцы. Падчас усіх этапаў галасаваньня кардыналы павінны быць ізаляваныя ад вонкавага сьвету, перадае «Настоящее время».
Канкляў праводзіцца паводле строгіх правілаў. Тэлефоны, інтэрнэт не дазволеныя. Паліцыя Ватыкану выкарыстоўвае электронныя прылады бясьпекі, каб гэтыя правілы не парушаліся. Пераможца мусіць набраць як мінімум дзьве траціны галасоў. Пасьля кожнага галасаваньня бюлетэні спальваюць.
Калі кардыналы прынялі рашэньне, абраны кардынал ухваляе яго і кажа: «Так, я прымаю сваё абраньне папам, пераемнікам Сьвятога Пятра».
Бюлетэні спальваюцца з даданьнем хімічнага рэчыва. Таму з коміна ідзе чорны ці белы дым. Калі белы — значыць, папа абраны.
Яшчэ да пачатку канкляву Ватыкан сутыкнуўся з арганізацыйнымі складанасьцямі. Выбіраць папу будуць 133 кардыналы — гэта рэкордная колькасьць удзельнікаў. Але ў ватыканскай рэзыдэнцыі толькі 120 спальняў для кардыналаў. Адна зь іх, дзе жыў папа Францішак, апячатаная, таму засталося 119 пакояў, — паведаміла журналістка Associated Press Трыша Томас. Таму некалькі ложкаў паставяць у іншых месцах.
Гатаваць ежу будуць манахіні. Менавіта ў сталавальні падчас трапэзы кардыналы перамаўляюцца, але паразумецца ім часам складана.
«Яны прыехалі з 71 краіны і ня ведаюць адзін аднаго, таму ім даводзіцца насіць бэджы. Да ўсяго, яны размаўляюць рознымі мовамі», — дадае Трыша Томас.
Італійская — працоўная мова Ватыкану, і кардыналы карыстаюцца паслугамі перакладнікаў. Але афіцыйныя асобы Ватыкану заявілі, што перакладнікаў у Сыкстынскую капліцу ня пусьцяць, таму кардыналам давядзецца дапамагаць адзін аднаму, каб разумець дэталі працэсу.
Найдаўжэйшыя выбары папы адбываліся гадамі. Але гэтак было ў XIII–XV стагодзьдзях. Папярэднія два канклявы ў 2005 і 2013 гадах працягваліся ўсяго па два дні, вернікам тады не давялося доўга чакаць новага папу на гаўбцы базылікі сьвятога Пятра.
Розныя імёны магчымых пераемнікаў папы Францішка гучаць ужо некаторы час, адзначае ANSA: ад дзяржаўнага сакратара Ватыкану П’етра Параліна да арцыбіскупа Балёньні Матэо Марыя Дзупі, ад лацінскага патрыярха Ерусаліму П’ербатысты Піцабалі да вугорца Пэтэра Эрда (арцыбіскуп Эстэргамска-Будапэшцкі), ад арцыбіскупа Марсэльскага француза Жан-Марка Аўліна да нідэрляндзкага кардынала Вілема Эйка, ажно да філіпінца Люіса Тагле, які аказвае Азіяцкую царкву, або кангалезца Фрыдаліна Амбонга Бэзунгу, які ўвасабляе афрыканскую пэрспэктыву, або нават бразыльца Леанарда Ульрыха Штайнэра, архібіскупа Манаўсу, які аказвае лацінаамэрыканцаў.
Вядома, што на канкляў зьбіраюцца 53 кардыналы з Эўропы (16 з Італіі), 37 з Амэрыкі (16 з Паўночнай, 17 з Паўднёвай, 4 з Цэнтральнай Амэрыкі), 23 кардыналы з Азіі, 18 з Афрыкі, 4 з Акіяніі.
Наймаладзейшым удзельнікам канкляву стане ўкраінец з Аўстраліі Мікалай Бычок, якому 13 лютага споўнілася 45 гадоў, найстарэйшым — гішпанец Карляс Асора Сьера (яму 16 траўня споўніцца 80 гадоў).
Папа Рымскі Францішак памёр 21 красавіка, на наступны дзень пасьля Вялікадня, ва ўзросьце 88 гадоў пасьля інсульту. Падчас свайго папства Францішак імкнуўся стварыць больш адкрытую Царкву. Ён часта выступаў у абарону інтарэсаў бедных, заклікаў багатыя краіны дапамагаць мігрантам і вырашаць праблему зьмены клімату.
Форум