Каля ўвахода ў менскі касьцёл сьв. Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) невядомыя парэзалі нажом абраз-банэр Езуса Міласэрнага, паведамляе katolik.life.
Відаць, што хтосьці зрабіў надрэз у ніжнім правым куце банэру, а самыя вялікія пашкоджаньні добра заўважныя проста каля аблічча Езуса — верагодна, зламысьнікі спрабавалі адрэзаць малюнак.
Калі дакладна гэта адбылося, невядома. Разам з тым, як адзначаецца, мяркуючы па здымках турыстаў — не пазьней за сярэдзіну лютага. Інфармацыі пра тое, ці расьсьледуецца гэты акт вандалізму, няма.
Банэр-абраз змацавалі, але сьляды пашкоджаньня засталіся. Адзначаецца, што гэты і іншыя выявы ранейшы пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк разьмясьціў на канструкцыі, над якой узвышаецца статуя далучанага да ліку сьвятых папы рымскага Яна Паўла ІІ.
Выява Езуса Міласэрнага зьяўляецца копіяй эскізу, што захоўваецца ў касьцёле Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Ваўкалаце Докшыцкага раёну. Ён быў напісаны мастаком Яўгеніюшам Казіміроўскім у Вільні для бласлаўлёнага айца Міхаіла Сапоцькі і сьвятой Фаўстыны Кавальскай.
Гісторыя Чырвонага касьцёла:
- 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
- 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
- 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
- 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
- 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
- 1986 год — вернікі пачалі захады для вяртаньня касьцёла.
- 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
- 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — там нібыта хаваліся пратэстоўцы.
- Ноч на 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі аб прыпыненьні працы храма і нікога ўсярэдзіну не пусьцілі.
- 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.
Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам цяпер?
- Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
- Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёлу. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы і ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі сьв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ўва ўласнасьць Менску. Парафія сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і плябанію на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.
Форум