Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ватыкане абмеркавалі «сытуацыю Каталіцкага касьцёла ў Беларусі» і яго ўзаемадзеяньне з уладамі


Арцыбіскуп Юзэф Станеўскі і біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласьці біскуп Аляксандар Яшэўскі правялі сустрэчу зь дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етра Паралінам у Ватыкане, падчас якой абмеркавалі становішча Каталіцкага касьцёла ў Беларусі, паведамляе Vatican News.

Прадстаўнікі беларускага епіскапату наведалі Рым, дзе прынялі ўдзел у біскупскім пасьвячэньні падсакратара Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў Філіпа Чампанэлі, які ў 2011-2014 гадах займаў пасаду сакратара апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.

Сустрэча з Пʼетра Паралінам адбылася 20 лютага 2025 года ў Дзяржаўным сакратарыяце.

«Мы падрабязна абмеркавалі актуальную сытуацыю Каталіцкага касьцёла ў Беларусі, надаўшы асаблівую ўвагу пытаньням узаемадзеяньня зь дзяржаўнымі ўладамі і міжканфэсійнаму дыялёгу», — паведаміў арцыбіскуп.

Заплянаваную на 21 лютага 2025 году сустрэчу з папам Францішкам адклалі з прычыны ягонай шпіталізацыі. Беларускія герархі перадалі праз кардынала Параліна запэўненьні ў малітоўнай падтрымцы пантыфіка ад усіх вернікаў Беларусі.

«Візыт беларускіх біскупаў працягнецца да 22 лютага 2025 году і ўключае шэраг важных сустрэч», — гаворыцца ў матэрыяле.

  • Згодна са справаздачай таварыства «Дапамога Касьцёлу ў патрэбе» апублікаванай у студзені 2024 году, толькі ў 2023 годзе ў Беларусі арыштавалі 10 каталіцкіх сьвятароў (сярод іх 64-гадовы Генрык Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў калёніі нібыта за «здраду дзяржаве», якія мае сур'ёзныя праблемы са здароўем). З дакумэнту вынікае, што ва ўзроўні рэпрэсій супраць Каталіцкай царквы Беларусь займае 2-е месца ў сьвеце. Горшая сытуацыя толькі ў Нікарагуа, дзе пад вартай на той момант знаходзіліся 46 каталіцкіх сьвятароў, а біскуп Ралянда Альварэс быў асуджаны на 26 гадоў турмы.
  • Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу вымушаны былі выехаць каля дзясятка каталіцкіх сьвятароў, сярод якіх ксёндз і блогер Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў (які «пракаціў» амапаўца на капоце машыны падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 году), ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску і інш.
  • Дагэтуль ня дзейнічае Чырвоны касьцёл у Менску, які ўлады закрылі ўвосень 2022 году. Прычынай назвалі пажар у будынку, які нібыта здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году, падчас якога была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады забараняюць правядзеньне фэстываляў духоўнай музыкі ў Беларусі. Так, 2 ліпеня 2021 году падчас выступу на сходзе ў гонар Дня Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка перасьцярог ад выкананьня рэлігійнага гімну «Магутны Божа». У траўні 2021 году адмянілі традыцыйны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які праводзіўся ў Магілёве з 1990-х гадоў.
  • Ярархі Каталіцкай царквы ў Беларусі ня выступілі публічна ў абарону сваіх сьвятароў. Яны выпусьцілі толькі кароткія паведамленьні аб тым , што сьвятары сапраўды затрыманыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG