Толькі ў адной Маскве на вайну з Украінай маглі завэрбаваць больш за паўтары тысячы замежных наймітаў за год, высьветлілі «Важные истории». Праект высьветліў іхныя імёны з дапамогай выцеку зьвестак з маскоўскай мэдыцынскай базы (ЕМІАС), якая ахоплівае пэрыяд крыху больш за год — з моманту адкрыцьця вербавальнага цэнтру ў красавіку 2023-га да канца траўня 2024 году.
Беларусы і іншыя прадстаўнікі краінаў СНД
За азначаны гадавы пэрыяд Адзіны пункту адбору на кантракт на вуліцы Яблачкава ў Маскве наведаў 71 грамадзянін Беларусі. Столькі ж, колькі з Узбэкістану. А больш толькі таджыкаў — 86 чалавек. Добраахвотнікамі ў расейскім войску хацелі стаць і 25 украінцаў.
Таксама сярод наймітаў з краінаў СНД Аскар Кубанычбек з Кіргізстану, які жыў у Расеі з 2012 году. Яшчэ ў чэрвені 2022-га ён накіраваўся добраахвотнікам на фронт, дзе правёў пяць месяцаў. Пасьля гэтага Кубанычбека затрымалі ў Кіргізстане і судзілі за наёмніцтва. За ўдзел у вайне ва Ўкраіне яго прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўленьня волі, але адпусьцілі, прызначыўшы трохгадовы нагляд.
Ужо ў траўні 2024 году Кубанычбэк прыйшоў у маскоўскі пункт вярбоўкі, каб заключыць новы кантракт на службу ў расейскім войску. Як паведамлялі кіргіскія СМІ, ужо ў жніўні таго ж года Кубанычбек стаў грамадзянінам Расеі.
Адкуль яшчэ найміты
Першае месца па колькасьці добраахвотнікаў, якія адправіліся ў Расею, занялі краіны Паўднёвай і Ўсходняй Азіі — 771 чалавек. На другім і трэцім месцах — краіны былога СССР (523 чалавекі) і Афрыкі (72 найміты).
Больш за ўсё наймітаў адправіліся ў Расею з Нэпалу — маскоўскі пункт вярбоўкі наведалі як мінімум 603 чалавекі з гэтай краіны. Першыя нэпальцы зьявіліся ў расейскім войску не пазьней за травень 2023 году. Спачатку яны прыяжджалі невялікімі групамі па два-тры чалавекі, але да жніўня іх паток вырас да 30 чалавек на месяц, а за кастрычнік праз пункт адбору на Яблачкава прайшло больш за 370 чалавек.
У першай палове лістапада набор добраахвотнікаў з Нэпалу сышоў на нішто. У гэты час аб вярбоўцы нэпальцаў на вайну ў Расеі пачалі расказваць у СМІ, і ўлады гэтай краіны папрасілі Крэмль не набіраць грамадзян Нэпалу ў войска. Але былі й нэпальцы, якія праігнаравалі забарону ўраду і ўступалі ў расейскае войска.
Расея не паведамляе сваякам нэпальцаў, якія адправіліся на вайну, аб іхным лёсе. Сем'і спрабуюць дамагчыся дапамогі ад уладаў Нэпалу, але ня ўсе могуць зьмірыцца з стратай. У сакавіку 2025 году некалькі сем’яў загінулых і зьніклых бязь вестак нэпальцаў прыехалі ў Маскву, каб запатрабаваць ад Расеі выплаціць кампэнсацыю, а зьніклых адшукаць. Ім нібыта абяцалі дапамагчы. На гэты момант урад Нэпалу пацьвердзіў гібель 48 сваіх грамадзянаў-наймітаў. Некаторыя іншыя зьвесткі сьведчаць пра тое, што трупаў можа быць больш.
Падобна, яшчэ 35 кантрактнікаў з Нэпалу змаглі дэзэртаваць: іхныя імёны знайшлі ў сьпісах жаўнераў, якія самавольна пакінулі частку. Такую інфармацыю зьлілі ў сеціва. У гэтых даных пазначана, што на аднаго з нэпальцаў завялі крымінальную справу па артыкуле аб дэзэртырстве, а яшчэ шасьцярых затрымалі. Зрэшты, іншых пацьверджаньняў гэтай інфармацыі няма.
Вядома, што некаторыя нэпальцы ваявалі ня толькі на тэрыторыі Ўкраіны, але і ў Курскай вобласьці.
У здабытых сьпісах некалькі дзясяткаў грамадзянаў краінаў Эўразьвязу і два падданыя ЗША. У расейскае войска спрабавалі трапіць грамадзяне Італіі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Аўстрыі і Францыі. Пад увагу трапіў, у прыватнасьці, 21-гадовы француз Жан Клеман. Як высьветлілі «Важные истории», ягоная маці, Элен Клеман-Піція рэгулярна запрашаюць у якасьці эканамічнага экспэрта ў этэры францускага аддзяленьня RT і франкамоўнай вэрсіі «Спутника».
Маці брала ўдзел у адных сустрэчах зь вядомым ультраправым расейскім ідэолягам Аляксандрам Дугіным, а ейны сын у гэты час вучыўся і працаваў мадэльлю ў Маскве. Ён браў удзел у розных праваслаўных летніках, добра размаўляе па-расейску.
Таксама сярод наймітаў быў заўважаны грамадзянін Даніі Ніклас Хофгар. 34-гадовы мужчына вядомы на радзіме як рэпэр Stanley Most. Ён адкрыта падтрымліваў Пуціна і хацеў атрымаць расейскае грамадзянства. Лічыў, што сам выбера сабе месца службы, але трапіў на вайну ва Ўкраіне і скардзіўся на зьдзекі з боку таварышаў па службе: паводле яго слоў, яго зьбівалі, прымушалі піць гарэлку, забіралі тэлефон і падазравалі ў шпіянажы на карысьць ЗША і Даніі. Затым ён звольніўся з войска, жыве і працуе ў Маскве, бо баіцца перасьледу на радзіме за найміцтва.
Натуральна, сярод наймітаў і сэрбы. Прадстаўнікі гэтай нацыі ваявалі на баку Расеі яшчэ ў 2014-м, калі вайна толькі пачалася і ахапіла ня ўсю Ўкраіну. Як мінімум восем сэрбаў прайшлі праз пункт адбору на кантракт у Маскве ў 2023–2024 гадах.
Амаль палова (44%) выхадцаў з краін Блізкага Ўсходу, якія зьявіліся ў вярбовачным пункце ў Маскве, родам з Эгіпту. Першыя эгіпецкія добраахвотнікі пачалі зьяўляцца ў маскоўскім пункце адбору яшчэ ў красавіку 2023 году, як толькі ён пачаў працу. Падобна, эгіпцянаў агітуюць падпісаць кантракт ужо ў Расеі: тры чвэрці завербаваных з тых, па кім даступныя даныя памежнай службы, пражылі ў краіне больш за месяц да паходу ў сталічны пункт вярбоўкі, 39% — больш за год. Сярод іх — былыя студэнты расейскіх ВНУ (колькасьць студэнтаў з Эгіпту ў Расеі павялічваецца ў апошнія гады) і мужы расеек у працэсе разводу.
У тройку краінаў — лідэраў Блізкага Ўсходу, чые грамадзяне прайшлі праз маскоўскі пункт адбору, таксама трапілі Іран і Альжыр. Некаторыя з гэтых наймітаў ужо атрымалі расейскае грамадзянства.
У расейскае войска вярбуюць і замежнікаў зь бедных краінаў Афрыкі: 72 чалавекі, якія прайшлі маскоўскі пункт адбору, — родам з афрыканскіх краін з высокім узроўнем беспрацоўя і беднасьці. У тройцы краінаў-лідэраў, — Гана, Камэрун і Сэнэгал. Некаторыя афрыканцы ўжо на стадыі атрыманьня расейскага грамадзянства, але як мінімум дваіх судзілі за перабываньне ў краіне без адпаведных дакумэнтаў.
Як зьбіралі інфармацыю пра наймітаў
Зьвесткі здабыла групоўка праломнікаў DumpForums. Яна ўзламала некалькі базаў Дэпартамэнту інфармацыйных сыстэмаў мэрыі Масквы. Сярод зьвестак былі і базы даных пра асобаў, якія прыбылі ў Расею, каб завербавацца на вайну. У больш як 1,5 тыс. замежных грамадзян, якія фігуруюць у базе ЕМІАС, у якасьці адрасу пражываньня пазначаны адрас Адзінага пункту адбору на кантракт — вуліца Яблачкава, дом 5, будынак 1. Часам у дадзеных сустракаецца і нумар кватэры. Згодна з выцекам, амаль тры сотні замежнікаў «жывуць» у кватэры пад нумарам 302. Такі ж нумар мае кабінэт мэдыцынскага агляду ў пункце вярбоўкі.
Цэнтар набору кантрактнікаў пачаў працу 1 красавіка 2023 году. Замежныя найміты паўмесяца праводзілі ў падмаскоўным навучальным цэнтры «Авангард» у чаканьні загаду аб залічэньні ў войска, пасьля чаго адпраўляліся на вучэньні і затым на фронт.
Адкрытыя крыніцы дазволілі пацьвердзіць, што дзясяткі замежнікаў з адрасам на Яблачкова ўдзельнічалі ў вайне ва Ўкраіне. Некаторыя зь іх загінулі або апынуліся ў палоне, але ёсьць і тыя, хто праслужыў увесь тэрмін кантракту і здолеў адлічыцца з расейскага войска. Аднак ня ўсе, хто наведаў маскоўскі пункт адбору на кантракт, прыступілі да службы. Праект знайшоў як мінімум 13 выпадкаў, калі замежныя добраахвотнікі пакідалі Расею на наступны дзень ці празь некалькі дзён пасьля прыезду.
Верагодна, частка зь іх адмовілася ехаць ва Ўкраіну з-за ўсьведамленьня, з чым сутыкнуцца на вайне. Дэзэртыр з Нэпалу Кхакендра Кхатры зразумеў, што стане «гарматным мясам», калі калегі па трэнавальным цэнтры дадалі яго ў Watsapp-суполку. Там абменьваліся інфармацыяй і выкладвалі ролікі з фронту, у тым ліку з трупамі і параненымі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум