Больш за 20 прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці ўзялі ўдзел у працы канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні, якая з 6 па 17 кастрычніка праходзіць у Варшаве.
На пленарным паседжаньні 16 кастрычніка выступіла яшчэ адна прадстаўніца ад дэмакратычнай Беларусі — Натальля Сацункевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна». Тэмай яе выступу было становішча праваабаронцаў у Беларусі і сытуацыя з правядзеньнем мірных сходаў. У гэтых сфэрах працягваецца надзвычайны ціск і масавыя парушэньні правоў.
«Я знаходжуся ў вышуку ў Беларусі і Расеі, бо дапамагала ахвярам гвалту сілавых структураў падчас пратэстаў 2020 году. У нас усе незалежныя арганізацыі зьліквідавалі, а іх чальцоў абвясьцілі „экстрэмістамі“ і гэта датычыцца таксама нашай арганізацыі „Вясна“. Увогуле публічная праваабарончая дзейнасьць у Беларусі цяпер немагчымая — яна наўпрост вядзе да арышту», — сказала беларуская праваабаронца.
Паводле Натальлі Сацункевіч, агульная сытуацыя ў Беларусі з правамі чалавека застаецца крытычнай. Яна мяркуе, што ўдзельнікі канфэрэнцыі пагадзіліся з яе высновай.
«Пярэчаньняў я не пачула, толькі ўдакладненьні і водгукі салідарнасьці. Пры гэтым я не хаваю фактаў, калі ў Беларусі частка палітвязьняў выходзіць на волю. Як нядаўна ў верасьні, альбо ўлетку. А яшчэ выходзяць тыя, хто адбыў свой тэрмін. Але рэпрэсіі працягваюцца, у сьпісе палітвязьняў ледзь не штодня зьяўляюцца новыя імёны і з грамадзянскім свабодамі лепш не становіцца — таму і такая жорсткая ацэнка», — сказала Свабодзе Натальля Сацункевіч.
На канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве беларускаму пытаньню прысьвяцілі некалькі дыскусіяў. Удзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўвалі магчымасьці вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Натальля Сацункевіч мяркуе, што разнастайнасьць думак у вострых пытаньнях — вельмі важнае дасягненьне форуму.
«Калі вялося пра вызваленьне палітвязьняў, як гэтага дамагчыся, дык гучалі розныя пазыцыі. Як тыя, што бязь ціску на рэжым і новых санкцыяў станоўчага выніку ня будзе, гэтак і больш стрыманыя, што трэба пагаджацца на ўмовы, якія прапануе афіцыйны Менск, каб больш людзей хутчэй выйшлі на волю. Мяркую, у гэтым і сэнс такіх сходаў, каб былі пачутыя ўсе пазыцыі, больш шанцаў, што пачнем рухацца да пажаданых вынікаў», — дадала Натальля Сацункевіч.
16 кастрычніка на канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве прайшлі ўжо пятыя слуханьні ў беларускай тэматыцы. Паводле праваабаронцы, цікаўнасьць да іх значная. Усяго, паводле яе зьвестак, у слуханьнях і падзеях варшаўскай канфэрэнцыі бралі ўдзел да 1,5 тысячы чалавек, сярод іх больш за 20 беларусаў — праваабаронцаў, журналістаў, юрыстаў, экспэртаў, актывістаў грамадзкіх арганізацыяў, былых палітвязьняў. Але прадстаўнікоў урадавай дэлегацыі Беларусі на канфэрэнцыі ў Варшаве праваабаронца не сустрэла.
«Ад афіцыйнага боку нікога ня бачыла і ня чула. Дарэчы, як і ад расейскай афіцыйнай дэлегацыі. У іх офіс у Вене, яны там і застаюцца. Сёлета тут на канфэрэнцыі з краінаў СНД была толькі афіцыйная дэлегацыя Ўзбэкістану. Яны актыўна спрачаліся з праваабаронцамі, даказвалі сваю пазыцыю. А беларускі афіцыйны бок ніяк ня быў прадстаўлены», — расказала Натальля Сацункевіч.
Праваабаронца агучыла на канфэрэнцыі імёны некалькіх палітвязьняў, у тым ліку рэпрэсаваных «вясноўцаў», якіх трымаюць у няволі: ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка ў кіраўніцтве арганізацыі Валянціна Стэфановіча, юрыста Ўладзімера Лабковіча, валянтэркі Марфы Рабковай.
«Вельмі важка, каб кожны раз гучалі імёны гэтых людзей, веру, што настойлівасьць і салідарнасьць здольныя наблізіць час іх вызваленьня», — мяркуе Натальля Сацункевіч.
Паводле Натальлі Сацункевіч, у кулюарах варшаўскай канфэрэнцыі АБСЭ абмяркоўваюць імавернасьць новага вызваленьня вялікай групы беларускіх палітвязьняў. На просьбу выказаць прагноз Натальля адказала, што паколькі яна «праваабаронца, а не палітык», то не бярэцца рабіць прагнозаў, але па-чалавечы спадзяецца на добры вынік намаганьняў дзеля вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
Форум