Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Ніка Новак, якая супрацоўнічала з Свабодай, абвясьціла галадоўку праз катавальныя ўмовы ў калёніі


Ніка Новак, архіўнае фота
Ніка Новак, архіўнае фота

Журналістка Ніка Новак, якая супрацоўнічала з Расейскай службай Радыё Свабода і асуджаная на 4 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў супрацы з замежнай арганізацыяй, паскардзілася на катавальныя ўмовы ў калёніі ў Іркуцкай вобласьці, дзе яна ўтрымліваецца, і абвясьціла галадоўку.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на SOTAVision, 16 кастрычніка Ніка Новак удзельнічала па відэасувязі ў пасяджэньні Дзяржынскага суда Новасібірску, на якім яна спрабавала абскардзіць статус «схільнай да тэрарызму», што ёй прысвоілі ў калёніі.

У часе пасяджэньні журналістка паведаміла, што пасьля пераводу на строгія ўмовы ўтрыманьня ёй перасталі перадаваць лісты. Таксама яна распавяла, што супрацоўнікі калёніі правакуюць яе на парушэньні парадку, увесь час пагражаюць новымі крымінальнымі справамі, а таксама што яе зьмяшчалі ў ШЫЗА праз адмову даць інтэрвію пракрамлёўскім СМІ і працаваць швачкай.

Паводле Нікі Новак, у камэры адна з зьняволеных нападае на іншую, а яшчэ адну зьняволеную «два дні білі». У цэлым умовы ўтрыманьня яна ахарактарызавала як катавальныя. Журналістка заявіла, што працягне галадоўку, пакуль стаўленьне пэрсаналу калёніі ня зьменіцца. Яна таксама зьвярнулася да СМІ і грамадзян з просьбай пісаць скаргі на калёнію. Паводле яе, становішча «ўжо горш няма куды», а кантакт з адміністрацыяй калёніі яна знайсьці ня можа.

Журналістка, якая супрацоўнічала ў тым ліку з Радыё Свабода ў якасьці пазаштатнага карэспандэнта, адбывае тэрмін у папраўчай калёніі № 11 у Іркуцкай вобласьці. У лістападзе 2024 году яе асудзілі на 4 гады калёніі ў справе аб «супрацы з замежнай арганізацыяй на канфідэнцыйнай аснове». Гэта першы выпадак прысуду журналісту па гэтым артыкуле.

Праект «Падтрымка палітвязьняў», які рэалізуе «Мэмарыял», прызнаў Ніку Новак палітвязьнем. Раней яна ўжо абвяшчала галадоўку праз спыненьне дастаўкі лістоў.

Прэзыдэнт медыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывен Капус пасьля абвяшчэньня прысуду заклікаў улады Расеі вызваліць журналістку: «Мы асуджаем несправядлівы прысуд журналістцы RFE/RL Ніцы Новак у Расеі. Гэтыя палітычна матываваныя абвінавачваньні накіраваныя на прыгнечаньне незалежных рэпартэраў і аказаньне на іх ціску. Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Нікі і вяртаньні яе да сям’і».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG