Пра сьмерць Зураба Цэрэтэлі «Интерфаксу» паведаміў памочнік мастака Сяргей Шагулашвілі.
«Так, гэта здарылася сёньня а палове на другую ночы», — сказаў суразмоўца агенцтва. Ён дадаў, што рашэньне аб разьвітаньні і пахаваньні прымуць пазьней.
Зураб Цэрэтэлі — савецкі, грузінскі і расейскі мастак-манумэнталіст, скульптар, жывапісец, пэдагог. З 1997 году — прэзыдэнт Расейскай акадэміі мастацтваў. Народны мастак СССР, народны мастак РФ, поўны кавалер расейскага ордэна «За заслугі перад Айчынай».
Нарадзіўся 4 студзеня 1934 году ў Тбілісі. Заснавальнік Маскоўскага музэю сучаснага мастацтва (1995), Музэйна-выставачнага комплексу Расейскай акадэміі мастацтваў, Галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі (2000) і Музэю сучаснага мастацтва ў Тбілісі (Грузія, 2012).
Ён аўтар больш як 5000 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва (фрэскі, мазаікі, пано). Як скульптар стварыў шмат манумэнтаў, сярод іх «Дружба навекі» ў Маскве, «Дабро перамагае зло» перад будынкам ААН у Нью-Ёрку, «Нараджэньне новага чалавека» ў Сэвільлі, «Разбурыць сьцяну недаверу» ў Лёндане, мэмарыял «Сьляза смутку» ў ЗША у памяць аб ахвярах тэрарыстычных актаў 11 верасьня.
У 1970–1980-х гадах быў галоўным мастаком МЗС СССР, у 1980 годзе — галоўным мастаком Алімпійскіх гульняў у Маскве, у 1995 годзе — мастацкім кіраўніком будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу на Паклоннай гары, у 1995 годзе — галоўным мастаком у аднаўленьні ўбраньня храму Хрыста.
Творы Цэрэтэлі стаяць у Маскве і іншых гарадах Расеі, краін СНД і многіх іншых дзяржаваў.
У Маскве найбольш вядомы ягоны 98-мэтровы помнік Пятру I на Маскве-рацэ — адзін з самых спрэчных, але прыкметных сымбаляў гораду.
У сакавіку 2014 году подпіс Зураба Цэрэтэлі зьявіўся пад зваротам дзеячоў культуры ў падтрымку дзеяньняў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ва Ўкраіне і ў анэксаваным Крыме. Памочнік скульптара Шагулашвілі гэта адмаўляў.
Форум