9 траўня 2025 году ў Беларусі адзначаць 80 гадоў з Дня перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Улады краіны актыўна выкарыстоўваюць гэтую дату ў ідэалягічных мэтах. Расказваем, што яны напрыдумлялі сёлета.
Дзіцячы парад
У Гомлі сёлета рыхтуюцьпарад на 9 траўня з удзелам дзяцей, паведамляла дзяржаўнае выданьне «Гомельские ведомости». Дзяцей ужо зьбіралі на рэпэтыцыю. Вайскоўцы вучылі падлеткаў хадзіць шыхтом. На ёй былі выхаванцы вайскова-патрыятычных клясаў і клюбаў ня толькі Гомля, але і Сьветлагорску, Рагачова, Жлобіна, навучэнцы Гомельскага кадэцкага вучылішча, ліцэю МНС і школы № 3 Гомля. Раней навучэнцаў сілавых установаў звозілі на парад 3 ліпеня ў Менску.
Надпіс з соснаў
У Кіраўскім раёне заплянавалі зрабіць вялікі надпіс «9 Мая». Яго зробяць з соснаў, якія пасадзяць на полі, адведзеным пад будучы лес.
Рэйхстаг у Горадні
У Горадні зладзяць рэканструкцыю штурму Райхстагу 4 траўня, паведамляе мясцовая дзяржаўная тэлевізія. Прадстаўленьне будзе доўжыцца 20 хвілін. У ролі Райхстагу мае выступіць Палац тэкстыльнікаў на Савецкай плошчы. Над ім хочуць паставіць купал, на якім плянуюць замацаваць чырвоны сьцяг Савецкага Саюзу зь сярпом і молатам. У пастаноўку хочуць залучыць больш за 100 чалавек і 14 адзінак тэхнікі. Уваход на плошчу будзе вольны. Падзею будуць трансьляваць на трох дзяржаўных каналах.
Прысядаць у гонар танка і стаяць на адной назе з кнігай на галаве
Менскі аблвыканкам прыдумаў онлайн-чэлендж «Восемдзесят крокаў да Перамогі». Ён праходзіць з 9 красавіка да 9 траўня. Штодня ў сацыяльных сетках зьяўляюцца новыя заданьні.
Заданьні такія:
22 крокі на месцы (бо 22 чэрвеня 1941 году пачалася так званая Вялікая Айчынная вайна);
10 сэкундаў у практыкаваньні «Крэселка» (у памяць пра 10 дзён абароны Берасьцейскай крэпасьці, хоць абарона працягвалася даўжэй);
прастаяць 125 сэкундаў на адной назе, з кнігай на галаве і рукамі ў бакі (125 грамаў важыла мінімальная норма выдачы хлеба ў блякадным Ленінградзе, хаця чэлендж праводзяць у Беларусі);
34 прысяданьні — «у гонар легендарнага танка Т-34»;
хадзіць упрысядкі да 2 хвілін — «бо так хадзілі партызаны».
У чэленджы бяруць удзел,прыкладам, выхаванцы дзіцячых садкоў у Слуцку і Ўзьдзе, школьнікі зь вёскіКляпчаны пад Слуцкам. У сацыяльных сетках публікуюццца відэа, дзе дзеці выконваюць заданьні. Футбольны клюб з Жодзіна вырашыў з нагоды 9 траўня апублікаваць відэа з дабрачынным паходам у цэнтар для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.
Праект з назвай «Восемдзесят крокаў да перамогі» ладзяць і ў Расеі. Там падзеі ня толькі спартовага зьместу, але і культурнага.
Дзяжурствы каля помнікаў
У Гомлі вучні школы № 3 ахоўваюць помнікі, паведамляла дзяржаўная тэлевізія. Акцыю назвалі «Вахта памяці».
«Дзеці ўзялі шэфства над ваеннымі пахаваньнямі, помнікамі і мэмарыяламі», — паведамляла тэлевізія.
Іхныя дзяжурствы, паводле АНТ, расьпісаныя штодзённа зь лютага да 9 траўня. Кожныя 15 хвілін заступае новая зьмена па сем чалавек.
Форум