Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Добрыя расейцы» павінны заявіць, што ня будуць замахвацца на сувэрэнітэт Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская між іншага адказала і на пытаньне пра кантакты зь Юліяй Навальнай.

«Няма падставаў» для больш шчыльнага супрацоўніцтва беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў з прычыны «розных кантэкстаў і мэтаў», заявіла лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская на YouTube-канале «И Грянул Грэм», піша «Позірк».

«Адзінае, што мы трансьлюем, так бы мовіць, „добрым расейцам“ — яны павінны заявіць, што калі яны адаб’юць сваю краіну, будуць нейкія працэсы ў Расеі, то яны ня будуць замахвацца на сувэрэнітэт і незалежнасьць постсавецкіх краін, у прыватнасьці Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі. І яны прыцішаць свае імпэрыялістычныя амбіцыі, бо кожная краіна мае права выбіраць тую будучыню, якую хоча сама», — сказала Ціханоўская.

Адказваючы на пытаньне пра кантакты зь Юліяй Навальнай, удавой памерлага ў СІЗА 16 лютага расейскага апазыцыйнага лідэра і палітвязьня Аляксея Навальнага, Ціханоўская сказала, што «першая сустрэча [зь ёю] адбылася якраз у дзень забойства Аляксея» ў Мюнхэне. З таго часу Ціханоўская некалькі разоў перасякалася з Навальнай на розных канфэрэнцыях.

«Я яе горача падтрымліваю, бо ў яе таксама вельмі складаны лёс. І наша грамадзянская супольнасьць, вядома, у нейкіх пытаньнях можа перасякацца з грамадзянскай супольнасьцю Расеі, з рознымі структурамі», — сказала палітык.

19 лютага Юлія Навальная ў відэазвароце паабяцала працягнуць працу мужа. Ціханоўская заявіла, што паважае гэтае рашэньне.

  • Аляксей Навальны — расейскі грамадзка-палітычны дзяяч дэмакратычнай арыентацыі, вядомы сваёй барацьбой з карупцыяй, ён выкрываў фінансавыя махінацыі расейскіх уладаў і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
  • У 2020 годзе палітык падтрымліваў пратэсты ў Беларусі. Ня раз крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
  • 20 жніўня 2020 году, калі Аляксей Навальны ляцеў у Маскву з Томску, на борце самалёта палітыку рэзка стала дрэнна. Пілёты тэрмінова пасадзілі лайнэр, Навальнага шпіталізавалі ў лякарню ў стане комы. Праз два дні яго перавезьлі ў клініку ў Нямеччыне. Расейскія лекары не знайшлі ў арганізьме палітыка сьлядоў атручэньня. У Бэрліне спэцыялісты выявілі прысутнасьць баявога атрутнага рэчыва, падобнага складам да атруты «Навічок», якую раней выкарыстоўвалі пры замаху на былога супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля ў брытанскім горадзе Солсбэры. Некалькі незалежных эўрапейскіх лябараторыяў, а таксама Арганізацыя забароны хімічнай зброі пацьвердзілі, што Аляксея Навальнага атруцілі рэчывам з групы «Навічок».
  • 17 студзеня 2021 году Аляксей Навальны вярнуўся ў Маскву зь Нямеччыны, дзе некалькі месяцаў лячыўся і праходзіў рэабілітацыю пасьля атручэньня. Яго затрымалі ў аэрапорце Шарамецьева. З таго часу ён быў у няволі: спачатку Навальнага арыштавалі, а потым суд у крымінальнай справе 2014 году адправіў яго ў калёнію . Пасля гэтага яго неаднойчы судзілі паводле розных крымінальных артыкулаў. 4 жніўня 2023 году Навальнаму прысудзілі 19 гадоў калёніі асаблівага рэжыму ў справе аб «стварэньні экстрэмісцкай супольнасьці».
  • 16 лютага 2024 году расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць Аляксея Навальнага ў калёніі «Палярны воўк» у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. У пасьведчаньні аб ягонай сьмерці было сказана, што палітык памёр з натуральных прычын. За час зьняволеньня Навальнага агулам больш як на 300 дзён зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. Прыхільнікі Навальнага лічаць, што яго забілі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG