Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля перамоваў у Парыжы Рубіё патэлефанаваў Лаўрову


Перамовы ў Парыжы, 17 красавіка 2025
Перамовы ў Парыжы, 17 красавіка 2025

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Марка Рубіё правёў размову зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым, паведамілі прэс-службы абодвух ведамстваў 17 красавіка.

«Дзяржсакратар перадаў свайму расейскаму калегу тое ж паведамленьне, якое каманда ЗША перадала ўкраінскай дэлегацыі і нашым эўрапейскім саюзьнікам у Парыжы: прэзыдэнт Трамп і Злучаныя Штаты хочуць, каб гэтая вайна скончылася, і ўжо прадставілі ўсім бакам контуры моцнага і працяглага міру», — заявілі ў Дзярждэпартамэнце ЗША.

У дыпляматычным ведамстве ЗША дадалі, што «абнадзейлівая рэакцыя» на прапанаваныя Вашынгтонам рамкі перамоваў сьведчыць пра тое, што мір магчымы, калі ўсе бакі абавяжуцца дасягнуць пагадненьня.

МЗС Расеі паведаміла, што Рубіё праінфармаваў Лаўрова пра кантакты з прадстаўнікамі Ўкраіны, Францыі і шэрагу іншых краін Эўропы.

Як заявілі ў расейскім міністэрстве, Лаўроў «пацьвердзіў гатоўнасьць Масквы да працягу сумеснай працы з амэрыканскімі калегамі з мэтай надзейнай ліквідацыі першапрычын украінскага крызісу».

У Парыжы 17 красавіка адбыліся сустрэчы паміж прадстаўнікамі Украіны, Злучаных Штатаў і Эўропы наконт завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны.

У перамовах у Парыжы з амэрыканскага боку ўдзельнічалі дзяржсакратар Марка Рубіё, спэцпасланьнік ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Кела (ён назваў сустрэчы ў Елісейскім палацы «вельмі прадуктыўнымі») і спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф. Украінскую дэлегацыю ўзначалілі міністар абароны Рустэм Умераў і кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак.

На перамовах таксама прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва Францыі, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны. Як паведаміў кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро, наступны раўнд перамоваў адбудзецца ў Лёндане на наступным тыдні.

Афіцыйна Масква заяўляе, што імкнецца да міру, але на сваіх умовах, сярод якіх ня толькі адмова Ўкраіны ад акупаванага Крыму і чатырох абласьцей, пра незаконную анэксію якіх заяўляе Масква, пры гэтым не кантралюючы іх цалкам, але і адмова ад уступленьня ў NATO і, верагодна, іншыя саступкі.

У апошні час Трамп некалькі разоў заяўляў, што Расеі неабходна пераходзіць ад словаў да справы і паказаць сваё імкненьне да міру. У той жа час прэзыдэнт ЗША заявіў, што адказнасьць за вайну нясе ня толькі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які яе разьвязаў, але і ўкраінскі лідэр Уладзімір Зяленскі і папярэднік Трампа на пасадзе прэзыдэнта ЗША Джо Байдэн, якія, на думку Трампа, нічога не зрабілі, каб яе пазьбегнуць.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG