Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і ЗША падпісалі мэмарандум пра намер заключыць пагадненьне аб эканамічным партнэрстве


Міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка
Міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка

Цяпер бакі рыхтуюць стварэньне Фонду аднаўленьня Ўкраіны.

Украінская служба Радыё Свабода паведаміла, што Ўкраіна і ЗША зрабілі крок да сумеснай дамовы аб эканамічным партнэрстве. Пра гэта заявіла міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка ўвечары 17 красавіка.

«Украіна і Злучаныя Штаты Амэрыкі падпісалі Мэмарандум, які пацьвярджае канструктыўную сумесную працу нашых камандаў і намер фіналізаваць і заключыць пагадненьне, якое будзе выгадна абодвум нашым народам», — заявіла яна.

Міністарка дадала, што бакі рыхтуюць стварэньне Фонду інвэстыцыяў у аднаўленьне Ўкраіны.

«Важна, што мы пацьвярджаем нашымі дамоўленасьцямі імкненьне амэрыканскага народа інвэставаць разам з украінскім народам у свабодную, сувэрэнную і бясьпечную Ўкраіну», — сказала Юлія Сьвірыдзенка.

Паводле міністаркі, наступнымі крокамі будуць фіналізацыя тэксту пагадненьня, яго падпісаньне і наступная ратыфікацыя парлямэнтамі.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пагадненьне аб карысных выкапнях гатовае і ён чакае, што яно будзе падпісанае 24 красавіка.

Напярэдадні Юлія Сьвірыдзенка паведаміла, што тэхнічныя каманды Ўкраіны і ЗША «вельмі грунтоўна папрацавалі» над пагадненьнем аб мінэралах. Украінскі і амэрыканскі бакі, паводле яе, дамовіліся зафіксаваць гэтыя дасягненьні ў адпаведным мэмарандуме аб намерах і ў бліжэйшы час рыхтуюцца завяршыць фармалізацыю пагадненьня.

24 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае, што ў хуткім часе будзе падпісанае пагадненьне з Украінай аб карысных выкапнях. Пазьней украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што ЗША рыхтуюць новы праект дамовы. Паводле яго, амэрыканскі бок прапанаваў Кіеву «адразу вялікае пагадненьне».

Чакалася, што Ўкраіна і ЗША падпішуць дамову аб карысных выкапнях яшчэ ў канцы лютага, калі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведваў Вашынгтон. Цырымонія падпісаньня, аднак, не адбылася з прычыны напружанай дыскусіі Зяленскага і Трампа ў Белым доме.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп імкнецца заключыць з Украінай пагадненьне па карысных выкапнях у рамках намаганьняў па спыненьні вайны Расеі супраць Украіны. Трамп таксама разглядае гэтую дамову як спосаб вярнуць мільярды даляраў, выдаткаваныя на ваенную дапамогу Кіеву, нягледзячы на тое, што гэтая дапамога не зьяўлялася пазыкай.

Bloomberg News са спасылкай на «дасьведчаныя крыніцы» пісала 16 красавіка, што Вашынгтон, мяркуючы па ўсім, зьмякчыў свае патрабаваньні да Ўкраіны з нагоды аплаты дапамогі. У публікацыі адзначалася, што адміністрацыя Трампа зьнізіла адзнаку кошту дапамогі з прыкладна 300 мільярдаў даляраў да каля 100 мільярдаў.

24 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае, што ў хуткім часе будзе падпісанае пагадненьне з Украінай аб карысных выкапнях. Пазьней украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што ЗША рыхтуюць новы праект дамовы. Паводле яго, амэрыканскі бок прапанаваў Кіеву «адразу вялікае пагадненьне».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG