Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Грузіі прапанавала ўскладніць іншаземцам атрыманьне прытулку


Грузінская паліцыя. Архіўнае фота
Грузінская паліцыя. Архіўнае фота

Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі ўнесла на разгляд парлямэнту пакет паправак «для ўзмацненьня барацьбы зь нелегальнай міграцыяй і ўдасканаленьня правілаў наданьня міжнароднай абароны».

Аб прапанове МУС Грузіі спрасьціць працэдуру выправаджэньня іншаземцаў і ўскладніць атрыманьне прытулку, паведамляе праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа» з спасылкай на ведамства.

У прыватнасьці, МУС Грузіі прапануе:

  • уключыць у заканадаўства нормы аб выправаджэньні замежнага грамадзяніна з Грузіі і забароне на ўезд у краіну на пэўны тэрмін;
  • павялічыць штрафы для іншаземцаў, якія парушаюць правілы знаходжаньня на тэрыторыі краіны;
  • істотна спрасьціць працэдуру выправаджэньня іншаземцаў, якія незаконна знаходзяцца ў Грузіі.


Акрамя таго, дзеля «перадухіленьня злоўжываньняў працэдурай наданьня прытулку» ўводзяць паскораную працэдуру разгляду хадайніцтваў аб прытулку для іншаземцаў, якія не падалі заяўку цягам месяца з моманту ўезду ў краіну. Таксама ўводзяць новы мэханізм, паводле якога пытаньне наданьня прытулку будуць разглядаць на мяжы Грузіі бяз допуску іншаземца на яе тэрыторыю, калі яго ўезд нясе пагрозу дзяржаўнай бясьпецы.

Папраўкамі таксама прапануюць скараціць тэрміны разгляду і апэляцыі хадайніцтваў аб наданьні прытулку, а таксама абмежаваць выдачу дазволу на жыхарства іншаземцу, пытаньне аб высланьні якога разглядаюць або ўжо прынялі рашэньне выправадзіць з Грузіі, гаворыцца ў заяве МУС.

Зьмены ўносяць у тым ліку ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У МУС Грузіі сьцьвярджаюць, што ўказаны пакет законапраектаў падрыхтаваны ў адпаведнасьці з дырэктывамі Эўразьвязу.

МУС Грузіі, якое адказвае за памежны кантроль, не публікуе статыстыку пра тое, колькім людзям і зь якіх краін адмовілі ва ўезьдзе ў Грузію. Паводле афіцыйных зьвестак, толькі ў сакавіку 2025 году з краіны выправадзілі 97 замежных грамадзян, сярод іх былі і грамадзяне Беларусі.

Згодна з грузінскім заканадаўствам, грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі цягам году.

На пачатку 2025 году ў Грузіі жылі прыблізна 12 тысяч грамадзян Беларусі.

У 2019–2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларускіх грамадзян аб наданьні прытулку.

26 сакавіка суд у Тбілісі скасаваў рашэньне міграцыйнага дэпартамэнту Грузіі аб адмове ў прытулку беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку. Цяпер прашэньне аб наданьні прытулку павінны перагледзець.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG