Пра гэта аб’явіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё.
«Я абʼяўляю аб закрыцьці Цэнтру барацьбы з замежнымі інфармацыйнымі маніпуляцыямі і ўмяшаньнем, раней вядомага як Цэнтар глябальнага ўзаемадзеяньня (GEC)», — напісаў Рубіё ў сацыяльнай сетцы X.
Ён дадаў, што праца цэнтру каштавала амэрыканскім падаткаплатнікам больш як $50 мільёнаў на год і пры гэтым палягала на «замоўчваньні і цэнзуры галасоў амэрыканцаў, якім ён, як сьцьвярджалася, мусіў служыць».
Цэнтар глябальнага ўзаемадзеяньня пры Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША быў створаны ў 2011 годзе. Цэнтар працягваў працу ў часе першага тэрміну Трампа, калі выпусьціў спэцыяльны даклад аб расейскай дэзынфармацыі і прапагандзе, піша Reuters.
Цэнтар барацьбы з замежнымі інфармацыйнымі маніпуляцыямі і ўмяшаньнем адкрылі на яго базе летась, пры адміністрацыі прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна. Было заяўлена, што мэта гэтай структуры — супрацьстаяць замежным кампаніям дэзынфармацыі.
Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі раней ня раз крытыкавалі дзейнасьць цэнтру, сцвярджаючы, што ён пад выглядам барацьбы з замежным інфармацыйным умяшаньнем душыць галасы кансэрватыўных камэнтатараў і фактычна займаецца палітычнай цэнзурай. Рэзка крытыкаваў яго і ўладальнік сацыяльнай сеткі X Ілан Маск.
У той жа час прыхільнікі дзейнасьці цэнтру — дэмакраты і шэраг рэспубліканцаў — заяўлялі, што ён адыгрывае важную ролю ў барацьбе з кампаніямі дэзынфармацыі, якія вядуць Расея і Кітай.
Форум