Сяргей Нарышкін, у прыватнасьці, заявіў, што ў выпадку магчымай агрэсіі NATO супраць Беларусі і Расеі першымі пацерпяць Польшча і краіны Балтыі.
Паводле яго сьцьвярджэньня, Польшча і краіны Балтыі нібыта «адрозьніваюцца высокай агрэсіўнасьцю, ва ўсякім разе на словах, увесь час бразгаюць зброяй».
Гэтыя пагрозы, паводле інфармацыі польскага агенцтва PAP, Анджэй Дуда пракамэнтаваў на прэс-канфэрэнцыі ў Заграбе пасmля сустрэчы з прэзыдэнтам Харватыі Зоранам Міланавічам.
«Гэта кажа Расея, якая перакідвае сваю ядзерную зброю ў Беларусь, нахабна набліжаючы яе да межаў NATO і Эўразьвязу. Расея, якая паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да NATO і рэалізуе свой жорсткі і крыважэрны імпэрыялізм, нападаючы на Ўкраіну ўжо трэці год», — сказаў Дуда.
Ён падкрэсьліў, што NATO — выключна абарончы альянс.
«Усё, што робіць NATO, — гэта адказ на расейскую агрэсію. NATO ніколі ні на каго не нападала і не нападае; гэта альянс, які толькі забясьпечвае бясьпеку», — заявіў прэзыдэнт Польшчы.
Дуда заклікаў да спакою і разважлівасьці, працягу цяперашняга палітычнага курсу, заснаванага на ўмацаваньні бясьпекі і ўстойлівасьці.
«Умацаваньне эўраатлянтычных сувязей, мадэрнізацыя нашых армій з тым, каб патэнцыял стрымліваньня быў рэальным у нашых краінах, — гэта адзіная эфэктыўная палітыка, якую трэба прадаўжаць рэалізоўваць спакойна і пасьлядоўна», — сказаў ён.
Нарышкін на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што ў «Польшчы і Прыбалтыцы павінны зразумець, што яны пацярпяць першымі ў выпадку агрэсіі NATO супраць Саюзнай дзяржавы».
Нарышкін пры гэтым сказаў, што нібыта «Польшча і прыбалтыйскія рэспублікі адрозьніваюцца асаблівай агрэсіўнасьцю, ва ўсякім разе на словах, увесь час бразгаюць зброяй. Польшча дайшла да таго, што заяўляе аб сваіх плянах уздоўж межаў Беларусі і Калінінградзкай вобласьці ўстанавіць каля двух мільёнаў супрацьтанкавых мін, хацела б атрымаць яшчэ амэрыканскую ядзерную зброю».
Ён сказаў, што ў гэтых краінах ня могуць зразумець, што менавіта нарошчваньне ваеннай актыўнасьці каля межаў Расеі і Беларусі «стала адным з фактараў і прычын цяперашняга вялікага, вельмі небясьпечнага крызісу на эўрапейскім кантынэнце».
Раней у красавіку міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што адказ NATO на вучэньні «Захад-2025» у Беларусі будзе залежаць ад колькасьці задзейнічаных расейскіх і беларускіх сіл і сродкаў.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка казаў аб сумесных расейска-беларускіх вучэньнях, заплянаваных на верасень 2025 года. «Я падпісаў дырэктыву наконт гэтых вучэньняў, таму што мне трэба іх тут арганізаваць і гэтак далей, палігоны вызначаны», — заявіў Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Мір», апублікаваным 10 красавіка.
У лютым 2022 года адбылося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пасьля завяршэньня сумесных ваенных вучэньняў дзьвюх краін у Беларусі. Расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Сяргей Нарышкін — дырэктар замежнай выведкі Расеі, адказны за разьвязваньне вайны Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае Аляксандар Лукашэнка.
Большую частку сваёй кар’еры Сяргей Нарышкін правёў побач з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Нарышкін заставаўся ценем Пуціна ў Санкт-Пецярбургу ў 1990-х гадах, затым быў у канцылярыі прэзыдэнта ў 2004 годзе і сьпікерам парлямэнту Расеі. Узначальвае Расейскае гістарычнае таварыства.
Нарышкін за сваю ролю ў вайне трапіў пад санкцыі Эўразьвязу, ЗША, іншых заходніх краін, а таксама Японіі, Новай Зэляндыі.