Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шэрагу абласьцей Беларусі днямі могуць гучаць сырэны, жыхароў прасілі не палохацца


У Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях анансавалі «плянавыя тэхнічныя праверкі сыстэмы апавяшчэньня насельніцтва», падчас якіх могуць гучаць сырэны.

У Менскай вобласьці праверка сыстэмы апавяшчэньня пройдзе 16 красавіка з 9.00 да 13.00,паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях Беларусі.

У Магілёве праверкі будуць праходзіць з 15 па 17 красавіка, паведамілі ў мясцовым гарвыканкаме. У гэты час у Магілёве будуць праводзіць вучэньні па грамадзянскай абароне, таму тры дні запар трэба быць гатовымі да сырэн і паведамленьняў ад МНС.

У Гомельскай вобласьці сырэны завыюць 17 красавіка. «Гэта штомесячная тэхнічная праверка электрасырэннага абсталяваньня», — патлумачыліў прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму.

Ва ўсіх трох выпадках беларусаў у выпадку гучаньня сырэн просяць захоўваць спакой і зазначаюць, што ніякіх дзеяньняў не патрабуецца.

8 красавіка сырэны гучалі на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці. Плянавыя тэхнічная праверкі сыстэмы апавяшчэньня насельніцтва на Берасьцейшчыне, згодна з паведамленьнямі МНС, таксама праводзілі 27 сакавіка, 11 сакавіка, 25 лютага і 11 лютага.

20 сакавіка і 30 студзеня аналягічныя праверкі праводзілі ў Гомельскай вобласьці.

13 сакавіка праверкі сыстэмы апавяшчэньня анансавалі па ўсёй рэспубліцы. У эфіры FM-радыёстанцый трансьлявалі паведамленьне: «Увага! Праводзіцца тэхнічная праверка сыстэмы апавяшчэньня. Тэхнічная праверка завершаная».

Пра прычыны такіх частых праверак сыстэм апавяшчэньня ўлады не паведамляюць. Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што за выключэньнем Магілёўскай вобласьці гэта адбывалася ў абласьцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна залятаюць бесьпілётнікі, імаверна, расейскія. У Беларусі зафіксавалі некалькі выпадкаў падзеньня дронаў на будынкі, аднак інфармацыі пра тое, што пры залёце на тэрыторыю Беларусі дронаў уключаюць сыстэмы апавяшчэньня, няма.

4 кастрычніка 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок іх зьбівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расейскія. Сёлета 13 красавіка камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сілаў Андрэй Лук’яновіч заявіў, што з пачатку 2025 году ў Беларусі зафіксавалі 128 парушэньняў паветранай прасторы і зьнішчылі 18 бесьпілётнікаў самалётнага тыпу.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сыстэмы апавяшчэньня сыстэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюць рэпрадуктары на вуліцах, празь якія гучаць паведамленьні і сырэны.

  • Аўтаматызаваная сыстэма цэнтралізаванага апавяшчэньня прызначаная для інфармаваньня жыхароў, органаў улады, а таксама структураў сыстэмы цывільнай абароны, папярэджаньня і ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, пра пагрозу або ўзьнікненьне надзвычайных сытуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару, пра хаду іх ліквідацыі, правілы паводзінаў насельніцтва ў гэтых умовах. Звычайна сыстэма запускае перадачу сыгналу «Ўвага ўсім!» з дапамогай электрасырэнаў і дынамікаў, а таксама паведамляе пра надзвычайную сытуацыю праз тэле- і радыёканалы, рассылае кароткія паведамленьні абанэнтам мабільнай сувязі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG