Паводле дырэктаркі «Нашай Нівы» Настасьсі Роўды, празь пералічэньне 1,2% ад падатку за 2024 год газэта сабрала больш за 15 тысяч эўра.
«Фантастыка! Беларусы ў Літве пералічылі на „Нашу Ніву“ з сваіх падаткаў больш за 15 000 эўра! Дзякуй вам вялізны! Гэта сапраўды натхняе. Гэта пра салідарнасьць, якая нічога не каштуе, апроч як наяўнасьці імкненьня, жаданьня падтрымаць беларускую справу», — напісала Настасься Роўда ў фэйсбуку.
Значнай дапамогай ад беларусаў можа пахваліцца і Беларускі дом у Вільні, дзе рэгулярна праходзяць беларускія імпрэзы, курсы беларускае і літоўскае моваў, месьцяцца Музэй імя Луцкевіча і беларуская бібліятэка, а ў гэты час у ім дзейнічае дзіцячы летнік. Празь пералічэньне 1,2% свайго штогадовага падаходнага падатку 116 чалавек сёлета падтрымалі Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні на суму 9983 эўра.
«Бясплатная беларуская мова і гісторыя для дзяцей, літаратурныя навінкі ў бібліятэцы, пакрытыя рахункі на ацяпленьне, архіўныя тэчкі для захоўваньня беларускай спадчыны на належным узроўні і непахісная вера ў беларускую салідарнасьць. Дзякуй кожнаму і кожнай!», — пішуць удзячныя актывісты Беларускага дому.
Паводле адкрытай справаздачы Дзяржаўнай падатковай інспэкцыі Літвы, прынамсі 9 беларускіх грамадзкіх арганізацыяў скарыстаюцца сёлета дапамогай празь пералічэньне ім 1,2% падатку. Сумы, якія, паводле справаздачы, людзі ахвяравалі беларускім арганізацыям, розныя — ад 65 эўра да амаль 10 тысяч эўра. Сярод іх ёсьць тэатар у выгнаньні, праваабарончая арганізацыя, моладзевае аб’яднаньне, клюб, беларуская суполка ў літоўскім горадзе.
Пры гэтым некаторыя беларускія арганізацыі просяць не абнародаваць зьвестак пра іх з прычын бясьпекі.
«Мы ня хочам публічна агалошваць назву нашай юрыдычнай асобы, бо гэта можа паставіць многіх людзей пад пагрозу», — патлумачыў Свабодзе кіраўнік адной зь беларускіх грамадзкіх арганізацый, якая апынулася ў выгнаньні.
Некаторыя грамадзкія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць беларусаў у Літве, яшчэ ня маюць зьвестак, колькі грошай атрымаюць празь пералічэньне ім 1,2% падатку.
«Нам гэтыя грошы звычайна прыходзяць у жніўні, калі іх пералічыць падатковая інспэкцыя Вільні. Летась гэтак сабралі каля 13 тысяч эўра, тыя грошы дапамаглі пакрыць камунальныя пазыкі. А колькі грошай атрымаем сёлета, яшчэ ня ведаем», — сказала Свабодзе кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Дапамога» Натальля Калегава.
Паводле літоўскіх законаў, сумай у 1,2% ад падаходнага падатку падатковы рэзыдэнт Літвы можа распарадзіцца самастойна, накіраваўшы гэтыя грошы на мэдыя, грамадзкія ці палітычныя арганізацыі.
Робіцца гэта пры падачы гадавой падатковай дэклярацыі.
Форум