Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў таму пад Смаленскам разьбіўся самалёт прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага


Партрэт Леха Качыньскага на акцыі памяці ў Варшаве, 2016 год
Партрэт Леха Качыньскага на акцыі памяці ў Варшаве, 2016 год

Самалёт Ту-154 разьбіўся 10 красавіка 2010 году на лётнішчы ў расейскім Смаленску. Загінулі 88 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка Марыя, кіраўнік яго канцылярыі, старшыня Нацыянальнага банку, кіраўнікі войска, чальцы Сэйму і Сэнату Польшчы. Ніхто ня выжыў.

Польская дэлегацыя мела ўзяць удзел у жалобных урачыстасьцях, прысьвечаных 70-й гадавіне расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні.​

Прычыны трагедыі дагэтуль ня вызначаныя дакладна. Расьсьледаваньне, праведзенае ў Польшчы, паказала, што сутыкненьню зь зямлёй папярэднічалі выбухі на борце. Высоўвалася вэрсія, што самалёт мог разьбіцца ў выніку тэракту. ПАРЭ патрабавала ад Расеі вярнуць абломкі самалёта Качыньскага.

Вянкі, ускладзеныя актывістамі, адзін у памяць ахвяраў Смаленскай катастрофы і адзін у памяць ахвяраў кліматычных зьменаў, на бруку з чырвонымі плямамі, якія імітуюць кроў каля помніка ахвярам Смаленскай трагедыі 2010-га ў Варшаве, 9 красавіка 2025 году
Вянкі, ускладзеныя актывістамі, адзін у памяць ахвяраў Смаленскай катастрофы і адзін у памяць ахвяраў кліматычных зьменаў, на бруку з чырвонымі плямамі, якія імітуюць кроў каля помніка ахвярам Смаленскай трагедыі 2010-га ў Варшаве, 9 красавіка 2025 году

Да 15-й гадавіны трагедыі на могілках Павонзкі ў Варшаве каля магілаў ахвяраў катастрофы з раніцы 10 красавіка 2025 году зьбіраюцца прадстаўнікі сем’яў ахвяраў, кіраўнікі і дэпутаты Сэйму, Сэнату, прадстаўнікі ўраду Польшчы.

У Кракаве ўскладуць вянкі да саркафага прэзыдэнцкай пары Марыі і Леха Качыньскіх у крыпце Вавэльскага замку.

Увечары ў Варшаве пройдзе імша за ахвяраў катастрофы з удзелам прэзыдэнта Анджэя Дуды, пасьля якой пачнецца Марш памяці, арганізаваны партыяй «Права і справядлівасьць», на мітынгу мае выступіць брат загінулага прэзыдэнта, лідэр партыі ПіС Яраслаў Качыньскі, паведаміла агенцтва PAP.

Лех і Марыя Качыньскія пахаваныя ў сьвятым для палякаў месцы — у саборы на кракаўскім Вавэлі, дзе спачываюць парэшткі польскіх каралёў, Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касьцюшкі, Юзафа Пілсудзкага. Помнік ахвярам паставілі ў Варшаве.


Міністэрства абароны Польшчы ў сьнежні 2023 году абвясьціла, што распускае камісію для расьсьледаваньня аварыі самалёта Ту-154 пад Смаленскам, у выніку якой загінуў прэзыдэнт краіны Лех Качыньскі і яшчэ некалькі дзясяткаў польскіх урадоўцаў і палітыкаў.

У 2018 годзе міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч абвясьціў, што камісія прыняла рашэньне ануляваць першую справаздачу аб прычынах трагедыі. Прадстаўнікі камісіі сьцьвярджалі, што знайшлі на крыле самалёта сьляды выбуху, а сам Мацярэвіч казаў, што прычынай крушэньня мог стаць тэрарыстычны акт.

У красавіку 2022 году камісія падала справаздачу, у якой гаварылася, што прычынай катастрофы сталі выбухі ў левым крыле і ў сярэдзіне самалёта.

Польшча і раней выказвала вэрсію аб выбуху на борце Ту-154М, аднак Сьледчы камітэт Расеі палічыў яе неабгрунтаванай.

Расейскія ўлады называлі прычынай крушэньня памылку пілёта.

Паводле вынікаў апытаньняў каля паловы палякаў лічаць, што прычынай катастрофы быў няшчасны выпадак, прыкладна 15 адсоткаў вераць у тэракт, а амаль кожнаму трэцяму жыхару краіны цяжка адказаць, якая з гэтых вэрсіяў адпавядае рэчаіснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG