Чарговую справаздачу аб глябальнай практыцы стасаваньня сьмяротнай кары 8 красавіка апублікавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
Праваабаронцы змаглі пацьвердзіць вынясеньне сьмяротных прысудаў у Эгіпце (365), Іраку (200+), Нігерыі (186+), Банглядэш (165+), Емэне (152+), Віетнаме (150+), Індыі (139), іншых краінах.
У сьпіс трапіла і Беларусь, у якой летась зафіксавалі адзін сьмяротны вырак.
Ува ўсім сьвеце праваабаронцы налічылі сама меней 2075 вынесеных сьмяротных прысудаў і ня менш за 1508 пакараньняў сьмерцю.
Amnesty International нагадала, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе стасуецца сьмяротная кара. Зафіксаваны летась прысуд — для нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, «асуджанага за „акт тэрарызму“ паводле некалькіх крымінальных артыкулаў у рамках працэсу, які праходзіў у закрытым рэжыме».
Крыгер быў памілаваны і перададзены Нямеччыне ў рамках шырокага абмену зьняволенымі паміж Расеяй, Беларусьсю і краінамі Захаду.
«Празь дзяржаўную сакрэтнасьць вакол ужываньня сьмяротнага пакараньня Amnesty International не ўдалося пацьвердзіць, колькі людзей застаюцца пад сьмяротным прысудам у Беларусі, — адзначылі праваабаронцы. — Аднак вядома, што беларускі грамадзянін, асуджаны на сьмерць 19 кастрычніка 2023 году, падаў апэляцыю на свой прысуд у Вярхоўны суд».
«Лічыцца, што ён заставаўся пад сьмяротным выракам у канцы 2024 году, бо не было даступнай інфармацыі, якая зьняпраўджвае гэта, і не было інфармацыі аб яго магчымым пакараньні. На гэтым фоне Amnesty International лічыць, што на канец 2024 году як мінімум адзін чалавек заставаўся пад пакараньнем сьмерцю ў Беларусі», — гаворыцца ў дакладзе.
Маецца на ўвазе прызнаны вінаватым у забойстве малалетняга сына Аляксандар Таратута.
Форум