Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве разглядаюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Даклад афіцыйнага Менску супярэчыць інфармацыі ААН


Рада ААН па правах чалавека, архіўнае фота
Рада ААН па правах чалавека, архіўнае фота

На паседжаньні працоўнай групы Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду Рады правоў чалавека ААН выступіў прадстаўнік ураду Беларусі.

«Беларусь стабільна ўваходзіць у лік краін зь вельмі высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Ігар Сякрэта, выступаючы на паседжаньні. Разгляд беларускага пытаньня пачаўся у Жэнэве 3 лістапада.

Беларусь чацьвёрты раз з 2010 году дае справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА). Паводле Ігара Сякрэты, сытуацыя ў Беларусі паляпшаецца, краіна займае 32-е месца сярод 167 дзяржаваў сьвету па ўзроўні прагрэсу ў дасягненьні мэтаў устойлівага развіцьця.

Што ў афіцыйным дакладзе

У нацыянальным дакладзе, прэзэнтаваным у Радзе правоў чалавека ААН, сьцьвярджаецца, што:

  • у Беларусі забясьпечаныя асноўныя палітычныя правы грамадзянаў, у тым ліку права на выбар улады. Гэтак, паводле ўрадавага дакладу, «выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2025 годзе прайшлі на альтэрнатыўнай аснове ў поўнай адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі ва ўмовах шырокага замежнага назіраньня — 486 чалавек з 52 краін. Назіральнікамі выбары былі аднагалосна прызнаныя свабоднымі, справядлівымі, законнымі і дэмакратычнымі»;
  • што беларусы не абмежаваныя ў праве на удзел у грамадзкіх арганізацыях. «На 1 ліпеня 2025 г. у краіне зарэгістравана 1360 грамадзкіх аб’яднаньняў, 19 прафсаюзаў. Зарэгістравана, пастаўлена на ўлік 47615 арганізацыйных структураў грамадзкіх аб’яднаньняў і 27819 арганізацыйных структураў прафсаюзаў. На працягу 2025 году зарэгістравана, пастаўлена на ўлік 559 арганізацыйных структураў грамадзкіх аб’яднаньняў і 334 арганізацыйныя структуры прафсаюзаў», — сьцьвярджаецца ў афіцыйным дакладзе;
  • што ў Беларусі максымальна забясьпечана права на працу, пра што сьведчыць адсотак беспрацоўных, найніжэйшы з 2012 году. «У выніку прыманых захадаў узровень беспрацоўя сярод грамадзян працаздольнага ўзросту паводле мэтадалёгіі Міжнароднай арганізацыі працы ў 2024 годзе склаў 3,1% і быў адным з найніжэйшых з пачатку назіраньня»;
  • што дзяржава працягвае траціць шмат грошай на падтрымку сем’яў: «У 2025 годзе на сістэму дзяржаўных дапамогаў вылучана 3,7 мільярда рублёў, зь іх амаль 2 мільярды — на выплату дапамог у доглядзе дзіцяці да 3 гадоў. Выплатамі ахоплена кожнае пятае дзіця ў краіне, зь іх дзеці да 3 гадоў — 100%» — паведамляе афіцыйны Менск;

— што маладым сем’ям дзяржава дапамагае будаваць жыльлё. «У рамках аказаньня дзяржаўнай дапамогі ў галіне жыльлёва-крэдытных адносінаў у 2024 годзе 5,6 тыс. маладых сем’яў і 7,8 тыс. шматдзетных сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы».

Нацыянальны даклад, які прэзэнтавала Беларусь на сэсіі УПА, складаецца зь некалькіх разьдзелаў на 26 старонках.

Чаго няма ў дакладзе

Напярэдадні разгляду афіцыйнага беларускага нацыянальнага дакладу ў Жэнэве управа Высокага камісара ААН у правах чалавека (УВКПЧ) апублікавала ўласную падборку іфармацыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэтая падборка падрыхтаваная на падставе справаздачаў незалежных экспэртаў і экспэртных групаў, якія вывучалі зьвесткі незалежных крыніц з Беларусі. Яны значна разыходзяцца ў высновах з нацыянальным дакладам.

Гвалт супрацоўнікаў сілаў бясьпекі

Паводле інфармацыі ўправы Высокага камісара ААН, перад слуханьнямі былі вывучаны сьведчаньні, сабраныя з 1 траўня 2020 году па 31 сьнежня 2023 году.

«Ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ў гэты пэрыяд супрацоўнікі сілаў бясьпекі Беларусі ўчынялі згвалтаваньні й іншыя формы сэксуальнага і гендэрнага гвалту, уключна з сэксуалізаваным катаваньнем і прымушэньнем разьдзявацца дагала», — мяркуюць ва ўправе Высокага камісара ААН у правах чалавека.

Такія дзеяньні, паводле інфармацыі Высокага камісара, рабіліся ў адносінах да мужчын, хлопчыкаў, жанчын і небінарных асобаў «у міліцэйскіх аўтамабілях, аддзяленьнях міліцыі і месцах утрыманьня пад вартай».

Больш за 32% з усіх 657 апытаных паведамілі, што сталі ахвярамі гендэрнага гвалту, у тым ліку сэксуальнага, даводзяць ва ўправе. Паводле інфармацыі управы Вярхоўнага камісара, найбольш распаўсюджанымі формамі сэксуальнага і гендэрнага гвалту ў Беларусі былі беспадстаўныя ператрусы з разьдзяваньнем, а таксама пагрозы згвалтаваньня, якія былі шырока распаўсюджаны і зыходзілі ад прадстаўнікоў улады.

Сьмерці падчас затрыманьняў і ў вязьніцах

Управа Высокага камісара ААН у правах чалавека таксама сабрала дадатковыя сьведчаньні аб трох выпадках сьмерці беларусаў у вязьніцах. Высновы, якія зрабілі экспэрты ААН, дагэтуль не зьняпраўдзіў афіцыйны Менск.

«Сьмерці, як мяркуецца, былі вынікам неапраўданага ці неадпаведнага ўжываньня сілы падчас пратэстаў у 2020 годзе або падчас утрыманьня пад вартай. УВКПЧ мае дастатковыя падставы меркаваць, што адна сьмерць наступіла ня ў выніку самагубства, як сьцьвярджалі ўлады Беларусі, а дзьве іншыя сьмерці наступілі з прычыны мэдычнай халатнасьці ў месцах пазбаўленьня волі. УВКПЧ знайшла дастаткова падставаў меркаваць, што гэтыя тры сьмерці могуць быць прыроўненыя да парушэньня права на жыцьцё».

Інфармацыя ўправы Высокага камісара ААН у правах чалавека выкладзеная на 14 старонках.

На чацьвёрты цыкл разгляду сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, які пачаўся ў Жэнэве, пададзены даклад праваабарончых ды іншых недзяржаўных арганізацыяў.

У працоўную групу Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду уваходзяць прадстаўнікі 47 краін сьвету, але на разглядзе пытаньня могуць прысутнічаць прадстаўнікі іншых краін ААН. Беларусь апынулася сярод 14 краін, сытуацыя з правамі чалавека ў якіх разглядаецца на цяперашняй сэсіі УПА.

Шэраг краінаў скрытыкавалі палітыку ўладаў Беларусі што да правоў чалавека

Занепакоенасьць пагаршэньнем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў Беларусі было выказана сёньня ў выступах шэрагу дэлегацый у Жэнэве (Швэйцарыя) падчас слуханьняў чацьвёртага цыклю Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА) у межах Рады Савета ААН у правах чалавека.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Шэраг выступоўцаў запатрабаваў вызваліць палітвязьняў і ажыцьцявіць іх поўную рэабілітацыю, забясьпечыць перагляд «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, спыніць перасьлед грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, правесьці свабодныя выбары, забясьпечыць свабоду СМІ і грамадзкіх арганізацый, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

У прыватнасьці, такія тэзісы гучалі ў выступах дэлегацыяў большасьці краінаў Эўразьвязу (прадстаўнікі Баўгарыі, Вугоршчыны і Славаччыны ў дэбатах не ўдзельнічалі), Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Ісьляндыі, Канады, Нарвэгіі, Новай Зэляндыі, Украіны, Эквадору.

Дэлегацыі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін запатрабавалі таксама спыненьня міграцыйнага крызісу.

Усяго ў дэбатах узялі ўдзел больш за 100 дэлегацыяў, некаторыя адзначалі пэўны прагрэс, дасягнуты, на іх думку, Беларусьсю, за мінулыя пяць гадоў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG